Няхай не згасае блакітны агеньчык!

У нядзелю віншаванні і пажаданні з нагоды свайго прафесійнага свята будуць прымаць работнікі Кіраўскага раёна газазабеспячэння РУП “Магілёўаблгаз” — тыя, хто забяспечвае падачу блакітнага паліва ў нашы дамы і кватэры. Аб тым, якімі клопатамі сёння жыве калектыў арганізацыі, расказвае яе кіраўнік Г.Г.ПІНЧУК:
На здымку: брыгада газавікоў: Андрэй Шахуноў, Аляксандр Скараходаў, Андрэй Ганчар і Сяргей Шмаеў; аўтамабіль запраўляе аператар заправачнай станцыі Дзмітрый Бяляўскі.

— Штодзённы клопат нашага калектыву — у тым, каб забяспечваць бесперабойную і безаварыйную падачу газу жыхарам Кіраўшчыны.
Гісторыя раёна газазабеспячэння вядзе свой адлік з 1970-га года. У лютым 1987-га на Кіраўшчыну прыйшоў прыродны газ. Першай блакітнае паліва атрымала рассветаўская кацельня. У райцэнтры прыродным газам пачалі карыстацца ў пачатку 90-х.
На сённяшні дзень уведзена ў эксплуатацыю 150,5 км сетак прыроднага газу, у тым ліку больш за 80 км — у сельскай мясцовасці. Дзейнічае 16 газаразмеркавальных і шафных рэгулятарных пунктаў. У Любонічах, Гарадцы, Стайках і Шалаёўцы эксплуатуюцца групавыя рэзервуарныя газавыя ўстаноўкі.
Газіфікавана 9825 кватэр.
Калектыў арганізацыі, а гэта 49 адказных работнікаў прафесіяналаў сваёй справы, стараецца максімальна якасна і старанна выконваць работу. Ствараем зручныя ўмовы для абслугоўвання кліентаў. Напрыклад, у жніўні ў Цэнтры абслугоўвання насельніцтва пачала працаваць служба “адно акно” раёна газазабеспячэння. Тут можна атрымаць інфармацыю па разліках за спажыты газ, аформіць ільготу на карыстанне газам або перарэгістраваць яе і інш.
Выконваючы свае штодзённыя абавязкі, мы свята захоўваем і эфектыўна выкарыстоўваем практычны вопыт, назапашаны былымі работнікамі галіны газазабеспячэння раёна В.М.Батурам, В.С.Сцяпанчанкам, Р.П.Каранкевічам, які ўзначальваў арганізацыю больш за чвэрць стагоддзя.
Праца кожнага нашага работніка — важная для агульнай справы. Асаблівай увагі заслугоўвае праца Генадзя Бяляўскага, адказнага за дастаўку балоннага газу. Сёлета да прафесійнага свята ён адзначаны Ганаровай граматай РУП “Магілёўаблгаз”.
На добрым рахунку работа галоўнага бухгалтара Надзеі Індзюхінай і бухгалтара Таццяны Бяляўскай. Хоць гэта і ўскосныя спецыялісты ў газавай галіне, але іх уклад таксама даволі важкі.
Сваё прафесійнае свята мы адзначаем напярэдадні пачатку ацяпляльнага сезону. Супрацоўнікі раёна газазабеспячэння актыўна праводзяць сезонна-тэхнічнае абслугоўванне газавага ацяпляльнага абсталявання. Хочацца звярнуцца да спажыўцоў блакітнага паліва, каб перад надыходам халадоў яны праверылі і прывялі ў належны стан ацяпляльнае абсталяванне ў дамах і кватэрах, а калі патрабуецца наша дапамога, звяртайцеся — заўсёды гатовы прынесці карысць!
Падрыхтавала
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.