Кукуруза радуе важкім ураджаем

Вераснёўская раніца, на якую ў рэдакцыйным плане работы быў намечаны выезд на кукурузныя прасторы раёна з мэтай падрыхтаваць рэпартаж з уборкі “каралевы палёў”, выдалася па-восеньску пахмурнай і шэрай: бясконца імжаў дожджык, пры поглядзе на неба, ушчыльную зацягнутае хмарамі, нават і не ўзнікала надзеі, што праб’ецца хоць адзін сонечны праменьчык. Магчыма, у такое надвор’е ўборачныя работы на кукурузных палетках прыпыніліся?.. Аднак у тэлефоннай размове старшыня СВК “Калгас “Ніва” І.У.Рыняк запэўніў, што работы на палетках кіпяць. Сёлетні важкі ўраджай кукурузы дае падставу не губляць часу на чаканне больш спрыяльных пагодных умоў, тым больш, што тэхналогіі вырошчвання і ўборкі культуры гэта дазваляюць.
На здымку: механізатар Алег Стэльмакоў.

“Каралевай палёў” кукурузу называюць не толькі ў нас, але і за мяжой. Па ўраджайнасці зерня яна значна перавышае любыя зерневыя культуры, хаця сама да такіх і не адносіцца. Нягледзячы на тое, што радзімай гэтай цеплалюбівай расліны з’яўляецца Паўднёвая Амерыка, на тэрыторыі нашай краіны яна добра сябе адчувае. А сёлета, дзякуючы перамежаванню частых дажджоў са шчодрым сонцам, кукуруза на айчынных палетках “вымахала” значна большай за чалавечы рост і з высокай ураджайнасцю. Яе, багатую на высокія спажыўныя якасці, у асноўным закладваюць на сілас.
Кукурузныя палеткі СВК “Калгас “Ніва” невыпадкова аказаліся ў полі нашага зроку: зараз па ўраджайнасці гэтай культуры гаспадарка займае другую пазіцыю пасля СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, ніваўцы намалочваюць звыш за 440 ц з гектара.
Свае ўладанні “каралева” раскінула на плошчы ў 850 га, 750 з якіх адведзены пад нарыхтоўку сіласу, астатнія — зерня. На ўчарашні дзень, згодна аператыўных зводак, сельгаскультура была ўбрана на 260 га, на сілас і зялёны корм нарыхтавана 11500 т.
Каб паназіраць за працэсам уборкі кукурузы, мы завіталі на ўчастак, размешчаны за в.Капусціна.
За штурвалам свайго надзейнага стальнога сябра — трактара КЗР-10 на палетку шчыраваў Алег Стэльмакоў. Баявому настрою механізатара ніколькі не перашкаджала пахмурнае надвор’е:
— Кукуруза сёлета дае слаўны ўраджай! — гаворыць Алег Іларыёнавіч. — Здаецца, найбольш багаты за час маёй працы ў гаспадарцы, а гэта 14 год.
Разам з Алегам Стэльмаковым на ўборцы кукурузы задзейнічаны механізатары Міхаіл Рымараў, Уладзімір Лукановіч, Сяргей Лебедзеў. Зялёную масу адвозяць вадзіцелі Сяргей Гушчын, Васіль Марозаў, Мікалай Собалеў, Віталь Мялешкін. Паслугі па адвозцы кукурузы гаспадарцы прадастаўляе таксама “Аўтапарк №14”. Трамбуюць кукурузную масу на сіласнай яме Рыгор Шчаглоў і Валерый Кухарэнка.
Няхай жа за старанную працу палеткі аддзячаць багатым ураджаем!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.