З прыцэлам на ўраджай — 2012

Здаецца, зусім нядаўна хлебаробы завяршылі чарговае жніво — галоўны свой штогадовы экзамен, а ўжо рыхтуюцца да новага. Практычна завершана азімая восеньская сяўба пад ураджай наступнага года. Аб тым, як яна была арганізавана, мы папрасілі расказаць першага намесніка начальніка райсельгасхарчу М.Б.Пад’ялоўскага:
— Як вядома, падмурак пад будучы ўраджай закладваецца з восені. І, як паказвае практыка, часцей за ўсё менавіта азімыя культуры даюць пры ўборцы больш важкі ўраджай, што і назіралася ў раёне сёлета. На недабор чакаемай колькасці яравых паўплывала вясенне-летняя засуха ў маі-чэрвені.
Пад ураджай 2012 года гаспадаркам раёна неабходна было засеяць азімымі культурамі 10400 га, з іх 8410 — на зерне і 1990 — на зялёны корм. Агратэхнічныя тэрміны, якія былі вызначаны для нашага раёна, — да 20 верасня. На жаль, асобным гаспадаркам крыху не ўдалося ў іх укласціся, таму пастаўлена задача канчаткова закрыць восеньскую сяўбу патрэбна да 25 верасня, што, да слова, нам па сілах. Тым больш, што надвор’е садзейнічае земляробам.
Ужо практычна поўнасцю завяршылі сяўбу земляробы СВК “Чырвоны баец”, “Калгас “Свярдлова”, “Бераснёўскі”, СГФ “Чыгірынка”. Застаюцца пэўныя аб’ёмы работ у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Калгас “Ніва”, дзе пад азімыя адведзены значныя плошчы (адпаведна 2508 і 1320 га), а таксама ў РУП “Жылічы”.
Пад сяўбу азімых культур унесена 50 тыс.т арганікі. Глеба будзе таксама пад поўную патрэбу ўгноена мінеральнымі тукамі. Гэта таксама павінна эфектыўна спрацаваць на будучы высокі ўраджай.
Паколькі ў наступным годзе рэспубліканскія “Дажынкі” будзе прымаць Магілёўшчына, то і перад усім рэгіёнам, і перад Кіраўшчынай, у прыватнасці, ужо сёння пастаўлена задача сабраць максімальны валавы збор збожжа. Для раёна гэта 76-78 тыс.т. Для даведкі, сёлета нашы земляробы сабралі 56 тыс.т збажыны, пры спрыяльных пагодных умовах мяркуецца атрымаць яшчэ каля 15 тыс.т зерня кукурузы.
Задачы перад аграрным сектарам стаяць грунтоўныя, але выканальныя. Зразумела ж, пры выкананні ўсіх агратэхнічных прыёмаў, адказнасці кожнага за даручаны ўчастак работы і не без дапамогі прыроды…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.