Прафесія, якая сама выбірае сваіх герояў

Магчыма, некаторыя людзі, не знаёмыя з тонкасцямі прафесіі пажарных-выратавальнікаў, могуць лічыць, што агняборцы тушаць узгаранні па прынцыпу: куды бачу — туды і лью, пакуль хопіць вады і знікне полымя. Гэта памылковая думка. Тушэнне пажару — цэлая навука, патрабуючая трывалых ведаў, лагічнага мыслення, рашучасці. Барацьбу са знішчаючым усё жывое полымем трэба ўмець правільна арганізаваць. Менавіта гэта ўваходзіць у кампетэнцыю начальнікаў каравулаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях: Пятра Лісоўскага, Міхаіла Патапейкі і Уладзіміра Сакача.
На здымку: каравул №1, які ўзначальвае П.А.Лісоўскі: пажарны Аляксандр Булачкін, старшы пажарны Сяргей Храмовіч, камандзір аддзялення Яўген Саўчанка, старшы пажарны Андрэй Мухін, вадзіцель Аляксандр Сачонак, дыспетчар Цэнтра аператыўнага ўпраўлення Сяргей Дзюўбакоў, вадзіцель Мікалай Пінчук.

“Гэта не гераізм,
а звычайная работа”

Капітана ўнутранай службы Пятра Лісоўскага ведаюць многія жыхары раёна. Сам — мясцовы: тут нарадзіўся, вырас, пачаў і працягвае працаваць. Дарэчы, сёлета Пётр Андрэевіч адзначае 10-гадовы юбілей прафесійнай дзейнасці. А пачалося ўсё з выпадковай прапановы дзядзькі жонкі паспрабаваць свае сілы ў тушэнні пажараў. Хлопец згадзіўся, а праз некаторы час зразумеў, што гэта менавіта яго шлях.
На момант паступлення на службу ў райаддзел Пётр Лісоўскі набыў будаўнічую спецыяльнасць у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Пасля года службы вырашыў павысіць адукацыю ў камандна-інжынерным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Адначасова перавёўся інспектарам у інспекцыю дзяржаўнага пажарнага нагляду. Аднак пасля чатырох гадоў работы ў ёй зноў вярнуўся да справы барацьбы з вогненнай стыхіяй — выездаў на тушэнне ўзгаранняў. Зараз Пётр Лісоўскі каардынуе дзейнасць першага каравула.
Параўноўваючы сённяшнія ўмовы работы з часам, калі толькі пачынаў, адзначае:
— Безумоўна, умовы работы змяніліся ў лепшы бок. Я пачынаў яшчэ ў старым будынку пажарнай часці, які знаходзіўся на вул.Валадарскага райцэнтра, а зараз у нашым распараджэнні — узорны будынак з камфортнымі ўмовамі і для службы, і для адпачынку, новая тэхніка, зручнае абмундзіраванне.
Асабіста мне складана ўявіць, як гэта — змагацца з такой моцнай разбуральнай сілай, як агонь, што адчуваеш, калі даводзіцца быць сведкай трагедый, якія пакідае пасля сябе полымя. Прыпыняючы мае разважанні, Пётр Андрэевіч гаворыць:
— Разумееце, для пажарных барацьба з агнём — гэта не гераізм, а звычайная работа. Выносіць са знішчаных пажарам дамоў абгарэлыя трупы не так страшна, як выратоўваць яшчэ жывых людзей, якія па волі лёсу могуць загінуць на тваіх руках. Складана даставаць з пакарабачаных аўтамабіляў ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў, складана вырываць з вогненных лап дзяцей, складана, калі на пажарах гінуць адразу некалькі чалавек…Такія выпадкі застаюцца ў памяці назаўсёды. Але ж, па асабістым назіранні, запрыкмеціў: праз пяць год службы, можна навучыцца пераадольваць свае страхі. Камусьці ж трэба змагацца з агнём і ліквідаваць надзвычайныя сітуацыі. Я люблю сваю прафесію і не шкадую, што аднойчы зрабіў выбар на яе карысць.
Па бацькоўскім прыкладзе
Начальнік другога каравула — лейтэнант унутранай службы Міхаіл Патапейка ў райаддзеле не так даўно — з мінулага года, ды і па ўзросце значна маладзей за сваіх калег. Аднак з працоўнымі абавязкамі спраўляецца не горш за іх. Міхаіл — бабруйчанін. З дзяцінства перад вачамі быў прыклад бацькі, таксама пажарнага. Яшчэ ў школе малады чалавек вызначыўся з будучым прафесійным шляхам. Вучыўся ў спецыялізаваным класе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. А пасля працягваў адукацыю ў Гомельскім інжынерным інстытуце МНС і адначасова нёс службу ў адной з выратавальных часцей г.Бабруйска.
Маладога, перспектыўнага, мэтанакіраванага работніка запрыкмеціла мясцовае кіраў-ніцтва і прапанавала яму паспрабаваць сілы на пасадзе камандзіра аддзялення. У Кіраўскім аддзеле малады чалавек узняўся яшчэ на адну прыступку кар’ернай лесвіцы. Але ж у размове Міхаіл падкрэслівае:
— Я не кладу ў аснову паспяховую пабудову кар’еры, хаця для маладога чалавека гэта і важна, галоўнае — прыносіць карысць, не здраджваць высакародству, у якім сэнс прафесіі пажарных-выратавальнікаў. Пасля свайго першага выезду на пажар з ахвярамі, а было гэта ў 2005 годзе, доўга не мог звыкнуцца, што людское гора цяпер давядзецца бачыць часта. Аднак, калі ты робіш правільны прафесійны выбар, то маеш сілы саўладаць з любымі цяжкасцямі і няўпэўненасцю, а калі адчуваеш, што не справішся, то і працягваць не трэба.
“Дзякуй жонцы
за разуменне”

