Далягляды льняных палеткаў

Лён — традыцыйная для нашага раёна культура, у вырошчванні якой назапашаны багаты вопыт, які ў ранейшыя гады падмацоўваўся рэкорднымі ўраджаямі, а льнаводы адзначаліся высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Але той час, калі лён быў клопатам выключна саміх гаспадарак, а льнозавод займаўся толькі яго перапрацоўкай, мінуў. Зараз завадчане самі клапоцяцца аб забеспячэнні ўласнай вытворчасці сыравінай, а таму сеюць, даглядаюць і ўбіраюць лён самастойна. Больш таго, з году ў год пасяўныя плошчы пад гэтую каштоўную тэхнічную культуру павялічваюцца. Так, сёлета было пасеяна на 150 га больш леташняга. Другі год вырошчваецца алейны лён, плошчы пад які сёлета павялічаны ўдвая.
Зараз ільнозавадчане займаюцца ўборкай трасты. — На сённяшні дзень, — расказвае дырэктар ААТ “Кіраўск-Лён” С.І.Шалаш, — траста ўзнята на 80% уборачнай плошчы. Мяркуем, што пры спрыяльным надвор’і на працягу тыдня завяршым работы на палетках. Гэта нам па сілах. Калектыў настроены па-баявому, тэхніка амаль на 100% спраўная. Зразумела, асобныя часткі і вузлы выходзяць са строю, але ўсё гэта аператыўна выпраўляецца, рамантуецца, і тэхніка зноў адпраўляецца ў поле.
Акрамя ўласнай задзейнічана 11 адзінак тэхнікі з арганізацый раёна. У цэлым жа працуем так, каб абысціся без выкарыстання дадатковых людскіх рэсурсаў збоку. Гэта эканамічна нявыгадна: вялікія страты пры вязанні снапоў, прабегу транспарту пры перавозцы і інш. Па леташнім вопыце скажу, што ўвесь аб’ём ручной уборкі за дзень раўняецца дзённай выпрацоўцы аднаго, максімум двух прэспадборшыкаў.
Радуе завадчан і сёлетняя якасць ільнотрасты. Праўда, як адзначыў кіраўнік прадпрыемства, атрымаць той ураджай, на які разлічвалі, не ўдалося. Хаця, у адрозненні ад леташняга, калі на веснавое ворыва заставалася 900 га, была дакладна вытрымана ўся тэхналогія вырошчвання культуры. Своечасова падрыхтавана глеба, унесены гліфасаты, у агратэхнічныя тэрміны праведзена сяўба. Ды і догляд за пасевамі вёўся належным чынам. Недабор тлумачыцца шэрагам прычын, у тым ліку і аб’ектыўных: спякотнае і засушлівае надвор’е не спрыяла росту раслін. Урэшце нават давялося 106 га спісаць. Праўда, прайшоўшыя пазней дажджы крыху выправілі становішча. Аднак поўнасцю кампенсаваць страты не ўдалося. Паўплывалі, прызнае дырэктар ільнозавода, і абставіны суб’ектыўнага характару. Тым не менш, вынік ёсць, і ён неблагі. Галоўнае, упэўнены на прадпрыемстве, што ўласнай сыравінай для патрэб вытворчасці яны ўжо зараз забяспечаны на ўвесь год — аж да новага ўраджаю. І леташняй сумнай практыкі, калі для таго, каб загрузіць цэх і людзей работай, давялося закупляць звыш 700 тон трасты на Мсціслаўскім і Хоцімскім ільнозаводах, не будзе дапушчана.
Як вядома, тэхналогія вырошчвання льну патрабуе ў першую чаргу якаснага падбору земляў. А паколькі ўласных пасяўных плошчаў у завода няма, то мы пацікавіліся ў кіраўніка прадпрыемства, як вырашаецца гэтае пытанне і як уплывае бальнасць глебы на якасныя паказчыкі льну:
— Пытанне падбору плошчаў пад лён узнімаецца штогод, але не заўсёды вырашаецца станоўча. Летась, напрыклад, выдзеленыя ў гаспадарках участкі не зусім адпавядалі нашым патрабаванням. Сёлета ж нам былі выдзелены 74 га ў СВК “Чырвоны баец” і 50 га — у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, чаго раней не рабілася, дадаткова — на ўрадлівых землях СВК “Добасна-агра” і РУП “Жылічы”. На гэтых плошчах і ўраджай атрымалі.
