З працоўным запалам!

24 верасня жыхары нашага раёна дружна выйшлі на абласны суботнік. Вельмі людна было на сельскагаспадарчых палетках СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага і РУП “Жылічы”.
На дапамогу вяскоўцам ва ўборцы і ўпарадкаванні вырашчанага ўраджаю прыбыў працоўны дэсант работнікаў адукацыі раёна. Калектывы Жыліцкіх школы і дзіцячага садка перабіралі бульбу, вырашчаную на палях РУП “Жылічы”. Педагогі з СШ №1, гімназіі, Паўлавіцкай, Мышкавіцкай, Баравіцкай, Чыгірынскай школ і іншых устаноў адукацыі раёна — больш за 200 чалавек — убіралі сталовыя буракі з рассветаўскіх палеткаў. Працавалі дружна, зладжана, з разуменнем важнасці выконваемых работ.
Кіраўчане таксама працягвалі добраўпарадкоўваць вуліцы і аб’екты сацыяльнага прызначэння райцэнтра.
На адрэзку вуліцы Арлоўскага ад кафэ “Альянс” да будынка ЗАГСа шчыравалі калектывы адразу некалькіх арганізацый: райвыканкама, аддзелаў адукацыі і па надзвычайных сітуацыях, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, раённага аддзела дэпартамента аховы, ДЮСШ, падатковай інспекцыі і мясцовых структур абодвух банкаў.
Як адзначыў начальнік адзелла жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама І.М.Бяржанін, работы на дадзеным адрэзку вул.Арлоўскага яшчэ шмат, калі запланаванае будзе зроблена, вуліца абяцае паўстаць перад гараджанамі ў абноўленым, прывабным выглядзе, таму затрачаныя падчас суботнікаў час і сродкі пойдуць на агульную карысць.
Работнікі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва былі задзейнічаны на ўборцы і добраўпарадкаванні тэрыторыі ААТ “Кіраўск-Лён”.
Не было ў баку і маладое пакаленне. Актывісты раённай арганізацыі ГА “БРСМ” распрацоўвалі элемент ландшафтнага дызайну — пры ўездзе ў Кіраўск з вёскі Букіно па левы бок ад шашы будзе надпіс “Мы любім Кіраўск”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.