Другасная сыравіна — важны рэзерв расшырэння вытворчай сыравіннай базы

Выкарыстанне другаснай сыравіны мае важнае значэнне для расшырэння сыравіннай базы айчыннай эканомікі, павышэння ўстойлівасці матэрыяльнага забеспячэння таваравытворцаў, скарачэння страт сыравінных, матэрыяльных і паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Як правіла, другасная сыравіна значна таннейшая за пярвічныя рэсурсы. Прадукцыя, якая выпускаецца з яе выкарыстаннем, з’яўляецца больш канкурэнтаздольнай па цане, што дае шырокія магчымасці для яе збыту, у тым ліку і на экспарт.
Нарыхтоўка і здача другасных матэрыяльных рэсурсаў ажыццяўляецца арганізацыямі раёна ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Рэспубліцы Беларусь на 2009-2015 гады. А тым, як наладжана гэтая справа, якія існуюць праблемы і як яны вырашаюцца, наша размова — з начальнікам аддзела эканомікі райвыканкама В.С.Пінчук:

— У абарот другасная сыравіна ўцягваецца праз сетку нарыхтоўчых пунктаў яе збору (3 аб’екты ў г.Кіраўску, па 1 — у аграгарадках Мышкавічы, Любонічы, Жылічы), сістэму раздзельнага збору камунальных адходаў шляхам устаноўкі спецыяльных кантэйнераў УКП “Жылкамгас” і райспажыўтаварыствам.
Для арганізацыі збору другаснай сыравіны, акрамя стацыянарнай сеткі, у райспажыўтаварыстве наладжана работа двух перасовачных прыёмных пунктаў. У сельскай мясцовасці нарыхтоўкай займаюцца прадаўцы магазінаў.
На базе УКП “Жылкамгас” створана брыгада з ліку асуджаных да папраўчых работ, вызваленых з месц пазбаўлення волі і асоб, абавязаных кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей. Брыгада займаецца зборам і пярвічнай перапрацоўкай адходаў шкла, поліэтылену, гумы на міні-палігонах.
Але, як паказваюць вынікі праведзенага маніторынгу, на палігонах па-ранейшаму застаецца дастатковая колькасць несартаванай, належачай здачы другаснай сыравіны. Таму УКП “Жылкамгас” неабходна павялічыць колькасць выездаў на палігоны для збору і сартыроўкі другасных рэсурсаў, наладзіць больш жорсткі кантроль дзеля выключэння фактаў вывазу і захавання адходаў сыравіны, належачай другаснай перапрацоўцы.
Так, напрыклад, мелі месца факты вывазу картону, адходаў поліэтылену, выкарыстоўваемага для сіласных ям і нарыхтоўцы сенажу, кансервацыі кармоў для жывёлы, і інш.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай раёну на 2011 год устаноўлены наступныя заданні па збору другаснай сыравіны: макулатуры — 400 т, адходаў шкла — 190 т, палімерных адходаў — 40 т, тэкстылю — 15 т, зношаных шын — 80 т.
Стан выканання заданняў па выніках 7 месяцаў бягучага года прымушае зрабіць вывад, што суб’ектамі гаспадарання, якія ахоплены планам, праводзіцца недастатковая работа ў дадзеным напрамку, у выніку чаго раёнам у цэлым не забяспечана рэалізацыя плана па збору пэўных відаў другаснай сыравіны: адходаў шкла, тэкстыльных матэрыялаў, зношаных шын, палімерных адходаў.
Калі аддзелам адукацыі райвыканкама заданне па збору і здачы макулатуры перавыканана, то не дасягнулі вызначаных паказчыкаў райспажыўтаварыства, УКП “Жылкамгас”, кансервавы завод.
Што датычыцца нарыхтоўкі зношаных шын, асваенне даведзеных на 7 месяцаў аб’ёмаў было забяспечана толькі райспажыўтаварыствам. Не дасягнулі ўстаноўленага паказчыка УКП “Добасна-агра”, УКП “Жылкамгас”, РАПТЗ.
Па адходах шкла не асвоілі даведзеныя аб’ёмы нарыхтоўкі кансервавы завод, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
А некаторыя арганізацыі да выканання заданняў па нарыхтоўцы пэўных відаў другаснай сыравіны ўвогуле не прыступалі. Так, да 52 суб’ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці было даведзена дадатковае заданне па збору і пастаўцы макулатуры, 35 з іх гэтую справу так і не распачалі. Здачу тэкстылю не ажыццяўлялі УКП “Жылкамгас”, зношаных шын — аўтапарк №14, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Чырвоны баец”, “Калгас “Ніва”, “Бераснёўскі”, РУП “Жылічы”.
Ход рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады знаходзіцца на кантролі ў вертыкалі ўлады раёна. Нядаўна гэтае пытанне дэталёва было разгледжана на пасяджэнні райвыканкама, дзе намечаны дзейсныя напрамкі паляпшэння работы па збору і нарыхтоўцы другаснай сыравіны.
Хочацца звярнуць увагу насельніцтва раёна на неабходнасць выкідваць камунальныя адходы: шкло, ПЭТ-бутэлькі — раздзельна ў спецыяльна прызначаныя кантэйнеры. Калі ласка, разам са смеццем не выкідвайце ў кантэйнеры выкарыстаныя элементы сілкавання (батарэйкі) — гэта наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю: на 4-х аб’ектах гандлю ўстаноўлены спецыяльныя кантэйнеры па збору батарэек.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.