Работа кіпіць! Далучайцеся!

Працягваюцца работы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў.
У райцэнтры выкананнем запланаваных мерапрыемстваў займаліся і працягваюць займацца на вызначаных аб’ектах адказныя арганізацыі і ўстановы.
Так, у мінулую пятніцу а другой палове дня працягвалі работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі ўздоўж трасы Магілёў — Бабруйск ля кафэ “Альянс” работнікі райвыканкама. На гэтым бачным месцы запланавана ўладкаваць “сонечны гадзіннік”: падмурак пад гэтую мэту ўжо гатовы. А што атрымаецца ў выніку, кіраўчане і госці горада ў хуткім часе пабачаць…
У суботу добра пашчыравалі супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў (на здымку). Яны знімалі старыя тратуарныя пліты з пешаходнай дарожкі ўздоўж тэрыторыі раённага Дома культуры па вул. Ленінскай і каля свайго адміністрацыйнага будынку: тут будзе ўладкавана новая пешаходная дарожка.
Работнікі цырульні ПУП “Мартина-Имидж” з дапамогай суседзяў з РАУС добраўпарадкоўвалі тэрыторыю каля Цэнтра абслугоўвання насельніцтва: уздоўж пешаходнай дарожкі рыхтавалі газон для высадкі кветак.
На суботніку панаваў прыўзняты настрой з разуменнем таго, што ўсё, што робіцца, будзе спрыяць камфорту пражывання і адпачынку жыхароў горада.
Вызначаныя работы па добраўпарадкаванні праводзяцца працоўнымі калектывамі райцэнтра ў зручны для іх час.
Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама нагадвае, што кожная пятніца — гэта санітарны дзень для ўсіх суб’ектаў гаспадарання раёна, таму неабходна надаць увагу навядзенню парадку на вытворчых і замацаваных тэрыторыях прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў. Думаецца, не застанецца ў баку і насельніцтва, навядзе належны парадак на сваіх падвор’ях і прыдамавой тэрыторыі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.