Асноўны крытэрый — сацыяльная паспяховасць кожнага вучня

У канцы жніўня ў Мінску адбылася нарада педагагічнага актыву рэспублікі. Удзел у ёй у саставе дэлегацыі нашага раёна прымала дырэктар гімназіі г.Кіраўска Л.П.Ісакава. Мы папрасілі Людмілу Пятроўну падзяліцца з чытачамі “раёнкі” сваімі ўражаннямі аб прайшоўшым форуме, расказаць аб тых задачах, якія былі пастаўлены перад настаўніцкім корпусам краіны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам:
— Найперш адзначу, што і сам форум, і тыя, лічу, важнейшыя, вызначальныя для далейшага развіцця ўсёй сістэмы адукацыі краіны пытанні, якія на ім ўзнімаліся і абмяркоўваліся, зрабілі на мяне вялікае ўражанне. Пранікнёным, грунтоўным было выступленне Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі, іншых прамоўцаў. Наогул, на нарадзе вялася шчырая і адкрытая размова аб здабытках і праблемах адукацыі, узнімаліся самыя складаныя і разнапланавыя пытанні, і на іх з боку кіраўніцтва краіны даваліся грунтоўныя, аб’ектыўныя адказы.
У якасці асноўных мэт далейшага развіцця сістэмы адукацыі рэспублікі былі вызначаны: павышэнне якасці адукацыі, аднаўленне яе зместу на падставе сучасных навуковых ведаў, рост эфектыўнасці работы навучальных устаноў і кожнага педагога.
Шчыра скажу, вельмі натхнілі словы Прэзідэнта, што ліміт рэформ у сістэме адукацыі Беларусі вычарпаны, і ніякіх рэзкіх узрушанняў і ломак больш не будзе.
На нарадзе вялася гаворка аб неабходнасці надання ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце асаблівай увагі. Як адзначыў Прэзідэнт, самае галоўнае — закласці ў падрастаючае пакаленне цвёрды ідэйны і маральны стрыжань, які дазволіць супрацьстаяць усялякім палітычным інтрыгам і правакацыям. Сёлетнія вясна і лета паставілі свет перад фактам новай пагрозы — смяротных атак экстрэмістаў з ліку моладзі. Закранула гэтая праблема і нашу Беларусь, сведчаннем чаму — тэракт у мінскім метро. Таму мы, педагогі, павінны больш увагі надаваць фарміраванню інфармацыйнай і палітычнай культуры нашых вучняў, выпрацоўваць у іх здольнасць супрацьстаяць рознага роду спакусам, прыёмам псіхалагічнага маніпуліравання, навучыць бачыць за прыгожымі выразамі імкненне навязаць ім чужы пункт гледжання.
Галоўнай састаўной часткай гэтай работы павінна стаць патрыятычнае выхаванне. Прэзідэнт так і падкрэсліў: патрыятычнае, а не нацыяналістычнае. Моладзь неабходна вучыць ганарыцца слаўным мінулым і сённяшнім днём сваёй Айчыны. “Не варта забываць аб тым, што сапраўднае нацыянальнае багацце — гэта не толькі сядзібы і палацы шляхты, але і ў першую чаргу — унікальныя промыслы, народная творчасць і дасягненні беларускай і савецкай культуры,” — адзначыў Прэзідэнт. А менавіта ім, лічыць ён, і не надаецца належнай увагі. 
Па меркаванні Кіраўніка дзяржавы, асаблівай увагі з боку педагогаў і бацькоў патрабуюць пытанні зносін моладзі ў інтэрнэце і, у першую чаргу, у сацыяльных сетках, бо ў руках злачынцаў яны здольныя стаць небяспечнай зброяй. Але ж ніхто, і на гэта была звернута ўвага, не збіраецца нічога забараняць, перакрываць і адключаць. Проста доступ да інтэрнэт-рэсурсаў ва ўстановах адукацыі павінен быць узяты пад кантроль.
Сучасная беларуская адукацыйная сістэма павінна рыхтаваць маладое пакаленне да жыцця і ўсвядомленага выбару прафесіі, навучыць працаваць і быць адказнымі перад сям’ёй і грамадствам. “Асноўным крытэрыем эфектыўнасці работы школы павінна стаць сацыяльная паспяховасць кожнага выпускніка”,— адзначыў А.Р.Лукашэнка.
Было закранута пытанне нагрузкі настаўнікаў. Як падкрэсліў Кіраўнік краіны, трэба неадкладна выключыць неапраўданае павелічэнне нагрузкі на выкладчыкаў, звязанай з так званай паператворчасцю. Не варта прымушаць педагога пісаць і планы ўрокаў, калі ён працуе не першы год і здольны на належным узроўні правесці ўрок.
Яшчэ адным важнейшым пытаннем, на якое была сканцэнтравана увага прысутных, — выхаванне дзяцей і павышэнне адказнасці сям’і за гэта. Прагучала прапанова на заканадаўчым узроўні вызначыць меры адказнасці бацькоў за неналежнае выхаванне дзяцей аж да адміністрацыйнага пакарання.
Не быў абыдзены ўвагай і такі важны аспект нашай дзейнасці, як павышэнне прэстыжнасці работы педагогаў. “Шукайце прэстыж, перш за ўсё, у сваім розуме і ў сваёй рабоце, — адзначыў Кіраўнік краіны. — Усё астатняе рана ці позна прыкладзецца!”
Так, у эфектыўнасці педагагічнай работы немалаважную ролю адыгрывае асабісты прыклад і перакананасць настаўніка, бо, як справядліва адзначыў хтосьці з вялікіх, “мы павінны самі верыць таму, чаму вучым нашых дзяцей”.
Беларусь — моцная краіна. І яна стала такой, перш за ўсё, дзякуючы ведам, таленту і інтэлекту свайго народа. Таму педагогі нязменна будуць карыстацца асаблівай павагай і ўвагай, заключыў Прэзідэнт. І гэтая ацэнка, безумоўна, дае нам, настаўнікам, натхненне і імкненне працаваць яшчэ больш творча, плённа і рэзультатыўна.
Запісала
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.