«Кубак Дружбы» Беларусь-2011: лавілася рыбка і вялікая, і маленькая!

У мінулыя выхадныя на маляўнічым беразе Чыгірынскага вадасховішча сабралася эліта рыбалоўнага спорту Еўропы: тут праходзілі міжнародныя спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі рыбы фідэрам “Кубак Дружбы” Беларусь-2011. У трэці раз Кіраўшчына прымала рыбаловаў-спартсменаў з Беларусі і замежжа, і ў трэці раз Чыгірынскае вадасховішча, багатае на рыбу розных відаў і памераў, шчодра прадастаўляла ім магчымасць паспрачацца за лідарства.
У суботу ў паралельным з чэмпіянатам фармаце, па склаўшайся традыцыі, прайшло адкрытае асабіста-каманднае першынство Кіраўскага раёна па лоўлі рыбы на донную вуду.

З года ў год спаборніцтвы па рыбнай лоўлі пашыраюць свае маштабы: калі ў першы год удзел прымала 12 каманд, у 2010-м — 17, то сёлета — 22. Інтарэс да “Кубка Дружбы” ўзрастае, і гэта бачна не толькі па колькасці каманд, але і па іх саставу: у сёлетніх спаборніцтвах прымалі ўдзел чэмпіёны свету па фідэрнай лоўлі рыбы расіяне Ілья Калачоў і Іван Андрыянаў, сярэбраны прызёр свету ўкраінец Яўген Будлак, пераможцы нацыянальных першынстваў.
На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў, якое праходзіла ў пятнічны вечар на базе адпачынку СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага “Дом рыбака”, старшыня БГА “Федэрацыя рыбалоўнага спорту” Яраслаў Ціхановіч адзначыў:
— На сёлетні “Кубак Дружбы” прыехалі лепшыя спартсмены-рыбаловы 5 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі і навічкі — дзве каманды з Літвы. Лічу, нашы спаборніцтвы можна называць малым чэмпіянатам Усходняй Еўропы. Пераможцамі і прызёрамі першага ў свеце чемпіянату па фідэрнай лоўлі рыбы, які прайшоў у пачатку сёлетняга верасня ў Італіі, сталі менавіта тыя каманды, якія ўдзельнічалі ў “Кубку Дружбы” ў мінулыя гады. На сённяшні дзень прысутныя тут спартсмены з Расіі і Украіны пасля паспяховага ўдзелу ў вышэйшым рыбалоўным форуме — самыя моцныя рыбаловы ў свеце. Прыемна, што ў гэтым ёсць і наша невялікая заслуга, бо “Кубак Дружбы” — гэта не толькі чэмпіянат, але і трэніроўка, і абмен вопытам.
Пасля таго, як пад матывы Дзяржаўных гімнаў у неба ўзняліся Дзяржаўныя флагі краін- удзельніц, слова трымаў старшыня арганізацыйнага камітэта спаборніцтваў, кіраўнік вертыкалі ўлады нашага раёна Уладзімір Піскіжаў:
— Калі ў першы раз прапанавалі правесці спаборніцтвы такога ўзроўню на Кіраўшчыне, я палічыў — гэта выпадковасць, у другі — супадзенне, у трэці — ужо заканамернасць, якая, упэўнены, перарасце ў добрую традыцыю. Прыемна, што маштабы мерапрыемства пашыраюцца. Чэмпіянат мае шырокі рэзананс не толькі сярод мясцовага насельніцтва, але і жыхароў усёй Магілёўшчыны, і іншых абласцей нашай краіны.
Сімвалічна, што спаборніцтвы па рыбнай лоўлі “Кубак Дружбы” выпалі якраз падчас правядзення ў нашай краіне Тыдня міру.
Пасля традыцыйнага рыбацкага пажадання: “Ні хваста, ні лускі!” спартсмены, перапоўненыя надзеямі на ўдачу і чаканнямі будучых поспехаў, накіраваліся на адпачынак, бо наперадзе ў іх былі два дні сур’ёзнай барацьбы…
Суботняя раніца пачалася з жараб’ёўкі, пасля чаго спартсмены занялі сектары для лоўлі, адведзеныя ўздоўж дамбы Чыгірынскай гідраэлектрастанцыі. Сваю рыбацкую “амуніцыю” ўдзельнікі чэмпіянату раскладвалі на працягу амаль што двух гадзін. І толькі пасля доўгай і руплівай падрыхтоўкі гучны свісток, дадзены галоўным суддзёй Андрэем Каўрыжкіным, абвясціў аб старце.
Нягледзячы на тое, што вераснёўскае надвор’е не радавала асаблівай цеплынёй, а па вадаёме разгульвалі хвалі, настрой ў спартсменаў-рыбаловаў быў цудоўным.
— У “Кубку Дружбы” наша каманда ўдзельнічае ўжо ў трэці раз, — гаворыць Ілья Калачоў. — Асабіста я заўсёды прыязджаю на гэты вадаём з шыкоўным настроем! З радасцю сустракаюся тут са сваімі сябрамі, знаёмымі, кожны год заводжу новыя знаёмствы, абменьваемся рыбалоўным вопытам. Арганізатары чэмпіянату забяспечваюць нам добрыя ўмовы для пражывання, прыемнага правядзення часу, а, галоўнае, сумленную барацьбу.
