Як працуецца і жывецца сельскаму бізнесмену?

14 год таму жыхар вёскі Любонічы Фёдар Матлах вырашыў паспрабаваць заняцца прыватным бізнесам — наладзіць вытворчасць вырабаў з драўніны. За гэты час ён прайшоў шлях ад звычайнага індывідуальнага прадпрымальніка да дырэктара прыватнага прадпрыемства “АлМак-Плюс”. Аб тым, з чаго ўсё пачыналася і як ідуць справы зараз, — наша размова з сельскім бізнесменам.
— Фёдар Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, з чаго пачалася арганізацыя вашага бізнесу, як наогул узнікла ідэя адправіцца ў “свабоднае плаванне”?
— Усё пачалося ў 1997 годзе. На той час я працаваў у Бабруйскіх электрасетках. Не скажу, што дрэнна працавалася, нармальна, але ж было адчуванне, што гэта не мой шлях, трэба паспрабаваць штосьці яшчэ. Аднойчы мой добры знаёмы — былы дырэктар Любоніцкай школы М.К.Алейні-каў падаў думку, што варта паспрабаваць заняцца сваім бізнесам. Так з’явілася думка, якая не давала мне спакою і ў хуткім часе падштурхнула да канкрэтных дзеянняў.
Пачынаў з індывідуальнага прадпрымальніцтва, у 2003 годзе рэарганізаваў сваю справу ў прыватнае прадпрыемства “АлМак-плюс”. Зараз на вы-творчасці задзейнічана каля паўсотні чалавек, а ў першыя гады працавала ўсяго толькі 7 работнікаў.
Мы займаемся распілоўкай драўніны, вырабам дошкі, зборкай паддонаў. Рэалізуем сваю прадукцыю як на айчынным рынку, так і на замежным. У ліку кропак збыту — Кіраўскае рай-спажыўтаварыства, прадпрыемствы Асіповіцкага і Бабруйскага раёнаў, Гомельшчыны.
Некалькі год таму на базе “АлМак-Плюс” стварылі яшчэ адно прадпрыемства — “Трымікс”, якое займаецца перапрацоўкай драўніны для вырабу дранкі. Яе купляюць Кіраўскае і Бабруйскае УКП “Жылкамгас”, Бабруйскія цепласеткі.
— Калі не сакрэт, з чаго складаўся ваш першапачатковы капітал?
— Вядома, у пачатку дзейнасці складана было знайсці сродкі, неабходныя для арганізацыі вы-творчасці. Грошы збіраў усюды, дзе толькі магчыма, маю на ўвазе пазыкі — у родных, сяброў, знаёмых. Людзі паверылі ў мае сілы, пазычылі грошы. Як толькі больш-менш справы пачалі ла-дзіцца, усё ім вярнуў.
А вось для стварэння ПУП “Трымікс” пазыку ўзялі ў дзяржавы, аформілі банкаўскі крэдыт на суму каля 180 мільёнаў рублёў з умовай стварэння дадатковых рабочых месцаў. Крэдыт ужо выплацілі.
— Фёдар Мікалаевіч, у статусе бізнесмена вы ўжо 14 год. Ці хвалюецеся наконт канкурэнцыі альбо наогул яе не адчуваеце?
— Так, канкурэнцая ў дрэваапрацоўчай галіне ў нашай краіне ёсць, але ж смела магу сказаць, што асабіста мяне яна ўжо не пужае. Чаму? Растлумачу. На першых парах, калі пачалі ладзіцца справы, заробленыя грошы я не адкладваў, як гаворыцца, у панчоху, а амаль што ўсё ўкладваў у пашырэнне вытворчасці. Не шкадаваў сродкаў на набыццё новага якаснага абсталявання, будаўніцтва і добра-ўпарадкаванне рабочых і адміністрацыйных памяшканняў. А калі створаны добрыя ўмовы для працы, у распараджэнні работнікаў — новыя станкі, драбілкі, то, адпаведна, і якасць выпускаемай прадукцыі паляпшаецца, а значыць, — і попыт.
— Пры набыцці абсталявання якім вытворцам аддавалі перавагу?
— Выкарыстоўваем як айчыннае, так і замежнае абсталяванне. Вытворчыя стужкі, станкі, драбілкі, іншую тэхніку закуплялі на сталічных заводах, у Дзяржынску. Ёсць у нас таксама нямецкае, польскае абсталяванне.
— А дзе набываеце сыравіну для наладжвання вытворчасці?
— Маюцца ў нас дамовы з Бабруйскім, Быхаўскім і Асіповіцкім лясгасамі. Нарыхтоўку сыравіннай драўніны праводзім сваімі сіламі. Для гэтага ёсць некалькі брыгад рабочых, адпаведная тэхніка.
