Рады і навучэнцам, і маладым выкладчыкам

Мабыць, у большасці з нас самай яскравай і запамінальнай старонкай у жыццёвай біяграфіі з’яўляюцца гады вучобы ў каледжах, ВНУ. На іх парог мы ступаем не жаўтаротымі птушанятамі, як першаклашкі ў школу, а юнымі, энергічнымі, поўнымі надзей і шчырых імкненняў зрабіць свет лепей хлопцамі і дзяўчатамі.На здымку: парады навучэнцам дае В.У.Цітарэнка.
Гады вучобы — гэта часіны абагачэння ведамі, цікавых сустрэч і знаёмстваў, адкрыццяў і поспехаў, пошукаў адказаў на востра хвалюючыя жыццёвыя пытанні, шчырага сяброўства і першага кахання… А яшчэ — гадзіны, праведзеныя ў дарозе паміж домам і месцам вучобы, доўгачаканыя перадачы, з любоўю сабраныя бацькамі, бясконцыя тэлефонныя перагаворы з роднымі… Прыкладна так выглядае жыццё навучэнцаў і студэнтаў. Хтосьці ўжо прыстасаваўся да падобнага ладу жыцця, а камусьці сёлетні верасень толькі адкрыў шлях у цікавую і насычаную краіну.
У сценах Жыліцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага каледжа ў пачатку гэтага навучальнага года сустрэлі 99 першакурснікаў — юнакоў і дзяўчат з населеных пунткаў раёна і іншых куткоў Беларусі, якія вырашылі авалодаць азамі сельскагаспадарчых прафесій.
Гісторыя сельгаскаледжа вядзе свой адлік з 1948 года. Слаўныя традыцыі, заснаваныя тут, у саўгасе-тэхнікуме перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Зараз у каледжы, як і раней, рыхтуюць аграномаў, а таксама тэхнікаў-тэхнолагаў, плодаагароднінаводаў, арганізатараў вытворчасці. Штогод прыкладна трэцяя частка выпускнікоў паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі. Цесныя дзелавыя і сяброўскія сувязі сельгаскаледж наладзіў з Бранскай дзяржсельгасакадэміяй Расійскай Федэрацыі.
У гэтым годзе ў Жыліцкім дзяржсельгаскаледжы вучыцца больш пяцісот юнакоў і дзяўчат. 66 спецыялістаў — гэта кіраўнікі і педагагічныя работнікі ўстановы — наладжваюць для іх вучэбны працэс.
Педагагічны калектыў каледжа з радасцю сустракае маладых спецыялістаў-выкладчыкаў. Людміла Напраенка і Васіль Цітарэнка — з іх кагорты. Людміла Іванаўна выкладае рабятам замежную мову і гісторыю. Азамі педагагічнай прафесіі авалодала ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.Куляшова. У Жылічах працуе другі год, а сама родам са Шклоўскага раёна. Малады выкладчык адзначае, што працуецца ёй з задавальненнем, а з далейшымі прафесійнымі планамі пакуль яшчэ не вызначылася.
Неардынарныя і крэатыўныя падыходы да педагагічнай справы вынаходзіць выкладчык замежнай мовы Васіль Цітарэнка. Зусім нядаўна Васіль Уладзіміравіч сам быў студэнтам — вучыўся ў Мазырскім педінстытуце. Цяжкасці і хваляванні навучэнцаў каледжа яму блізкія, а таму і агульную мову з рабятамі знаходзіць не складана.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.