Напрыклад, на рассветаўскім участку ў Стаўпішчах траста па нумару не зусім якасная, а ўраджайнасць валакна — 10,4. Можна сказаць, базавая, і каб выйшлі на такую ўраджайнасць на круг, то было б вельмі нядрэнна.
Падобная карціна назіраецца і на пархімкавіцкім участку РУП “Жылічы” — 9,4 ураджайнасць валакна, трасты — да 30 ц/га. Ну, а параўнаць іншыя ўчасткі… Найбольш праблемная сітуацыя ў трох гаспадарках — СВК “Калгас імя Свярдлова”, “Калгас “Беларусь”, “Бераснёўскі”. Тут бал пашы не перавышае 27. Як гаворыцца, без каментарыяў…
Усяго на льнозаводзе працуе 120 чалавек, рабочых сіл дастаткова. Раней у цэху былі задзейнічаны, але не на поўную моц, дзве лініі, з 1 студзеня — адна. Зроблена гэта для таго, каб на 100% загрузіць адзін з патокаў, які больш новы. З эканамічнага пункту гледжання такое рашэнне правільнае. Зараз лінія поўнасцю загружана, забяспечваючы пропуск да 800 кг трасты ў гадзіну пры нарматыўных 650 — 670 кг. Адметна, што рабочых пры гэтым не скарацілі. Яны задзейнічаны на дапрацоўцы трасты пасля яе пярвічнага праходжання. Для гэтага выкарыстоўваюцца станкі выслабаненай лініі.
Пастаўку трасты забяспечваюць механізатары і вадзіцелі. Сярод лепшых, тых, хто адпрацаваў на прадпрыемстве не адзін год, мае значны вопыт работы і на каго раўняецца моладзь, механізатары Пётр Ільіч Буднікаў, Мікалай Мікалаевіч Глушакоў, Сяргей Сямёнавіч Зямцоў, Сяргей Мікалаевіч Сітцаў. Плённа працуюць таксама Аляксандр Бяляўскі, маладыя механізатары Андрэй Падаляк, Яўген Лютарэвіч, Яўген Малахоўскі, Фёдар Костка.
Зараз, у сезон, дапамагаюць ва ўборцы льну студэнт-практыкант, які прыбыў з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, тры майстры з ліцэя №15: яны працуюць на абарачвальніку бельгійскай вытворчасці.
Калі з рабочымі і механізатарскімі кадрамі становішча больш стабільнае, ды і сельскагаспадарчай тэхнікай прадпрыемства забяспечана, толькі летась набыта 18 адзінак тэхнікі самаходнай і прычапной, то па спецыялістах ёсць шэраг пытанняў. Але і тут становішча паступова стабілізуецца, для гэтага кіраўніцтва прадпрыемства прадпрымае ўсе неабходныя захады.
Расказваючы аб планах на будучае, С.І.Шалаш адзначыў: — “Убіраем ураджай, думаем пра будучае. Налета плануем засеяць ільном 1250 га. Землі падабраны і, трэба сказаць, неблагія. У раёне з разуменнем паставіліся да нашых патрэб, дзякуй за гэта раённай уладзе, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў. Згодна тэхналагічных патрабаванняў увесь ільняны клін мы павінны падрыхтаваць да лістапада. І над выкананнем гэтай задачы працуем ужо зараз, паралельна з завяршэннем уборачнай, напрыклад, на 400 га ўнеслі гліфасаты.
Дзякуючы новай ільноўборачнай тэхніцы, здолелі сёлета сабраць 570 тон насення льну ў бункернай вазе. Гэта больш, чым калі. Наогул жа развіццё і ўдасканальванне тэхналогіі вырошчвання льну і яго ўборкі расцэньваю як дадатковыя сродкі для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы завода.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.