Наша зямля, народ, краіна — аснова нашай ідэалогіі

Актуальныя пытанні ідэалагічнай работы ў сучасных умовах былі абмеркаваны ў ходзе абласнога семінара, які прайшоў 23 верасня на базе г.Магілёва, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў. Больш чым 300 удзельнікаў, а гэта былі намеснікі старшынь і начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы гар-райвыканкамаў, рэдактары рэгіянальных газет, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце вялікіх па колькасці працоўных калектываў, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў, раздзяліўшыся на чатыры групы, знаёміліся з вопытам арганізацыі ідэалагічнай работы на прадпрыемствах, у арганізацыях, установах.
Удзел у рабоце семінара прымалі першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.М. Радзькоў, старшыня Магілёўскага аблвыканкама П.М.Руднік, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Г.М.Лаўранкоў.
На плянарным пасяджэнні, якое адбылося ў канферэнц-зале аблвыканкама, і куды былі запрошаны кіраўнікі раённай вертыкалі ўлады, П.М.Руднік запрасіў прысутных да змястоўнага дыялогу аб новых тэндэнцыях і накірунках ідэалагічнай думкі, зыходзячы з сённяшняй сітуацыі ў краіне.
“…ва ўмовах, калі Беларусь адчувае моцны знешні ціск, калі яна стала на шлях лібералізацыі эканомікі, важнейшая задача дзяржаўнай ідэалогіі, — адзначыў старшыня аблвыканкама, — захаванне грамадзянскага міру для пераадолення негатыўных з’яў у фінансава-эканамічным развіцці”. П.М.Руднік падкрэсліў, што нягледзячы на часовыя цяжкасці, якія, як і ўся краіна, адчувае сёння Магілёўшчына, сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў рэгіёне застаецца стабільнай і прадказальнай. Гэта прыкметна ўжо па тых тэмпах росту і развіцця, якія дэманструе наша эканоміка. Губернатар назваў канкрэтныя лічбы і факты.
Але варта прызнаць, заўважыў П.М.Руднік, што народ занепакоены: “Рост цэн, складанасці на валютным рынку, выпадкі дэфіцыту шэрагу тавараў — усё гэта нараджае ў грамадстве нервозны і трывожны настрой. Аднак ідэалагічны сектар для таго і існуе, каб знізіць гэтую трывогу, надаць людзям упэўненасці ў заўтрашнім дні”. Пакуль жа, на думку старшыні аблвыканкама, ідэалагічная вертыкаль на чале з кіраўнікамі раёнаў, арганізацый у гэтым напрамку недапрацоўвае.
Павышаную ўвагу спецыялісты гэтага сектара павінны надаваць так званым “праблемным” арганізацыям: менавіта іх работнікі зараз найбольш матэрыяльна ўразлівыя, таму патрабуюць асаблівага падыходу. Зразумела, няпроста растлумачыць людзям, чаму знізіліся зарплаты, значна ўзраслі цэны і г.д. Але яшчэ горш, падкрэсліў П.М.Руднік, адыходзіць ад такіх размоў. Тут ідэолагі павінны падключыць усіх: і Міністэрства, і выканаўчую ўладу, і кіраўніцтва прадпрыемства, і прафсаюз, і іншыя грамадскія арганізацыі. “Па вялікім рахунку, — адзначыў губернатар, — нам ёсць што сказаць людзям: дзяржава ніколі не пакідала сваіх грамадзян на волю лёсу і робіць усё для выхаду з крызіснай сітуацыі”.
Важным аспектам дзяржаўнай ідэалогіі старшыня аблвыканкама назваў узаемадзеянне з палітычнымі партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі. Задача ўлады, канстатаваў ён, — у тым, каб прыцягнуць на свой бок як мага больш партнёраў і аднадумцаў — гэта адна з умоў стабілізацыі грамадска-палітычнага становішча.
У сваёй прамове П.М.Руднік спыніўся на ролі СМІ ў сучасных умовах. Ён заўважыў, што сумесныя намаганні ўлады і прэсы спрыяюць паляпшэнню псіхалагічнага клімату, спасціжэнню сутнасці таго, што адбываецца. Журналісты рэгіянальных СМІ, падкрэсліў губернатар, заслугоўваюць шчырай удзячнасці, у першую чаргу, за аб’ектыўны і ўзважаны падыход у асвятленні надзённых праблем.
А ўвогуле, па словах П.М.Рудніка, у аснову ўсёй ідэалагічнай работы павінен быць пастаўлены чалавек працы, дастойны падражання.
У ходзе семінара значнае месца было адведзена тэме выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій. Увага прысутных акцэнтавалася на неабходнасці ўдасканаліць сайты райвыканкамаў, рэдакцый, прадпрыемстваў, устаноў. Як адзначыў А.М. Радзькоў, з дапамогай магчымасцей інтэрнэта трэба больш актыўна расказваць людзям аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Разам з тым, падкрэсліў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, вопыт паказвае, што чым больш глыбока чалавек пагружаецца ў віртуальную рэальнасць, тым больш яму патрабуецца жывых зносін.
А.М.Радзькоў выказаў думку, што дзякуючы такім семінарам, сустрэчам радавых выканаўцаў, кіраўнікоў буйных прамысловых прадпрыемстваў, грамадскіх структур, мясцовых улад з’яўляецца дакладнае разуменне, што ў ідэалагічнай рабоце «мы не адны». Разам можна лягчэй перанесці любыя нягоды, пераадолець крызісы. «Наша зямля, наш народ, наша краіна — гэта аснова нашай ідэалогіі: прыгожыя, разумныя людзі, паспяховая вытворчасць, эфектыўная эканоміка — гэта патрэбна развіваць, і ў гэтым сутнасць ідэалагічнай работы», — падкрэсліў А.М. Радзькоў.
Па ўсіх аспектах ідэалагічнай работы ў сучасных умовах ішла размова ў ходзе прэзентацый, выступленняў на плянарным пасяджэнні.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.