Аб адказнасці падлеткаў за свае ўчынкі

Прафілактыцы злачынстваў, правапарушэнняў і п’янства сярод непаўналетніх у раёне надаецца значная ўвага, як і рабоце з сацыяльна няўдачнымі сем’ямі. Гэтым пытанням, улічваючы іх актуальнасць, была прысвечана чарговая “прамая тэлефонная лінія”, праведзеная на базе рэдакцыі сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама. Тэлефанаваўшым на “прамую лінію” адказвалі: начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А.А.Літвінка, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Т.Р.Баранава, галоўны спецыяліст па ахове правоў дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама С.М.Токарава.
— Ці могуць быць апекунамі, або прыёмнымі бацькамі, або бацькамі-выхавальнікамі людзі, якія ў свой час былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах уласнага дзіцяці, а потым дзякуючы выпраўленню паводзін, змене ладу жыцця адноўлены ў бацькоўскіх правах?
Надзея Іванаўна,
жыхарка райцэнтра.
— Органы апекі і папячыцельства пры падрыхтоўцы заключэння па заяве такога характару, акрамя таго, што патрабуюць, згодна дзеючага заканадаўства, неабходны пакет дакументаў, улічваюць таксама асобасныя якасці грамадзяніна, яго здольнасць выконваць бацькоўскія абавязкі. Калі чалавек быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у сувязі з тым, што вёў амаральны лад жыцця, злоўжываў спіртнымі напіткамі, працяглы час не працаваў, тым самым не задавальняў жыццёвыя патрэбы свайго дзіцяці, як яму даверыць лёс чужога дзіцяці? Згадзіцеся, што не выключана рызыка вяртання да ранейшага ладу жыцця. А ўвогуле пытанне, падобнае на зададзенае Вамі, вырашаецца індывідуальна ў кожным выпадку. І, зразумела, тэрмін вядзення дастойнага ладу жыцця паівнен быць унушальным.
— За якія правапарушэнні часцей за ўсё нясуць адміністрацыйную адказнасць падлеткі?
Аляксей, 16 год.
— Непаўналетнія нясуць адміністрацыйную адказнасць часцей за ўсё за распіцце алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку, грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах, а таксама з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе, абражаючым чалавечую годнасць і маральнасць. Нярэдкія выпадкі прыцягнення да адказнасці за дробнае раскраданне, дробнае хуліганства, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці.
— Ці прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці бацькі за ўчыненне іх непаўналетнімі дзецьмі правапарушэння?
Тэлефанаваўшы
пажадаў застацца інкогніта.
— Прыцягваюцца, згодна артыкула 9.4 Кодэкса РБ “Аб адміністрацыйных правапарушэннях”: “Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей”. Калі бацькі або асобы, іх замяняючыя, не выконваюць абавязкі па выхаванні непаўналетніх дзяцей, і гэта прыводзіць да ўчынення непаўналетнім ва ўзросце да 16 гадоў правапарушэння, яны прыцягваюцца да адказнасці. Па шэрагу артыкулаў Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў непаўналетнія нясуць адказнасць з 14 год.
— Пры якіх умовах падлетак знімаецца з уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў?
Л.Р.Данілава,
в.Лёўкавічы.
— Мінімальны тэрмін знаходжання на прафілактычным уліку — 6 месяцаў. Калі за гэты перыяд падлетак не прыцягваўся да адказнасці, характарызуецца па месцы, вучобы, работы, жыхарства станоўча, вырашаецца пытанне аб зняцці яго з уліку, у зваротным выпадку тэрмін знаходжання на прафілактычным уліку працягваецца зноў на 6 месяцаў.
— Цікава ведаць, ці нясуць адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі або апекуны за правапарушэнні, злачынствы, учыненыя іх выхаванцамі?
В.П.Таранава,
а/г Барсукі.
— Нясуць адказнасць, якую ў такім выпадку неслі б біялагічныя бацькі.
— Пражываю ў трохпакаёвай кватэры разам з непаўналетнімі дзецьмі. Хачу памяняць кватэру на дом. Ці магчыма гэта?
Кацярына, г.Кіраўск.
— Абмен можа быць ажыццёўлены ў тым выпадку, калі пры гэтым не пагоршацца ўмовы пражывання непаўналетніх дзяцей. Магчыма, кватэра была добраўпарадкаванай, а дом не мае каналізацыі ці газу, або нейкіх іншых зручнасцей. Абмен павінен быць раўнацэнным па зручнасцях жылля.
Пры наяўнасці непаўналетніх дзяцей пытанне аб магчымасці абмену жылля разглядаецца райвыканкамам усебакова і вырашаецца з улікам інтарэсаў дзяцей.
На “прамой лініі” дзяжурыла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.