Працоўны вопыт Уладзіміра Сакача, лейтэнанта ўнутранай службы, багацейшы, чым у яго двух калег — 16 гадоў. Як і ў выпадку з Пятром Лісоўскім, прафесія, можна сказаць, знайшла яго сама. Прайшоўшы армейскую службу на Далёкім Усходзе, ён уладкаваўся рабочым на адно з прадпрыемстваў г.Бабруйска. Неяк у размове сябар — пажарны прапанаваў змяніць прафесію па яго прыкладзе. Уладзімір Іванавіч адразу ж узяў гэтую думку на ўзбраенне. Пэўную ролю сыграў той факт, што два ягоныя дзядзькі былі ваеннаслужачымі, з дзяцінства хлопчыку падабалася ваенная форма.
— Форма падцягвае, дысцыплінуе, адчуваеш адказнасць, — разважае Уладзімір Іванавіч. — А наша работа, акрамя іншага, уносіць у жыццё крыху адрэналіну.
На пытанне: ці памятаеце свой першы выезд на пажар? — мужчына адказвае:
— Ведаеце, звычайна першы выезд на тушэнне ўзгарання не запамінаецца. Ды і выездаў за час маёй працы столькі ўжо было! У памяці пакідае след першая вогненная трагедыя, якая пазбаўляе людзей жыцця. У маім выпадку ў агні загінуў дзядуля… Два разы даводзілася выносіць жывых людзей з палаючага будынка — выратоўваць ім жыцці. А аднойчы здымаў з высокага дрэва кацяня, яго гаспадыні — бабулі самой гэта было не па сілах. Было ў маёй працоўнай практыцы і так, што за дзень выязджалі на тушэнне ажно 4-х пажараў. Вядома ж, бывае страшна, лічу, што нічога не баяцца толькі неразумныя людзі. Агонь для мяне — моцны і небяспечны сапернік. Калі з ім змагаешся, баішся не за сябе, а, у першую чаргу, за здароўе і жыццё рабят, якія знаходзяцца ў падначаленні. Фізічная і псіхалагічная падрыхтоўка ў нашых байцоў даволі трывалая, дзеянні мы адпрацоўваем да аўтаматызму, таму страх прыходзіць ужо пасля таго, як перамаглі полымя. Усе мае страхі і душэўныя перажыванні знікаюць, як толькі прыязджаю дадому, дзе чакаюць жонка і два сыны. Старэйшы сын зараз вагаецца, кім стаць: пажарным, як бацька, альбо медыкам, як маці. Дарэчы, я вельмі ўдзячны сваёй жонцы за разуменне і падтрымку, бо на нашу работу затрачваецца шмат асабістага часу, і калі б не другая палова, то, безумоўна, мне было б складаней. Надзейны сямейны тыл — адна з састаўляючых прафесійнага поспеху.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.