Жыліцкі палац атрымаў новае жыццё

сімвалічную стужку перад уваходам у адрэстаўрыраваную паўночна-заходнюю частку Жыліцкага палаца пераразаюць: (злева направа) старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, старшыня Магілёўскага аблвыканкама П.М.Руднік, міністр культуры Рэспублікі Беларусь П.П.Латушка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Ц.Глаз.

…За ажурнай агароджай балкона беласнежнага корпусу Жыліцкага палаца паволі прахаджваліся кавалеры з дамамі ў шыкоўных уборах, і здавалася, што гэта з’ехаліся на чарговы баль у маёнтак пана Булгака яго госці…

Менавіта такія асацыяцыі ўзнікалі падчас прайшоўшай у мінулую пятніцу ўрачыстай цырымоніі адкрыцця першай чаргі рэстаўрацыі Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, размешчанага ў цудоўным прыродным кутку нашага раёна. Гэты ўнікальны аб’ект, унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны, адметны тым, што ён — адзін з нямногіх, якія захаваліся ў Беларусі, помнікаў класічнага стылю канца XVIII — пачатку XIX cтагоддзяў, маючых ярка выражаны сядзібны характар.
Доўгачаканы старт рэканструкцыі з рэстаўрацыяй палацава-паркавага ансамбля быў дадзены ў 2009 годзе, і за больш чым два гады рэстаўратары и будаўнікі асвоілі больш 7 мільярдаў рублёў бюджэтных сродкаў. Рэалізацыяй першага этапа аднаўлення палаца займалася ЗАТ “Будпраектінвест” з Магілёва, а заказчыкам выступіў абласны Цэнтр па рэстаўрацыі.
З 1971 года ў паўночна-заходняй частцы будынка палаца, які зараз набыў новае аблічча, размяшчалася мясцовая музычная школа, якая пазней стала дзіцячай школай мастацтваў. Калектыў установы на перыяд будаўнічых работ перасяліўся ў іншае месца і з нецярплівасцю чакаў завяршэння рэканструкцыі, і вось, яно прыйшло, — наваселле! Ды яшчэ ў якіх “апартаментах”! Цудоўны падарунак атрымалі вучні і выкладчыкі да 40-годдзя з дня ўтварэння школы. Трэба адзначыць, рэстаўратары пастараліся, каб захаваць і дух сівой даўніны, і стварыць для “насельнікаў” камфортныя ўмовы.
Віншуючы прысутных са знамянальнай падзеяй, старшыня Магілёўскага аблвыканкама П.М. Руднік пажадаў, каб магутная энергетыка старажытных сцен палаца спрыяла творчаму росту юных талентаў.
— Дзякуючы намаганням архітэктараў, рэстаўратараў і будаўнікоў палацава-паркавы ансамбль набыў новае жыццё. Ён стаў сапраўднай жамчужынай ў гісторыка-культурнай спадчыне вобласці і краіны, — адзначыў у сваёй прамове губернатар. — У нашай краіне аднаўленню помнікаў архітэктуры надаецца вялікая ўвага. І гэта невыпадкова, бо, зберагаючы мінулае, мы ствараем будучае. А, як вядома, галоўная састаўляючая нашай будучыні — гэта нашы дзеці. Вельмі важна і сімвалічна, што ў Жыліцкім палацы будзе размешчана дзіцячая школа мастацтваў: там, дзе гучаць дзіцячыя галасы, дзе чуецца дзіцячы смех, жыццё працягваецца! А значыць, багатая культурна-гістарычная спадчына беларускага народа будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, прымнажацца новымі талентамі і шэдэўрамі мастацтва.
На ўрачыстую цырымонію ў Жылічы завітаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь П.П.Латушка. Трэба адзначыць, ён наведваў аб’ект у працэсе рэстаўрацыйных работ, і, вядома, іх вынік цікавіў міністра. У сваім віншаванні ён падкрэсліў, што ўвод у строй першай чаргі рэстаўрацыі палаца — вельмі добры прыклад супрацоўніцтва Міністэрства культуры, Магілёўскага аблвыканкама, мясцовых улад. У Магілёўскай вобласці такім чынам аднаўляюцца Успенскі манастыр у в.Пустынкі Мсціслаўскага раёна, распачаліся праектныя работы па рэстаўрацыі сядзібы ў в.Грудзінаўка Быхаўскага раёна. Некалькі гадоў таму была завершана рэканструкцыя Пацёмкінскага палаца ў Крычаве. П.П.Латушка выказаў упэўненасць, што работы па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны будуць плённа працягвацца і далей, з прыняццем праграмы “Замкі Беларусі”, у якую ўвойдуць яшчэ 38 аб’ектаў.
Увогуле на гэты год, паведаміў міністр культуры, запланавана выдаткаваць больш 100 млрд. рублёў з рэспубліканскага бюджэту ў рамках дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на аднаўленне гісторыка-культурных помнікаў. У нашай краіне у спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўнесена 5397 аб’ектаў, 1055 з іх, практычна кожны пяты — на Магілёўшчыне. Вельмі важна, падкрэсліў ён, што, нягледзячы на складанасці, дзяржава падтрымлівае нацыянальную спадчыну, культуру.
— Мы адраджаем нашу матэрыяльную спадчыну, і адначасова ствараем магчымасці для развіцця духоўнага, што бачна на прыкладзе Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, — заўважыў П.П. Латушка. І адзначыў заслугі выхаванцаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў: на іх рахунку— перамогі на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, некаторыя рабяты з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Свае таленты рабяты і выкладчыкі паказалі падчас святочнага канцэрта. А творчаму росту, безумоўна, паспрыяюць падарункі, прывезеныя гасцямі: ад Магілёўскага аблвыканкама — фартэпіяна і раяль, ад Міністэрства культуры — два акардэоны і два баяны, ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Ц.Глаза — гітара.
Удзел у цырымоніі прымалі намеснік старшыні аблвыканкама В.А.Малашка, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама А.А.Сінкавец, старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, а таксама жыхары аграгарадка Жылічы, кіраўчане, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў раёна, выпускнікі мясцовай школы мастацтваў.
Да поўнага аднаўлення будынка палаца яшчэ далёка: наперадзе — тры чаргі яго рэканструкцыі з рэстаўрацыяй, будаўніцтва карціннай галерэі, знішчанай фашыстамі ў гады вайны, — работы разам з добраўпарадкаваннем прылягаючага парка плануецца завяршыць да 2015-2016 года.
Старшыня аблвыканкама П.М.Руднік у ходзе ўрачыстасцей выказаў упэўненасць, што з адраджэннем палацава-паркавы ансамбль стане адной з галоўных славутасцей Беларусі і яшчэ адной адметнай кропкай на турыстычнай карце краіны.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА
і Яўгеніі КАРАНКЕВІЧ.
Аб 40-гадовым юбілеі Жыліцкай дзіцячай школы мастацтваў чытайце ў бліжэйшых нумарах “Кіраўца”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.