Уражаннямі ад знаходжання на Кіраўшчыне падзяліўся і прадстаўнік літоўскай каманды Рымантас Правінскас, які быў у нас упершыню:
— Хочацца падзякаваць арганізатарам чэмпіянату і гаспадарам Кіраўскай зямлі за прадастаўленую магчымасць удзельнічаць у гэтых спаборніцтвах. На “Кубку Дружбы” мы ўпершыню, але, спадзяемся, не ў апошні раз. Жадаю жыхарам гасціннай Кіраўшчыны поспехаў і ўдачы!
Рыбалцы, як віду спорту і адпачынку, перавагу аддаюць у большай ступені мужчыны. Але ж захапляюцца ёй і прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва, прычым не толькі на аматарскім узроўні. Удзел у спаборніцтвах зноў прымала адзіная жаночая каманда ў краінах СНД — “Піранні” з Кіева. Гаворыць капітан каманды Таццяна Дзянісава:
— Я прыязджаю на гэтыя спаборніцтвы ў трэці раз, сёлета са мной прыехала і мая партнёрша Юля Лісакоўская. Рыбалоўным спортам займаюся чатыры гады. Захапіў гэтай справай муж. Менавіта з ім, як група падтрымкі, упершыню паехала на спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, захапілася атмсферай саперніцтва, якая на іх пануе, вырашыла паспрабаваць сама. Самы запамінальны мой улоў — белы амур вагой ў 7600 кг, вылавіла яго на спаборніцтвах у Кіеве. Не здзіўляйцеся, але ж у ежу рыбу наша сям’я практычна не ўжывае. Рыбку мы проста любім. Пасля заканчэння спаборніцтваў выпускаем яе назад у вадаём.
…Ну, а каму ж усміхнулася ўдача, выствелілася напрыканцы другога дня спаборніцтваў — у нядзелю. Чэмпіёнам “Кубка Дружбы” Беларусь-2011 стала расійская каманда “Мавер” у саставе Міхаіла Дунаева і Паўла Гарэлава. Дарэчы, апошні спартсмен-рыбалоў заняў трэцюю прыступку п’едэсталу гонару ў асабістым заліку.
Другое і трэцяе месцы занялі каманды з Эстоніі — “Andler-2” і “Pelikan” адпаведна.
У асабістым заліку першынство — на рахунку эстонскага спартсмена-рыбалова Дзмітрыя Забашта, а вось другое месца адваявала ў сапернікаў-мужчын Таццяна Дзянісава.
Самую вялікую рыбу вадасховішча дазволіла вылавіць менавіта беларусу — Вадзіму Якубовічу. Лешч заважыў 1580 кг.
Сярод рыбаловаўаматараў раённага першынства па рыбнай лоўлі на донную вуду былі ўдзельнікі рознага ўзросту, розных заняткаў і нават жанчына — удзельніца каманды райаграпрамтэхзабеспячэння Ганна Жыдовіч. Ёй, адзінай прадстаўніцы слабага полу, было прадастаўлена ганаровае права ўзняць Дзяржаўны флаг нашай краіны на ўрачыстым адкрыцці першынства.
Удзел у ім прынялі 9 каманд: райаграпрамтэхзабеспячэння, ліцэя №15, Стайкаўскага і Дабаснянскага сельсаветаў, пракуратуры, тры каманды прадстаўлялі Кіраўскую ДЮСШ. Завіталі на першынство і госці — каманда з Гродзенскай вобласці “Гродна-фіш”.
Адным у гэты дзень пашанцавала вылавіць з сініх вод сваё рыбацкае шчасце, іншым — не. Аднак вынікі былі падведзены, пераможцы — вызначаны. Першае месца заняла каманда ліцэя №15, дзякуючы удаламу ўлову — падляшча вагой у 298 г Уладзіміра Рышкевіча.
Другое месца — на рахунку райаграпрамтэхзабеспячэння. Улоў прадстаўніка каманды Уладзіміра Сгібнева заважыў 167 г.
Трэцяе месца — у каманды ДЮСШ-1. Падляшча вагой 110 г злавіў Валянцін Шакараў.
Такім жа чынам размеркаваліся месцы і ў асабістым заліку.
Самую маленькую рыбку вагой 14 г вадаём падараваў Вадзіму Кіхтэнку з каманды райаграпрамтэхзабеспячэння.
На ўрачыстым закрыцці першынства старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў ўручыў пераможцам і прызёрам дыпломы і падарункі. Былі адзначаны юныя рыбаловы — каманда ДЮСШ-3 у саставе Андрэя Шакарава і Уладзіслава Шапоткіна і самы вопытны ўдзельнік — Міхаіл Уніятаў.
Старшыня райвыканкама разам з сынам таксама праводзіў гэты дзень на вадаёме. Ім рыбацкая ўдача ўсміхнулася адной з самых шырокіх сваіх усмешак — пашанцавала выцягнуць з вадаёма шчупака вагой каля трох кілаграмаў.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара
і Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.