На патоку — салодкія карані

Вырошчваннем цукровых буракоў займаецца шэраг сельгаспрадпрыемстваў раёна, адводзячы пад іх у сярэднім па 200 — 300 га. Усяго ж у структуры пасяўных плошчаў раёна цукровыя буракі складаюць 3%, сёлета імі засеяна 1043 га, у тым ліку 400 га — у ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, куды мы і наведаліся днямі.
На здымку: на вырошчванні і ўборцы цукровых буракоў у ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» заняты механізатар П.К.Дрозд.

Асноўны масіў гэтай культуры размясціўся
паблізу Селіцкага возера. Частка палетка на момант нашага візіту была ўбрана, астатнія буракі стаялі раўнюсенькай сцяной, чакаючы сваёй чаргі.
А такая сапраўды існуе. Уся справа ў тым, што на дадзены момант у рэспубліцы дзейнічаюць чатыры перапрацоўчыя прадпрыемствы, у тым ліку Слуцкі цукроварафінадны камбінат, куды праз Асіповіцкі прыёмны пункт пастаўляюцца вырашчаныя ў раёне салодкія карані. Да Асіповіч яны дастаўляюцца аўтатранспартам, далей следуюць чыгункай.
Спецыфіка вытворчасці цукровых буракоў такая, што перапрацаваць выкапаныя карані патрэбна максімум за 100 дзён. Зыходзячы з гэтага, а таксама магчымасцей і прадукцыйнасці камбіната, фарміруецца графік прыёмкі буракоў, а, па сутнасці, і аб’ёмы іх вырошчвання. Таму з году ў год пасяўныя плошчы, адведзеныя ў раёне пад гэтую тэхнічную культуру, вагаюцца ў межах 1200 га.
Тэхналогія вырошчвання буракоў толькі на першы погляд нескладаная: падрыхтоўка глебы, сяўба, апрацоўка ад пустазелля, уборка. Але ўсё гэта патрабуе пастаяннага клопату, штодзённай напружанай працы. І даручаецца гэты важны ўчастак работ адказным і працавітым людзям, вопытным механізатарам — такім, як Пётр Дрозд з ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Практычна ўвесь комплекс работ на бураковым палетку падсобнай гаспадаркі прадпрыемства: ад сяўбы да ўборкі ўраджаю, — ускладзены на яго. Тое, што ўсе этапы вытворчасці буракоў максімальна механізаваныя, у спалучэнні з выдатнымі працоўнымі якасцямі механізатара дазваляе паспяхова і ў тэрмін спраўляцца з усім аб’ёмам работ. Як сціпла, але не без долі гонару, адзначыў сам механізатар, толькі некалькі дзесяткаў гектараў падчас пасяўной кампаніі яму на замене дапамог засеяць Юрый Ільінчык, а так — усё сам. Падуладная механізатару самая розная тэхніка. Вясною ён працуе на бураковай сеялцы КУН-12, засяваючы адведзеныя пад культуру плошчы, потым на МТЗ-1221 з апырсквальнікам вядзе апрацоўку пасеваў, а ўвосень у пары з Уладзімірам Барысёнкам шчыруе на цукраўборачным камбайне “Холмер”. Да таго ж у напружаную пару жніва механізатар перасаджваецца на збожжаўборачны камбайн КЗС-1218 і ўбірае збожжавыя культуры.
Такіх, як у РАПТЗ высокапрадукцыйных і “разумных” цукраўборачных “Холмераў” у раёне два (яшчэ адзін — у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага”). Працуе камбайн шосты сезон і сваё тэхналагічнае прызначэнне апраўдвае спаўна: комплекс прыстасаванняў дазваляе адначасова папярэдне зразаць батоўе, замяраць вышыню бурака і даразаць яго зялёную верхавінку, падкопваць радок, падхопліваць караняплоды і праз сістэму вальцоў і транспарцёраў, абтрасаючы па ходу руху глебу, загружаць у бункер. А ён дастаткова ёмісты — умяшчае 16 тон. Выгрузка на аўтатранспарт таксама механізаваная.
Ад камбайна салодкія карані адвозяцца аўтатранспартам РАПТЗ. На дадзены момант задзейнічана 4 адзінкі. А непасрэдна ў полі мы заспелі вадзіцеля МАЗа Валерыя Араева, які, седзячы ў загружаным кузаве, па-гаспадарску парадчыў буракі, укладваючы іх так, каб не выпалі па дарозе.
У размове з намі галоўны аграном прадпрыемства Аляксандр Сімукоў станоўча ацаніў віды на ўраджай цукровых буракоў: сярэдняя ўраджайнасць на першых убраных 50 га склала 400 ц/га. Адзначыў, што нават зараз, у пачатку ўборачнага сезону, буракі радуюць сваімі якаснымі паказчыкамі, у прыватнасці, цукровасцю, якая не толькі “ўкладваецца” ў базавы 16-працэнтны нарматыў, але і пераўзыходзіць яго. А калі ўлічыць, што працэс нарошчвання масы караняплодаў і назапашвання ў іх цукру ідзе бесперапынна, а ў верасні і кастрычніку для гэтага складваюцца найбольш спрыяльныя ўмовы, то рэальна разлічваць на яшчэ больш высокія паказчыкі.
У цэлым па рэспубліцы ставіцца задача да 2015 года павысіць сярэднюю ўраджайнасць цукровых буракоў да 520 ц/га. За кошт выкарыстання інтэнсіўных тэхналогій таксама павінна ўзрасці і сярэдняя цукровасць з 16% да 18%. Навуковае суправаджэнне ўкаранення такіх тэхналогій забяспечваецца вопытнымі станцыямі. На Любоніцкім участку ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” таксама ёсць вопытнае поле, дзе высеяна 12 гатункаў цукровых буракоў і, як адзначыў галоўны аграном прадпрыемства, поле радуе вока і сэрца надзеяй на багаты ўраджай.
Асноўны бураковы клін прадпрыемства засеяны гібрыдным насеннем гатункаў дацкай селекцыі, адны назвы якіх усяляюць павагу на гэтай тэхнічнай культуры: “імперыял”, “нэнсі”, “патрыя”, “вінтура”. Раннія гатункі ўжо ўбраны, на парадку дня — сярэдняспелыя, а потым і познія. Адным словам, механізатарам, а разам з імі і вадзіцелям, занятым на адвозцы цукровых буракоў хопіць работы на ўсю восень.
У цэлым жа па раёне штодзень адгружаецца 316 т салодкіх каранёў, згодна вызначанага графіка за 20 дзён на Слуцкі цукроварафінадны камбінат неабходна паставіць 5700 т цукровых буракоў.
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.