У клубе маладых і паспяховых

Па ініцыятыве аддзела па справах моладзі райвыканкама і райкама ГА “БРСМ” у раёне арганізаваны клуб маладых спецыялістаў. Свае сустрэчы ўдзельнікі аб’яднання вырашылі наладжваць ва ўтульнай зале гарад-скога кафэ “Церамок”. На першым пасяджэнні, якое адбылося ў ліпені, рабяты знаёміліся адзін з адным, абмяркоўвалі арганізацыйныя пытанні дзейнасці свайго аб’яднання. На мінулым тыдні прайшла другая сустрэча, прысвечаная тэме адаптацыі маладых спецыялістаў на сваіх першых рабочых месцах.
У пасяджэнні прымалі ўдзел больш за 30 маладых спецыялістаў з розных арганізацый і ўстаноў Кіраўшчыны, а таксама госці, якія далі рабятам карысныя парады, падзяліліся жыццёвым вопытам.

Сёлета працаваць yа карысць нашага раёна прыбылі выпускнікі розных навучальных устаноў краіны. Хтосьці з рабят — мясцовы, многія — жыхары іншых гарадоў і вёсак. Маладым людзям быў паказаны дакументальны відэафільм аб жыцці, асноўных накірунках дзейнасці, сацыяльна-эканамічным становішчы Кіраўшчыны.
Аб напрамках рэалізацыі ў раёне маладзёжнай палітыкі расказаў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Гіраеўскі, дарэчы, яшчэ на першым пасяджэнні клуба ён абраны яго гаспадаром, а бухгалтар СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Алена Харамецкая — гаспадыняй.
З дзейнасцю раённай арганізацыі ГА “БРСМ” прысутных пазнаёміла другі сакратар райкама грамадскага аб’яднання Вікторыя Літвінка.
Разам з начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н.П.Суравец юнакі і дзяўчаты абмеркавалі пытанні прадастаўлення гарантый і льгот маладым спецыялістам пры працаўладкаванні, у жыллёвай і бытавой сферах.
Спецыяліст гарадскога філіяла ААТ “ААБ “Беларусбанк” А.А.Лізунова растлумачыла ўмовы крэдытавання выпускнікоў дзяржаўных навучальных устаноў згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №631 “Аб дадатковых мерах па павышэнні зарабатнай платы і прадастаўленні льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян”. Адпаведны крэдыт выдаецца на працягу двух год пасля заканчэння навучальных устаноў для набыцця маладымі спецыялістамі хатняй маёмасці (мэбля, халадзільнік, тэлевізар, газавая альбо электрычная пліта, пральная машына) і тавараў першай неабходнасці (вопратка, абутак, пасцельная бялізна, посуд).
Цікавыя парады і шчырыя пажаднні юнакам і дзяўчатам, якія толькі-толькі ступілі на свой прафесійны шлях, выказалі госці сустрэчы.
Намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова:
— Усё трэба рабіць паступова, поспех сам па сабе не прыходзіць. Дзеля гэтага трэба шмат працаваць, назапашваць вопыт. Не адчайвайцеся, калі штосьці не будзе атрымлівацца, не сядзіце склаўшы рукі. Займайце актыўную жыццёвую пазіцыю, болей кантактуйце адзін з адным і са сваімі старэйшымі калегамі і сябрамі. Паверце, калі вы звернецеся за дапамогай, вам абавязкова падкажуць, падтрымаюць.
“Не саромейцеся, не губляйцеся пры цяжкасцях, імкніцеся да поспеху!” — такую параду выказаў старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” В.В.Маркевіч, які сам мае багаты працоўны і жыццёвы вопыт.
Сёлета армію медработнікаў раёна папоўнілі 6 маладых спецыялістаў: Дзмітрый Іваніцкі, Кацярына Багданава, Яўгенія Ставер, Яўгенія Казарава, Таццяна Белазор, Ганна Давыдовіч. Разам з імі на пасяджэнне клуба завітала галоўны ўрач райбальніцы А.А.Круцько:
— Маладым медработнікам і астатнім прысутным тут рабятам шчыра жадаю, каб у прафесійным жыцці вам спадарожнічалі поспех і аптымізм. Паверце, калі толькі захочаш, усё абавязкова збудзецца. Самарэалізавацца можна не толькі, калі жывеш і працуеш у мегаполісе, але і ў такім невялікім гарадку, як наш Кіраўск. Я сама нарадзілася і вырасла ў вялікім горадзе, вучылася — таксама. Але ж 30 год таму выйшла замуж і пераехала жыць і адпаведна працаваць у невялікі райцэнтр. Ніколькі не шкадую, я знайшла сябе, рэалізавалася ў абранай справе. Таму не сумуйце, што вас размеркавалі працаваць у правінцыю, ваш поспех залежыць толькі ад вас. У добры шлях!
Маладых настаўнікаў вітала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама А.М.Каранкевіч:
— Многія педагогі, якіх размяркоўваюць працаваць у навучальныя установы райцэнтра, — жыхары вялікіх гарадоў. Шмат рабят прыязджае з нашага абласнога цэнтра. Хочыцца адзначыць, што і ў маленькім гарадку можна рэалізаваць сябе. Вось мой асабісты прыклад. Нарадзілася і вырасла ў Барысаве, вучылася ў Мінску. Калі прыехала ў Кіраўскі раён на сваё першае месца работы, мяне пасялілі ў звычайную вясковую хатку, думала, хутка адпрацую паляжны тэрмін і паеду дадому. Але ж сустрэла сваю другую палову, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, да таго ж атрымала другую вышэйшую адукацыю. Адным словам, зараз ніколькі не шкадую, што лёсам было наканавана прыехаць у Кіраўскі раён. Імкніцеся да лепшага, як гаворыцца, пад ляжачы камень вада не цячэ.
Сустрэча прадаўжалася каля трох гадзін. За кубкам чаю з пірожнымі, цукеркамі і пячэннем (спонсарам выступіла раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”) рабяты дзяліліся адзін з адным сваімі праблемамі. Самая актуальная з іх — юнакам і дзяўчатам няма дзе насычана і цікава праводзіць вольны час вечарам, заводзіць новыя знаёмствы. Арганізацыя гарадской дыскатэкі, шчыра кажучы, прымушае жадаць лепшага таксама, як і арганізацыя адпачынку ў папулярным сярод моладзі гарадскім кафэ “Спатканне”. Многіх маладых спецыялістаў, акрамя адпачынку хвалюе жыллёвае пытанне і іншыя.
Падчас пасяджэння маладыя супрацоўнікі аддзела культуры раёна, выхаванцы Цэнтра дадатковай адукацыі прадстаўлялі творчыя нумары.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.