Ільнаводчая галіна: вынікі работы, перспектывы развіцця

На базе ААТ “Кіраўск-Лён” праходзіла выязная калегія камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні камітэта Д.У.Ігнаценкі. Групу ўдзельнікаў пасяджэння калегіі ад нашага раёна ўзначальваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу А.В. Осіпаў.
Былі падведзены вынікі ўборкі льну ў цэлым па вобласці і па рэгіёнах, выканання дзяржзаказу, даведзенага плана вытворчасці льновалакна і насення льну за 9 месяцаў бягучага года.
Удзельнікі наведалі вытворчыя ўчасткі завода, дзе назіралі, як наладжаны захоўванне і ачыстка насення (як вядома, ААТ “Кіраўск-Лён” з’яўляецца элітгасам па вырошчванні насення льну), а таксама тэхнічную аснашчанасць прадпрыемства.
Дырэктар завода С.І.Шалаш пракаменціраваў становішча спраў. Сёлета завадчане забяспечылі пасадку, догляд і ўборку льнотрасты на плошчы 1250 га, прычым зрабілі гэта механізаваным спосабам.
Далей кіраўнік адзначыў, што для павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемства ў снежні гэтага года было вырашана пакінуць для перапрацоўкі льнотрасты і вытворчасці льновалакна толькі адну паточную лінію, бо забяспечыць сыравінай дзве лініі на ўвесь год вельмі праблематычна. З-за перабояў з сыравінай назіраліся прастоі абсталявання і, адпаведна, рабочай сілы. Да таго ж абсталяванне лініі фізічна і маральна састарэла, часта выходзіла са строю, і з-за гэтага зноў жа былі прастоі, патрабаваліся дадатковыя сродкі на запчасткі.
За студзень — верасень гэтага года выпушчана прадукцыі ў фактычных цэнах на суму 1979 млн. рублёў або 218,7% да леташняга ўзроўню. Зараз лінія стопрацэнтна загружана, прастояў няма. Ёсць попыт на прадукцыю, стабільна ідзе яе рэалізацыя. Страты ад рэалізацыі зменшыліся амаль у 5 разоў: калі летась яны складалі мінус 55,8%, то зараз — мінус 11,6%, а выручка ад рэалізацыі льновалакна за студзень — жнівень на 71,5% пераўзышла адпаведны ўзровень мінулага года.
У ходзе наведвання падраздзяленняў завода вялася рамова і аб вырошчванні насення алейнага льну.
Д.У.Ігнаценка станоўча ацаніў захады, якія прадпрымае кіраўніцтва і калектыў завода па павышэнні эфектыўнасці работы і падкрэсліў, што, як бачна, ад гэтага ёсць адпаведная аддача.
У ходзе пасяджэння калегіі былі разгледжаны актуальныя пытанні работы і далейшага развіцця льнаводчай галіны вобласці.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.