Ад зернейка да духмянага караваю

Праблема якасці — адна з самых прыярытэтных у эканоміцы, паколькі ў сучасных умовах якасць з’яўляецца ключом да поспеху ў дзейнасці любога прадпрыемства, любой галіны.
Сусветны дзень якасці, які праводзіцца ў другі лістападаўскі чацвер, накіраваны на павышэнне значнасці высокай якасці прадукцыі і паслуг, а таксама актывізацыю дзейнасці, якая накіравана на прыцягненне ўвагі да праблем якасці. Бо, урэшце, размова вядзецца не толькі аб бяспецы тавараў для чалавека і навакольнага асяроддзя, але і ступені задавальнення запытаў і чаканняў спажыўцоў.
Пытанням павышэння якасці прадукцыі надаецца першаступовая ўвага ў вытворчым аддзеле райспажыўтаварыства, у які з 1 жніўня бягучага года рэарганізаваны камбінат кааператыўнай прамысловасці.

Жытнёвы хлеб мы па старой звычцы завем «чорным». Але сучасныя тэхналогіі дазваляюць раённым кааператарам выпускаць 7 гатункаў жытнёва-пшанічнага, 16 — белабулачных вырабаў, асартымент якіх пастаянная аднаўляецца. Прадукцыя карыстаецца попытам у пакупнікоў і, больш таго, высока ацэнена на выставах прафесійнага майстэрства.
Вытворчыя магутнасці цэха дазваляюць выпускаць каля 5-ці тон хлеба і хлебабулачных вырабаў штодня. Работа не спыняецца ні днём, ні ўначы і вядзецца ў дзве змены. Значная ўвага надаецца абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы цэха. Зараз вытворчым аддзелам пакуецца і наразаецца каля 15 % усяго выпечанага хлеба. Як паведаміла начальнік вытворчага аддзела С.М. Васільева, на наступны год плануецца закуп тэрмаўсаджвальнай машыны для пакавання хлеба.
Адной з самых папулярных выпечак цэха лічыцца пляцёнка «Павуцінка», вытворчасць якой узрасла на працягу года ад 400 да 2700 штук. Наогул жа прадукцыя вытворчага аддзела карыстаецца попытам не толькі ў раёне, але і за яго межамі, у прыватнасці, паспяхова рэалізуецца ў Бабруйску і Магілёве. Спрыяе гэтаму пастаяннае расшырэннее асартыменту. Так, сёлета тэхналагічнай службай укаранёна 47 рэцэптур хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў.
Хлебапякарны цэх абсталяваны дзвюма тэхналагічнымі лініямі па выпечцы фармавога і подавага хлеба, белабулачнай прадукцыі. У асартыменце ёсць прадукцыя дыетычнага і дыябетычнага накірунку. Дарэчы дыетолагі лічаць, што з моманту выпечкі хлеба да яго ўжывання ў ежу павінна мінуць не меней за 8 гадзін. Яшчэ больш карысны для здароўя хлеб учарашні і падсушаны. Вялікую папулярнасць у наш час набываюць тостэры. Дарэчы, тоставы хлеб таксама выпякаюць у вытворчым аддзеле райспажыўтаварыства.
Як адзначыла кіраўнік аддзела, штогод яны ўдзельнічаюць у міжнароднай спецыялізаванай выставе «Хлебная і кандытарская справа», якая збірае ўсіх вядучых удзельнікаў хлебнага рынку Беларусі, а таксама блізкага і далёкага замежжа, рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Ласунак». Сёлета хлебапёкі нашага райспажыўтаварыства ўзнагароджаны залатым медалём за здобу «Дзіцячую» і срэбным — за хлябец «Асобы». Гэта прадукцыя была выпечана зменай майстра-пекара Л.Г. Максіменка, якая 23-ці год нязменна працуе ў хлебапякарным цэху.
Выпякаецца хлеб у асноўным на айчыннай сыравіне. Выключэнне складаюць харчовыя дадаткі.
Мы настолькі прывыклі да хлеба, што без гэтага прадукта цяжка ўявіць сабе любы стол, як святочны, так і штодзённы. Ён суправаджае нас усё наша жыццё, пачынаючы з першых крокаў. І трэба цаніць рукі хлебароба, вырасціўшага збажыну, працу пекара, які стварае хлеб.
На здымку: майстар-пекар Л.Г.Максіменка і кантралёр гатовай прадукцыі К.І.Суравец.
Максім МІКЕШЫН.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.