Берагчы і прымнажаць прыроднае багацце

…Лес з першых крокаў сустракае сваіх гасцей прыемнай прахалодай, кружачымі галаву водарамі зеляніны, свежага паветра і цішынёй, якая сваёй строгасцю і павольнасцю адцягвае думкі ад штодзённых клопатаў і напаўняе душу спакоем…
Валодаючы вялізнымі багаццямі, лес шчодра дазваляе чалавеку карыстацца імі, патрабуючы ўзамен клопату і беражлівага стаўлення. Зберагаць, прымнажаць і рацыянальна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы нас вучаць з дзяцінства. У далейшым для некаторых гэтыя ўстаноўкі становяцца непасрэднымі працоўнымі задачамі, нормай жыцця: у надыходзячую вераснёўскую нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі лесу — людзі, для якіх лес стаў не проста месцам для адпачынку і прагулак, як для большасці з нас, а сапраўдным другім домам.
На здымку: у нядзелю будзе прымаць віншаванні з прафесійным святам і брыгада леснікоў Гарадзецкага лясніцтва: Віктар Казека (першы злева ў верхнім радзе), Фёдар Калінаў, Іван Еўдакімаў, Аляксандр і Сяргей Пірожнікі.

На тэрыторыі Кіраўшчыны знаходзяцца ўладанні чатырох лясніцтваў: Любоніцкага, Чыгірынскага, Грыбавецкага і Гарадзецкага, якія належаць ДЛГУ “Бабруйскі лясгас”. Адно з іх, Гарадзецкае, заснаванае ў далёкім 1936-м годзе, мы і наведалі напярэдадні свята.
Ну, вядома ж, завітаўшы ў лясніцтва, не сталі губляць часу на “кабінетныя” размовы, а адразу ж паехалі на лясныя прасторы. Брыгада леснікоў сустрэла нас усмешкамі і добразычлівымі жартамі. Відаць, добры настрой — адна з асноўных прыкмет людзей, якія працуюць на прыродзе. Мужчыны шчыравалі на так званай бураломнай дзялянцы: пры дапамозе тапароў і электрапіл ачышчалі мясцовасць ад паваленых і паламаных непагаддзю дрэў і кустоўя. Як толькі гэтую тэрыторыю прывядуць ў належны стан, на ёй будуць высаджаны маладыя дрэўцы.
— Саджанцы нам пастаўляюцца з пастаяннага базіснага пітомніка Бражскага лясніцтва, якое таксама ўваходзіць у структуру Бабруйскага лясгаса, — распавядае ляснік-вадзіцель Сяргей Пірожнік. — Калі прааналізаваць пародны састаў нашых лясоў, то перавалодваюць хвойныя дрэвы — 61,2%, крыху больш за 30% — мяккаліставыя пароды дрэў і зусім няшмат — 3,3% — цвёрдаліставыя. Сярэдні ўзрост насаджэнняў складае 45 год. 34,7% дрэў — менавіта маладнякі.
У працэсе гутаркі з брыгадай леснікоў высветлілася, што ўсе яны жыхары а/г Баравіца, у большасці — значны працоўны стаж у лясніцтве. Ёсць нават і сямейная дынастыя: Аляксандр і Сяргей Пірожнікі — родныя браты, якія на лясных прасторах шчыруюць абодва каля 20 год. Да таго ж, сын Сяргея Васільевіча — Аляксандр таксама пайшоў па слядах бацькі і дзядзькі — 4 гады працуе ў гэтым жа лясніцтве лесарубам.
З 1996 года ў справе захавання і прымнажэння лясных багаццяў Фёдар Калінаў. Крыху меншы працоўны стаж — 14 год — у яго калегі Віктара Казекі, праца якога высока ацэньваецца кіраўніцтвам лясгаса — фотапартрэт Віктара Віктаравіча занесены на мясцовую Дошку гонару. Ну, а самы “малады” па тэрміну работы — Іван Еўдакімаў, ён у брыгадзе леснікоў 6-ы год.
А наогул калектыў Гарадзецкага лясніцтва складаюць каля 30 чалавек. Яны абслугоўваюць лясны фонд у 13 тысяч гектараў, 12,1 з якіх пакрыты насаджэннямі. Драўніну з Гарадзецкага лясніцтва выкарыстоўваюць і жыхары раёна — у якасці паліва, будматэрыялаў, і праўленне лясгаса — у якасці нарыхтоўкі з яе прадукцыі, якая рэалізуецца на ўнутраны рынак краіны і на экспарт: у Расію, Германію, Літву, Латвію і іншыя краіны.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.