Рацыянальнае выкарыстанне земляў — наша агульная задача

У нашай краіне вялікая ўвага надаецца пытанню рацыянальнага выкарыстання земляў. Актыўна працуе ў гэтым накірунку Любоніцкі сельскі выканаўчы камітэт. Тут праводзіцца мэтанакіраваная работа па ўцягненні ў сельскагаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых зямельных участкаў, якія некалі былі выдзелены грамадзянам.
На здымку: намеснік дырэктара ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» В.У.Бяляўскі, кіраўнік спраў Любоніцкага сельвыканкама С.У. Мелех і старшыня сельвыканкама В.В.Маркевіч абмяркоўваюць зробленае па добраўпарадкаванні прыдарожнай паласы каля вёскі Сяргеевічы.

За апошнія тры гады сельвыканкам перадаў у распараджэнне ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» 176 га пустуючых земляў. Сёлета гэтая плошча будзе складаць каля 20 га.
Пры вырашэнні зямельнага пытання сельскі Савет дэпутатаў цесна супрацоўнічае з землеўпарадкавальнай службай райвыканкама і знаходзіць поўнае разуменне і падтрымку з боку кіраўніцтва райаграпрамтэхзабеспячэння.
— Не сакрэт, што вёска старэе, — адзначае старшыня Любоніцкага сельвыканкама В.В.Маркевіч, — і многія людзі не ў стане апрацоўваць зямлю — участкі зарастаюць пустазеллем, тым самым ствараючы пагрозу распаўсюджвання насення пустазелля на прылягаючыя ўчасткі, а ў вясенне-асенні перыяд наогул — пагрозу ўзнікнення пажараў.
Зразумела, гэта намаганні не аднаго дня, і самае карпатлівае тут — работа з людзьмі. У прыватнасці, пытанне па адабранні ўчасткаў у Сяргеевічах, плошча якіх складае адпаведна каля 7 гектараў, абмяркоўвалася літаральна з кожным былым уладальнікам.
Загадзя ўсім былі высланы паведамленні з просьбай не засяваць участкі азімымі культурамі да абазначанай мяжы, абмяркоўвалася пытанне падчас сустрэч з насельніцтвам. І кожны чалавек ці то ў прыватнай гаворцы, ці то па тэлефоне даў адказ, што не мае ніякіх прэтэнзій і згодны з прынятым рашэннем. Мы ўдзячны людзям за разуменне важнасці вырашаемага пытання: зямля ж абмежаваная ў сваіх памерах, таму наша агульная задача — дабіцца рацыянальнага яе выкарыстання. А калі чалавек можа і хоча працаваць на зямлі, то мы абавязкова выдзелім яму іншы ўчастак узамен на забраны і нават дапаможам у першапачатковай апрацоўцы.
Згодны з такім падыходам да вырашэння пытання і намеснік дырэктара райаграпрамтэхзабеспячэння В.У.Бяляўскі. Гэта і зразумела. Сёння сельгасарганізацыі маюць энерганасычаную тэхніку, якой цяжка, ды і наогул немагчыма апрацоўваць малыя ўчасткі зямлі. Калі ж землі перадаюцца гаспадарцы адным масівам, як, напрыклад, у Сяргеевічах, то хутка будзе бачны і вынік сумеснай працы.
Любоніцкі сельвыканкам плануе працягваць работу па інвентарызацыі пустуючых зямельных участкаў і ў астатніх населеных пунктах сельсавета, асабліва ў асенне-вясенні перыяд, калі работы на зямлі завершаны.
Думаецца, гэты прыклад варты для пераймання ў сельвыканкамах, дзе тэмпы работ па вырашэнні пытанняў рацыянальнага выкарыстання земляў прымушаюць жадаць лепшага.
Галіна РУСЕЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.