Зробім наш Кіраўск квітнеючым!

З самага ранку ў мінулую суботу бадзёрым гулам тэхнікі і людскім шматгалоссем напоўнілася вуліца Арлоўскага на ўчастку ад магазіна “Белая Русь” да будынка Мышкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў: тут наладзілі суботнік работнікі ўсіх аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама на чале з кіраўніцтвам раёна, паклаўшы пачатак новаму этапу азелянення і добраўпарадкавання райцэнтра.
Відавочна, што патрэба ў гэтым наспела і, улічваючы гэта, з ініцыятывай аб правядзенні такіх работ выступіў прэзідыум раённага Савета дэпутатаў пры актыўнай падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і ўсіх арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў райцэнтра.
Вызначаны асноўныя віды работ, аб’екты добраўпарадкавання, якія размеркаваны паміж арганізацыямі і ўстановамі, і да рэалізацыі намечанага многія ўжо прыступілі. На цэнтральных вуліцах горада будуць разбівацца кветнікі, высякацца непатрэбная расліннасць і кустоўе, прыводзіцца ў парадак платы, праводзіцца іншыя маштабныя работы, у якіх кожны можа прыняць удзел.
А ў суботу работнікі райвыканкама пры актыўным удзеле кіраўніка раённай вертыкалі ўлады У.У.Піскіжава, старшыні раённага Савета дэпутатаў Н.А.Каранкевіч дружна шчыравалі, разбіваючы ўздоўж тратуарнай дарожкі па вуліцы Арлоўскага да гімназіі кветнік, высякаючы хмызняк і пасохлыя дрэвы, разбіраючы стары плот, уладкоўваючы пляцоўку перад кафэ “Альянс”. Разам плённа папрацавалі, разам з задавальненнем парадаваліся вынікам зробленага.
Думаецца, у справу азелянення і ўпрыгожвання роднага горада свой уклад унясе кожны кіраўчанін. Мы ўсе любім наш родны край і, безумоўна, усе жадаем, каб ён быў квітнеючым. Дзеля нас саміх, нашых дзяцей і нашчадкаў!
Многае ля сваіх домаўладанняў і на прылягаючай тэрыторыі зрабіць па сілах самім жыхарам: навесці парадак, высекчы хмызняк, разбіць кветнікі і клумбы, — а падчас суботнікаў разам з іншымі выканаць аб’ёмныя работы на грамадсказначных аб’ектах. Некалькі гадзін плённай працы на свежым паветры не стомяць, а вось карысць будзе адчувальнай!
Р.S. Рэдакцыя мае намер і надалей знаёміць сваіх чытачоў з ходам работ па добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў раёна, указваючы як адрасы станоўчых прыкладаў у навядзенні санітарнага парадку і азелянення, так і безгаспадарчасці і неахайнасці.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.