З адказнасцю і прафесіяналізмам

З вынаходніцтвам кола пачалася гісторыя ўсіх наземных відаў транспарту, якому ў нашы дні належыць значная роля ў жыцці чалавека. Дзякуючы аўтамабілям мы можам пераадольваць значныя адлегласці, своечасова дастаўляць пасажыраў і грузы. Прапарцыянальна колькасці аўтамабіляў расце і колькасць прафесій, якія абслугоўваюць аўтатранспарт. Акрамя вадзіцеляў Дзень аўтамабіліста і дарожніка адзначаюць рамонтныя рабочыя, кіраўнікі аўтатранспартных прадпрыемстваў, інжынерна-тэхнічныя работнікі. Без іх самаадданай, плённай працы немагчыма існаванне аўтатранспартнай галіны. Але ж прафесія вадзіцеля была і застаецца адной з самых масавых, паважаных і запатрабаваных.
Аб дзейнасці калектыву Кіраўскага філіяла Аўтапарк №14 ААТ “Магілёўаблаўтатранс” расказвае яго дырэктар І.А.ГЛАЗКОЎ:
— Калектыў нашага аўтапарка налічвае крыху больш за 80 чалавек і прадметам яго дзейнасці з’яўляецца забеспячэнне патрэб суб’ектаў гаспадарання незалежна ад форм уласнасці і насельніцтва ў пасажырскіх і грузавых перавозках.
Наш тэхнічны парк налічвае 17 грузавых аўтамабіляў агульнай грузападымальнасцю 309 т, 3 прычэпы на 31,2т, а таксама 15 аўтобусаў агульнай умяшчальнасцю 363 пасажыры.
Грузавым транспартам перавозім дарожна-будаўнічыя грузы, сельскагаспадарчую прадукцыю, а таксама ажыццяўляем міжнародныя перавозкі.
Абслугоўваем 19 прыгарадных і 3 міжгароднія маршруты. Іх агульная працягласць складае 1543 км. За месяц нашы аўтобусы “прабягаюць” у сярэднім 73,3 тыс.км. Дарэчы будзе сказаць, што аб’ём пасажыраперавозак узрос у параўнанні з мінулым годам, і па колькасці перавезеных пасажыраў нас пераўзыходзяць толькі Магілёўскі, Бабруйскі і Асіповіцкі раёны! Трэція ў вобласці мы (уступаем Магілёву і Бабруйску) і па агульным прабегу аўтобусаў, які за студзень—жнівень гэтага года склаў 552,1 тыс.км.
Выконваюцца аўтапаркам і разавыя заяўкі ад арганізацый і насельніцтва на пасажырскія перавозкі.
У цэлым жа за 9 месяцаў года аўтапарк спрацаваў з наступнымі вынікамі: грузавыя перавозкі далі прыбытак у 45 млн. рублёў, пасажыраперавозкі на прыгарадных маршрутах “адмінусавалі” 176,2 млн рублёў, міжгароднія — 7,7 млн. рублёў. У выніку чысты прыбытак па аўтапарку склаў 2,5 млн.руб.
Як станоўчае трэба адзначыць, што выручка ад рэалізацыі работ, паслуг па аўтапарку ўзрасла на 83% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Перавезена 173,2 тыс.т грузаў, што больш леташняга, грузаабарот узрос на 43,8%, у асноўным за кошт міжнародных перавозак.
Нягледзячы на тое, што пасажыраперавозкі застаюцца стратным артыкулам нашай дзейнасці (самаакупляльнасць на прыгарадных перавозках складае 50%), імкнемся максімальна якасна абслугоўваць аўтобусныя марштуры, з тым, каб жыхары самых маланаселеных і аддаленых вёсак раёна мелі роўныя з іншымі магчымасці выехаць па справах у патрэбны ім пункт прызначэння.
Сярэдняя зарплата па аўтапарку за 9 месяцаў года склала 1326,9 тыс. руб, што больш адпаведнага перыяду мінулага года на 35,1%. Пры гэтым тэмп росту вытворчасці працы апярэджвае рост зарплаты на 35%.
Калектыў аўтапарка імкнецца на фоне якаснага абслугоўвання кліентаў, захавання маршрутнай сеткі паляпшаць вынікі сваёй фінансава-эканамічнай дзейнасці. Асноўнай задачай, пастаўленай перад аўтапаркам з’яўляецца ліквідацыя стратнасці. З гэтай мэтай скарочаны на 0,2% аб’ёмы спажывання гаруча-змазачных матэрыялаў па прыгарадных маршрутах. Узмоцнены кантроль за паступленнем выручкі, збіраемай вадзіцелямі аўтобусаў, скарочана спажывнне ТЭР. Праводзіцца штодзённы маніторынг стратных маршрутаў, па іх выніках робіцца аптымізацыя маршрутнай сеткі. Варта адзначыць, што аптымізацыя маршрута Кіраўск — Казулічы — Бабруйск за 7 дзён дазволіла скараціць страты на 3,9 млн.рублёў.
Акрамя традыцыйных грузавых і пасажырскіх перавозак, ажыццяўляем і іншыя віды дзейнасці. Так, з 2007 года у нас працуе станцыя дыягностыкі, а з 2009 г. — станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. Абедзве карыстаюцца попытам у насельніцтва. Да таго ж, зараз у нас з’явілася магчымасць пры выяўленні на станцыі дыягностыкі няспраўнасці аўтамабіля ўхіліць яе на месцы. На тэрыторыі станцыі тэхнічнага абслугоўвання адкрыты магазін запчастак, дзе можна набыць неабходнае для рамонту аўтамабіля. Усё разам прынесла аўтапарку за 9 месяцаў года 44,2 млн.рублёў прыбытку.
Вынікі дасягнуты дзякуючы адказнай рабоце ўсяго калектыву, які з разуменнем ставіцца да існуючай сітуацыі, імкнецца добрасумленна выконваць ускладзеныя абавязкі і пастаўленыя задачы. Словы асаблівай ўдзячнасці хочацца выказаць нашым лепшым работнікам, сярод якіх А.А.Вішнеўскі, А.М. Бычкоў, В.С.Пацыенак, П.В.Рымараў, В.В.Харамовіч, І.Я. Дзегцяроў і многія іншыя.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.