— Фёдар Мікалаевіч, калі вы ўжо загаварылі аб рабочых брыгадах, давайце “пераключымся” з вывторчых пытанняў на гутарку аб рабочым патанэцыяле вашага прадпрыемства. Жыхары якіх населеных пунктаў у вас працуюць, як наладжваеце работу менавіта з людзьмі?
— Як я ўжо гаварыў, калектыў прадпрыемства — каля 50-ці чалавек. Гэта жыхары Любоніч і навакольных населеных пунктаў: Казуліч, Кострыч, Кострыцкай Слабодкі, Стаўпішч, Сяргеевіч і іншых вёсак. На прадпрыемстве маецца свой аўтобус, які дастаўляе людзей на работу, напрыканцы працоўнага дня развозіць па месцы жыхарства.
У ліпені бягучага года сярэдняя заработная плата склала 1 мільён 300 тысяч рублёў. У верасні зарплату павялічылі на 30%, мяркуем, што ў кастрычніку дасягнём сярэдняга ўзроўню зарплаты ў 2 мільёны рублёў.
З упэўненасцю адзначаю, што на маім прад-прыемстве няма сітуацыі, калі на наступную раніцу пасля выплаты зарабатнай платы хтосьці не выйдзе на работу. Мы выкаранілі п’янства, прагулы, спазненні на змены, строга сочым за выкананнем тэхнікі бяспекі. Стараюся стварыць людзям спрыяльныя ўмовы для работы, дастойна аплочваць іх працу, а ў замен патрабую адказнасці і добрасумленнасці пры выкананні абавязкаў.
Запрыкмеціў цікавы факт: калі ў якасці пакарання пазбаўляеш работніка прэміі ў поўным аб’ёме, то эфект — нулявы, калі пазбаўляеш 10 — 15 працэнтаў, то ў падначаленага з’яўляецца стымул выправіцца.
— Акрамя таго, што вы забяспечваеце вяскоўцаў работай, яшчэ і актыўна займаецеся дабрачыннасцю. У адным з нумароў “раёнка” паведамляла чытачам, што вы аказалі спонсарскую дапамогу Любоніцкаму сельскаму Дому культуры — выдзелілі прыкладна 12 мільёнаў рублёў на набыццё новай музычнай апаратуры. Па якіх матывах?
— У Любонічах я нара-дзіўся, вучыўся ў мясцовай школе, застаўся жыць, тут выраслі мае дзеці, таму люблю гэты куточак шчыра і адкрыта, усёй сваёй душой. Балюча бачыць, як падрастаючае пакаленне часам бязмэтна бавіць час, не ведае, дзе прымяніць свае здольнасці. Хоць нейкім чынам дапамагчы ім самарэалізавацца — і ёсць асноўны матыў. Таму і Дому культуры матэрыяльную дапамогу аказаў, і мясцовай школе, па магчымасці, дапамагаю.
— А колькі ў вас сваіх дзяцей?
— Разам з жонкай мы вырасцілі двух сыноў — нашу гордасць. Дарэчы, назва “АлМак-Плюс” нарадзілася са спалучэння мёнаў маіх сыноў — Аляксандра і Максіма. А “Трымікс” азначае “сувязь пакаленняў”, дарэчы, кіруе гэтым прадпрыемствам мой сын Аляксандр.
— Цікава, у колькі ж пачынаецца рабочы дзень сельскага бізнесмена, і ці застаецца час для адпачынку?
— У колькі пачынаецца мой рабочы дзень?.. Да-кладна і не скажу, як правіла, на рабоце я раней за ўсіх. Трэба ўсё праверыць, распланаваць дзень, падрыхтавацца да планёркі са спецыялістамі. Вядома, на адпачынак часу няшмат. Але ж калі-небудзь удаецца парыбачыць, схадзіць з сябрамі на паляванне.
— У якія лясы ходзіце на паляванне?
— Вядома ж, у мясцовыя! Я ж тут кожную сцяжынку ведаю з дзяцінства! І рыбачу таксама на блізляжачых да раёна вадаёмах.
— Якую самую вялікую рыбіну ўдалося вылавіць?
— Вось якраз гэтым летам на Бярэзіне вылавіў сома вагой каля 7 кілаграмаў. Зварылі з яго юшку.
— Напрыканцы нашай гутаркі, што б вы пажадалі тым, хто яшчэ толькі “вынашвае” думку заняцца прыватным бізнесам? Што трэба, каб утрымацца на плаву і дасягнуць поспеху?
— Трэба рабіць усё згодна патрабаванняў Закону. Працаваць па сумленні, з павагай ставіцца да людзей.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Аляксандра ХАХЛОВА

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.