Крымінальная хроніка

У двухтыднёвы перыяд з 7 па 21 верасня бягучага года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 11 злачынстваў, 7 з якіх раскрыты. Як і раней, найбольш распаўсюджанымі застаюцца крадзяжы маёмасці грамадзян.
Усё, што трапляецца пад руку…

…крадуць злодзеі. Як гэта найчасцей бывае, аб’ектамі іх зламысных намераў становяцца рэчы, якія знаходзяцца без нагляду гаспадароў. Шмат разоў учыняліся крадзяжы з дачных пабудоў у адсутнасць іх уладальнікаў. Вось і нядаўна каля в. Гута ў дачным доме бабруйчанкі невядомы ўзламаў дзверы і ўкраў газавы балон і садовы інструмент. А ў цяпліцы ў жыхаркі в. Вілы на прысядзібным участку хтосьці паквапіўся на агародніну.
Навучэнцу ліцэя №15 дужа захацелася мець такі ж МР-3 плеер, як у яго знаёмага, таксама ліцэіста. Ну, а самы лёгкі спосаб, на яго думку, — гэта ўкрасці. Што юны злодзей і зрабіў, калі жаданая рэч без нагляду знаходзілася ў адным з пакояў інтэрната…
Не абышлося і без “славутых” крадзяжоў веласіпедаў. Так, у кіраўчанкі прапала яе двуколавая машына, якая была пакінута каля аднаго з дамоў па вул. Першамайскай райцэнтра. Прыкладны перыяд учынення крадзяжу — з 23.00 па 00.30 гадзін. Не пакідайце свае рэчы без нагляду…
Яшчэ адзін крадзеж меў “п’яны” акцэнт. Рабочы УКП “Жылкамгас” бавіў час за бутэлькай у кампаніі жыхаркі вул. Юбілейнай райцэнтра. Выбраўшы зручны момант, калі гаспадыня не праявіла пільнасць, госць украў у яе 200 тыс. рублёў, а заадно прыхапіў бутэльку гарэлкі.
Садовы дэтэктыў
Прыцягненнем да крымінальнай адказнасці адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу завяршыўся ваяж у фруктовы сад СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага жыхара Валосавіч. Неяк уранні разам са сваім аднавяскоўцам ён накіраваўся сюды на аўтамашыне. Аб мэтах наведвання ў сад, дзе паспеў багаты ўраджай яблыкаў, няцяжка здагадацца. Парушальнікаў заўважылі работнікі сада і патрабавалі пакінуць яго тэрыторыю. Адпаведнай рэакцыі не паследавала. Да візіцёраў мусілі прымяніць сілу. Надта “пакрыўджаным” гэтымі абставінамі аказаўся адзін з іх. Праз непрацяглы час ён вярнуўся і стаў пагражаць начальніку вытворчага ўчастка забойствам або нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, прычым рабіў гэта з дапамогай пнеўматычнага пісталета, патрабуючы за “маральны ўрон” 200 долараў ЗША… Умяшаліся ў садовы дэтэктыў супрацоўнікі міліцыі. Пагроза забойствам і вымагальніцтва — гэта ўжо працяглы тэрмін турэмнага зняволення. А тут высветлілася, што кіраваў аўтамашынай зламыснік у стане алкагольнага ап’янення, прычым гэта яго паўторнае парушэнне на працягу года і, адпаведна, яшчэ адна крымінальная справа…
Уладзімір СЦЯПАНЧАНКА,
начальнік штаба РАУС.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.