Каб восень жыцця была светлай…

Самае, бадай, страшнае для чалавека — застацца зусім аднаму на жыццёвым шляху. Асабліва ў сталым узросце. Каб такога не адбылося, чуласць і клопат аб пажылых людзях праяўляюць работнікі сацыяльнай абароны.
Новую сям’ю знайшлі для сябе састарэлыя людзі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, што ў вёсцы Хвайніца, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэтае аддзяленне ў народзе называюць “Домам ветэранаў”, і гэта яго сутнасць: тут пражываюць людзі, за плячыма якіх — гады ваеннага ліхалецця, горкі лёс вязняў фашысцкай няволі, добрасумленная праца на карысць Радзімы… Яны заслугоўваюць таго, каб восень іх жыцця была светлай і бесклапотнай.
Зараз у аддзяленні пражывае 19 чалавек. Тут створаны выдатныя ўмовы для іх жыцця, пачынаючы з інтэр’ераў памяшканняў і завяршаючы добразычлівай атмасферай, якую стараюцца ствараць работнікі аддзялення і ўсе, хто сюды прыязджае з самымі добрымі пачуццямі.
Расходы на аднаго пражываючага ў аддзяленні ў сярэднім за месяц складаюць 938,7 тыс. рублёў. Кожны з насельнікаў агорнуты клопатам і ўвагай, персанал сочыць, каб усе былі і смачна накормленымі, і адчувалі сябе добра, і цікава праводзілі свой час. Тут нават працуе гурток лазапляцення, кіраўніком якога з’яўляецца А.Б.Каржоў.
Вясёлым і запамінальным стараюцца зрабіць кожнае свята для тых, хто пражывае ў гэтым вялікім доме, вучні Барчыцкай школы, якія прыязджаюць з канцэртамі, цікавыя мерапрыемствы рыхтуюць работнікі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
“Тут для нас, састарэлых, створаны ўсе ўмовы для жыцця, людзі працуюць добрыя. Трэба жыць!” — адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Антонавіч Яўрасаў.
Няхай жа сталасць гэтых людзей і далей будзе сагрэта цеплынёй і пяшчотай!
Юлія КАРАНКЕВІЧ, студэнтка
МДУ імя А.Куляшова.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.