Паклікаў званок на першы ўрок!

Вось і абвясціў залівісты школьны званок аб пачатку новага навучальнага года. У гімназіі г.Кіраўска ганаровае права даць старт вучэбнаму працэсу было прадастаўлена самым маленькім школьнікам — першакласнікам Валерыі Гарэлік і Назару Шчэрбічу (на здымку), якіх сустрэлі дружнымі апладысментамі стройныя рады гімназістаў. Як, да слова, і ўсіх першакласнікаў, для якіх школьная лінейка стала першай у жыцці…
На здымку: ганаровыя госці свята.

На працягу ўрачыстага мерапрыемства ў адрас усіх прысутных — вучняў, настаўнікаў, бацькоў — гучалі шчырыя віншаванні ад гасцей. Усе мы так ці інакш звязаны з сістэмай адукацыі, якая з’яўляецца адным з гарантаў сацыяльнай стабільнасці, асновай эканамічнага развіцця грамадства, крыніцай росту яго інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу, падкрэсліў у сваім выступленні старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў. Менавіта таму свята Першага верасня адзначаецца як адметнае і значнае для беларускага народа. Сёлета, паведаміў старшыня райвыканкама, у раёне селі за парты 2125 вучняў, у тым ліку 198 першакласнікаў, 101 адзінаццацікласнік. Шмат зроблена для таго, каб дзецям было ўтульна займацца ў кабінетах: на рамонт устаноў адукацыі з раённага бюджэту было выдзелена амаль 1,5 млрд. рублёў. Пастараліся педагагічныя калектывы сумесна з бацькамі, шэфамі, каб 1 верасня ўстановы адукацыі дастойна сустрэлі сваіх выхаванцаў. Значная работа праведзена і па рамонце будынку гімназіі, добраўпарадкаванні прылягаючай да навучальнай установы тэрыторыі.
Віншаванні з Днём ведаў прагучалі ад начальніка ўпраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Магілёўскага аблвыканкама А.С.Сцяпанчанкі, дырэктара гімназіі Л.П.Ісакавай, выконваючага абавязкі старшыні СВК “Рассвет” імя К.П. Арлоўскага У.Л.Царыкава. Дарэчы, прадстаўнік шэфаў уручыў гімназіі ў якасці падарунка набор спортінвентару, а лепшым вучням па выніках мінулага навучальнага года — грашовыя прэміі ад гаспадаркі. Падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якая ў гэты дзень праводзіла акцыю “За здаровы лад жыцця”, першакласнікам уручылі У.У.Піскіжаў і А.С. Сцяпанчанка. А будучыя выпускнікі — адзінаццацікласнікі ўручылі самым малодшым школьнікам кнігі “Беларусь — наша Радзіма” і сімвалічныя медалі. У сваю чаргу, першакласнікі парадавалі прысутных прачулымі вершамі.
Намеснік начальніка РАУС М.І.Назарчук уручыў двум вучням гімназіі — Кірылу Дразду і Віктару Іваніцкаму — прызы за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе відэаролікаў “Разам супраць бяды”, якая праходзіла пад эгідай Міністэрства ўнутраных спраў і Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.
А потым вялікая і дружная гімназічная сям’я, падзяліўшыся на класы, адправілася на першы ў новым навучальным годзе ўрок пад назвай “Твая зямля, твая Радзіма названа светла — Беларусь!”.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.