Віншавальных слоў будзе мала…

У пачатку кастрычніка ў нашай школе прайшло свята, прысвечанае Дню настаўніка і Дню пажылых людзей. На жаль, мая бабуля — Валянціна Іосіфаўна Кавалёва не змагла пабываць на свяце. Адразу пасля канцэрта я вырашыла сама завітаць да бабулі і павіншаваць яе.
Бабуля, як і заўсёды, была занята хатнімі справамі. Я адразу кінулася дапамагаць ёй, нават запамятавала, з якой мэтай прыйшла. Разам мы знеслі гарбузы з агарода, вынеслі смецце з двара, прыбралі пакоі ў доме. Прыйшоў час адпачынку. Бабуля запрасіла мяне на кубак чаю. У такія хвіліны я заўсёды прашу расказаць што-небудзь аб яе жыцці, якое не было лёгкім.
Нарадзілася мая бабуля ў 1930 годзе, у сям’і невялікага дастатку. У 10 гадоў стала сіратой, бацьку забілі немцы. З ранняга дзяцінства давялося зведаць цяжар напружанай вясковай працы. З 15-ці гадоў ужо самастойна працавала даяркай на ферме.
Нягледзячы на ўсе жыццёвыя пакуты і цяжкасці, яна засталася добрым і чулым чалавекам. Бог падараваў маёй бабулі чацвярых дзетак.
А яшчэ мая бабуля ведае шмат казак, прыгожа спявае. Дарэчы, спявае і падчас працы, і падчас адпачынку.
У адзін момант, гледзячы на працавітыя рукі сваёй бабулі, я зразумела, што віншавальных слоў мала, каб выказаць ёй усю любоў і ўдзячнасць, якія ў маёй душы.
Сёння, у Дзень маці, я зноў прыйду да сваёй любімай бабулі і не толькі з віншавальнымі словамі, а і дапамагчы па хатняй гаспадарцы.
Дзякуй табе, бабуля, за тое, што ты ў мяне ёсць!
Марыя КАВАЛЁВА,
вучаніца 7 класа Чыгірынскай СШ,
член аб’яднання
па інтарэсах “Юны журналіст”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.