Урадзіў і «другі хлеб»

Важкі сёлета ўраджай збожжавых і зернебабовых у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Урадзіла таксама агародніна ў адкрытым грунце — у адным з мінулых нумароў чытачы маглі ў гэтым упэўніцца, прачытаўшы рэпартаж з “Рассвета”. А ў гэты раз мы наведалі бульбяныя палеткі сельгаспрадпрыемства і пераканаліся, што і “другі хлеб” выдаўся “на ўра”…
На здымку: Мікалай Шырокі і Пётр Мухін.

Бульба — гэта своеасаблівая візітная картка Беларусі. Апошнім часам на ўзроўні дзяржавы вырошчванню і перапрацоўцы “другога хлеба” надаецца значная ўвага. Гэта нездарма, бо тыя пазіцыі, якія займала наша краіна калісьці ў бульбаводстве, з цягам часу пачыналі губляцца. А да 2004 года галіна наогул была стратнай. За апошнія некалькі гадоў работа ў вобласці бульбаводства была праведзена істотная. Дзякуючы гэтаму, сёння ў Беларусі маюцца і новыя гатункі бульбы, і тыя аб’ёмы, якія дазваляюць не толькі задаволіць патрэбы краіны, але і экспарціраваць бульбу. Практыка паказвае, што займацца вырошчваннем і рэалізацыяй “другога хлеба” выгадна. У нашым раёне ў гэтым можна ўпэўніцца на прыкладзе “Рассвета”.
Як вядома, тут, як нідзе ў раёне, культывуецца вырошчванне бульбы ў шырокіх аб’ёмах. Як расказала нам галоўны аграном гаспадаркі Алена Юркавец, сёлета пад бульбяныя палеткі было адведзена 400 гектараў. Праўда, больш за 30 з іх давялося спісаць: падчас вегетацыі раслін “падвяло” надвор’е. А на астатніх працэс вырошчвання прайшоў належным чынам, чаму садзейнічала захаванне ўсіх тэхналагічных прыёмаў. Вынікі работы зараз радуюць бульбаводаў. Палі, дзе было пасаджана насенне гатункаў “жывіца”, “рэд скарлет”, “куба”, “брыз”, “скарб” даюць зараз звыш за 300 цэнтнераў на круг. Гэта істотна вышэй, чым было летась. Дарэчы, як і на працягу ранейшых гадоў, над паляпшэннем якасці насеннага матэрыялу грунтоўна працуюць у мясцовай мерыстэмнай лабараторыі.
Аднак гэтая ўраджайнасць, як чакаюць у гаспадарцы, далёка не мяжа. Яшчэ на некалькіх участках было пасаджана насенне набытых сёлета трох нямецкіх гатункаў. Віды на ўраджай па ацэнках мясцовых спецыялістаў — не менш, як на 500 ц/га…
Тры бульбаўборачныя камбайны задзейнічаны на ўборцы клубняў. “Водзяць” іх па барознах вопытныя механізатары Ігар Жалдак, Міхаіл Вербенка і Мікалай Шырокі. За працэсам уважліва назіраюць іх памочнікі Яўген Шырокі, Іван Белакурскі і Пётр Мухін. Надвор’е спрыяе ўборцы. Плануецца, калі і далей яно не перашкодзіць, завяршыць уборку да 10 кастрычніка.
Хутка бункеры камбайнаў напаўняюцца клубнямі. Вадзіцелям МАЗаў, занятых на адвозцы, практычна не даводзіцца чакаць, пакуль кузавы запоўняцца. Свежавыкапаную бульбу адвозяць Раман Рыжкевіч, Дзмітрый Бяляўскі, Арцём Глазоўскі, Сяргей Іваніцкі, Анатоль Сураўёў. А маладога вадзіцеля Дзмітрыя Сакабіцкага мы спаткалі па дарозе з поля. Ён не так даўно працуе ў “Рассвеце”, але ўжо зарэкамендаваў сябе старанным работнікам. Сёлета ён стаў адным з лепшых у гаспадарцы на адвозцы збожжа падчас жніва. Як нам расказаў Дзяніс, за дзень ён робіць па 7-8 рэйсаў ад камбайнаў, кожны рэйс — каля 10 тон клубняў.
Шлях клубняў далей ляжыць да бульбасховішча, што каля рассветаўскага цяплічнага камбіната. Тут іх з дапамогай спецыяльных агрэгатаў брыгадныя работнікі (да слова, практычна ўсе — маладыя людзі) сартуюць — што на продаж, што на насенне. Для продажу бульба ўпакоўваецца ў спецыяльную тару і чакае свайго пакупніка. А чакаць, між тым, доўга не трэба. Заяўкі ўжо ёсць і працягваюць паступаць. Прычым не толькі ад іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна і краіны, а і з блізкага замежжа, у прыватнасці, з Расіі. Ну і, вядома ж, не выключаюцца ўласныя рассветаўскія гандлёвыя кропкі. Галоўнае, адзначыла Алена Юркавец, затраты на вырошчванне вялікіх аб’ёмаў бульбы спаўна акупляюцца: рэнтабельнасць нават летась была вышэйшай, чым ад рэалізацыі збожжа. Сёлета ж, паўтаруся, ураджай “другога хлеба” чакаецца вышэйшы…
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.