«Мы ўсе — адзін за аднаго!»

Такая рэпліка гучала не раз падчас сустрэчы ва ўтульным доме сям’і Рублеўскіх у Хвайніцы.
… Калі ўся гэтая вялікая і дружная сям’я збіраецца разам у бацькоўскім доме, радасці і шчасцю няма межаў. Хоць і цеснавата становіцца, але, як гаворыцца, у цеснаце — не ў крыўдзе, калі побач — родныя, любячыя і любімыя людзі. Асаблівая пашана і павага — маці. Як з боку ўласных дзяцей, а іх у Наталлі Уладзіміраўны шасцёра, так і прыёмных — брата і сястры Васі і Ані. Але ўжо даўно Рублеўскія не дзеляць дзяцей на “сваіх” і “не сваіх”: усе для іх — самыя дарагія сэрцу, і за ўсіх яно аднолькава баліць.

Рашэнне аб тым, каб папоўніць іх і так немалую сям’ю дзецьмі, пазбаўленымі бацькоўскай увагі і пяшчоты, прымалі ўсе разам. І ні разу не пашкадавалі, што так зрабілі. Як адзначыла ў размове Наталля Уладзіміраўна, яны прывыклі, што ў іх доме заўжды шумна, шмат дзяцей, нават і чужыя прыходзілі гуляць, таму калі сям’я крыху прырасце — не будзе ў цяжар.
Сёння пяцёра дзяцей Рублеўскіх ужо дарослыя, маюць свае сем’і і ўнеслі свой “уклад” у прадаўжэнне роду — парадавалі бабулю з дзядулем шасцярымі ўнукамі; малодшая Мая, якая ў гэтым месяцы адзначыць дваццацігоддзе, — навучэнка Жыліцкага сельгаскаледжа.
Ужо дзесяты год, як паўнапраўныя члены гэтай сям’і Аня і Вася. Іх “знайшлі” ў Міхалёўскім сацыяльным прытулку. Калі сястрычка была шустрая, няўрымслівая і адразу выказала ахвоту накіравацца на новае месца жыхарства, то Вася, як успамінаюць Рублеўскія, не хацеў ехаць, баяўся і ў новым доме спачатку паводзіў сябе няўпэўнена. Але хутка, акружаныя клопатам і цеплынёй сямейнага ачага, дзеці сталі адчуваць сябе камфортна, усвядомілі, што яны — значныя асобы для ўсіх.
З бездапаможных першаклашак брат і сястра сталі прыгожымі, самастойнымі падлеткамі, стараннымі ў вучобе, хатніх справах. Яны, дзесяцікласнікі, будуюць ужо планы на будучыню. Вася захапляецца спортам і рыхтуецца паступаць у Магілёўскую школу міліцыі, Аня марыць аб прафесіі настаўніка роднай мовы і літаратуры. І ў іх марах іх будучыня непадзельная з гэтым домам, гэтай сям’ёй, дзе заўжды чакае МАМА. Менавіта так рабяты даўно завуць Наталлю Уладзіміраўну. “У нас ёсць дамоўленасць, што калі Вася і Аня паступяць вучыцца далей, на выхадныя і канікулы, і ўвогуле ў любы час будуць прыязджаць да нас у Хвайніцу, — адзначыла гаспадыня дома. — Куды ж ім без нас і нам без іх?! Мы нават, калі іх хрысцілі, хроснай мамай дачку нашу зрабілі, а татам — сына, каб калі што здарыцца з намі, дзеці нашы не пакінулі ніколі Аню і Васю”.
Муж і жонка Рублеўскія — пенсіянеры, да выхаду на заслужаны адпачынак працавалі на мясцовай ферме. Сёння ў іх вялікая хатняя гаспадарка: стараюцца, каб прадукты ў большасці былі свае. Самі працуюць, дзеці дапамагаюць. Цяпер у бацькоўскім доме часова жыве іх дачка Каця, якая сама не так даўно стала мамай. Яна прызналася ў размове: “Толькі зараз, калі сама маю дзіцяці, у поўнай меры ўсведамляю, як цяжка было нашай маме з намі, але яна ўсё паспявала і з усім спраўлялася. А Аню і Васю мы адразу прынялі ў сваю сям’ю, мы тады яшчэ самі школьнікамі былі, апякалі іх. Усё дзялілі пароўну, не крыўдзілі адзін аднаго.”
Аня і Вася адзначылі, што калі б ім прапанавалі намаляваць мамін партрэт, гэта былі б толькі яркія фарбы. Напярэдадні Дня маці пажадалі ёй не хварэць, быць у добрым настроі. А на пытанне, што б яны сказалі тым мамам, якія сваё вясёлае і бесклапотнае баўленне часу ставяць вышэй за ўсё ў жыцці — адказалі: яны б заклікалі іх не пакідаць сваіх дзяцей адных, не крыўдзіць іх, а любіць усім сэрцам, бо дзіця без маці — як тая былінка ў полі, адкрытая ўсім нягодам…
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.