Грамадскасць таксама ў адказе за правапарадак

На чарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета па пытаннях барацьбы са злачыннасцю пад старшынствам кіраўніка райвыканкама У.У.Піскіжава супрацоўнікі раённых служб, прадпрыемстваў і арганізацый, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі грамадскасці на працягу некалькіх гадзін абмяркоўвалі шляхі вырашэння важных для жыццядзейнасці жыхароў раёна пытанняў: актывізацыя дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў і барацьбы са злачыннасцю; стан дарожнага і вытворчага траўматызму, прафілактыка п’янства і алкагалізму; работа грамадскіх пунктаў аховы парадку, добраахвотных дружын; папярэджванне злачынстваў маёмаснага характару; барацьба з карупцыяй.
П’янства хуткімі тэмпамі пранікае ў жыццё сучаснага грамадства. Сёлета ў нашым раёне тэмп росту рэалізацыі спіртнога праз сеткі гандлю і грамадскага харчавання павялічыўся. Так, тэмп продажу гарэлкі складае — 107%, лікёра-гарэлачнай прадукцыі — 122%, віна — 101%, каньяку — 122%, віна ігрыстага, у тым ліку шампанскага — 122%. Па падліках, праведзеных па выніках 8-мі месяцаў бягучага года, на душу насельніцтва нашага раёна прыходзіцца 30 літраў спіртнога.
Заклапочанасць выклікае рост правапарушэнняў, цяжкіх злачынстваў, учыненых жыхарамі раёна менавіта ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама выпадкаў смяротнасці ад атручвання алкаголем.
Як адзначыў намеснік начальніка РАУС А.Б.Патапенка, у параўнанні з мінулым годам колькасць злачынстваў скарацілася — з 259-ці да 192-х (34,9%), аднак жа ўсе яны былі ўчынены нецвярозымі грамадзянамі.
У раёне вядзецца комплексная мэтанакіраваная работа па барацьбе з п’янствам і, як следства, злачыннасцю. Традыцыяй стала ў кожны 25-ы дзень месяца праводзіць Дзень цвярозасці. Вырашана, што трэба не толькі спыняць продаж спіртнога ў магазінах, але і наладжваць у працоўных, вучнёўскіх калектывах прафілактычныя гутаркі.
Практыкуецца абмежаванне рэалізацыі алкагольных напіткаў у некаторых гандлёвых кропках раёна, напрыклад, такіх, як магазін “Рубін”, паблізу ад ліцэя №15, кафэ “Легенда” у а/г Жылічы, дзе адпачываюць рабяты з сельгаскаледжа. У гарадскім кафэ “Церемок” наогул забаранілі продаж спіртнога. Аднак разам з забаронай набыцця алкаголю моладзі трэба прапаноўваць альтэрнатыўны спосаб правядзення вольнага часу — культурна-забаўляльны. Над гэтым варта актыўней працаваць лідарам маладзёжнага руху раёна, культработнікам.
На тэрыторыі райцэнтра вызначаны “зоны цвярозасці”, у ліцэі №15 працуе пакой для непаўналетніх, на базе інтэрната №4 па вул.К.Маркса — пункт аховы грамадскага парадку, 8 такіх пунктаў адкрыты на тэрыторыях сельсаветаў.
На думку У.У.Піскіжава, трэба аднавіць практыку размяшчэння прозвішчаў грамадзян, якія злоўжываюць спіртным, на гарадской “Дошцы ганьбы”. Паколькі яе ўжо некалькі разоў ламалі, то, напэўна, эфект маецца.
Вырашана ўстанавіць камеры відэаназірання ў грамадскіх месцах, якія карыстаюцца папулярнасцю ў кіраўчан: рэстаран “Сузор’е”, кафэ “Спатканне” і “Смажанка”, магазіны “Меркурый”, “Цэнтральны” і “Спадарожнік”, раённы Дом культуры, аўтастанцыя. Супрацоўнікі РАУС прапанавалі наладзіць відэаназіранне на тэрыторыі гарадскога рынку і ў парку ў перыметры кафэ “Ля фантана”.
Для спынення крадзяжоў з аўтамабіляў будзе абсталявана ахоўваемая аўтастаянка. Мяркуецца, што яна размесціцца насупраць нарыхтоўчай канторы райспажыўтаварыства.
Па словах намесніка старшыні райвыканкама В.У.Гаршковай, належнага эфекту ад праводзімай работы можна дасягнуць толькі ў тым выпадку, калі ўсе адказныя службы будуць добрасумленна выконваць свае абавязкі, адказна працаваць на адведзеным ім участку работы. Намеснік старшыні ўказала на павярхоўнасць у рабоце добраахвотных дружын, якія сфарміраваны ў арганізацыях раёна. Недастатковая работа, на яе думку, праводзіцца з асобамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.
Старшыня райвыканкама дадаў, што ў ахове грамадскага парадку павінна быць актыўна задзейнічана сама грамадскасць, якая таксама, як і супрацоўнікі зацікаўленых структур, у адказе за ўсё, што адбываецца навокал. Не трэба быць абыякавымі, варта ўносіць свой пасільны ўклад у барацьбу са страшнай праявай жыцця сучаснага грамадства — п’янствам.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.