Дэбюракратызацыя дзяржапарата: работа працягваецца…

На базе нашага раёна 24 лістапада прайшло выязное пасяджэнне абласнога выканаўчага камітэта па пытанні “Аб ходзе рэалізацыі ў Магілёўскай вобласці патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата”.
На здымку: тлумачэнні па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур з дапамогай новых інфармацыйных тэхналогій падчас наведвання службы «адно акно» райвыканкама давалі спецыялісты службы.
Выбар нашага раёна для разгляду вопыту работы па ўказанай тэме тлумачыцца тым, што ён быў вызначаны “маяковым” у вобласці па рэалізацыі прынцыпу “адно акно” і першым укараніў новыя формы работы з грамадзянамі, выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.
Звяртаючыся з уступным словам да ўдзельнікаў выязнога пасяджэння ў глядзельнай зале РДК, старшыня аблвыканкама П.М.Руднік падкрэсліў актуальнасць і важнасць вынесенага на парадак дня пытання. Яно актуальнае не толькі для органаў дзяржаўнага кіравання ўсіх узроўняў, але, у першую чаргу, для грамадзян. Для людзей важна, заўважыў губернатар, каб тыя маштабныя дзяржаўныя праграмы, якія прыняты і рэалізуюцца ў нашай краіне, сапраўды ўплывалі на іх жыццё і садзейнічалі вырашэнню надзённых праблем. Менавіта на дасягненне гэтай мэты быў накіраваны прыняты ў апошнія гады шэраг нарматыўна-прававых актаў, закліканых забяспечыць даступнасць, прастату, аператыўнасць вырашэння надзённых праблем кожнага чалавека. Асаблівым прававым актам, падкрэсліў П.М.Руднік, з’яўляецца Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №2, накіраваная на барацьбу з праявамі фармалізму, валакіты, паператворчасці, непавагі да людзей, абыякавасці да іх лёсаў і патрэб. Стварэнне камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей — вышэйшая мэта кіраўніцтва нашай краіны.
Пэўная работа праведзена па рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы №2 у Магілёўскай вобласці. Створана сістэма работы са зваротамі грамадзян. У той жа час гаварыць, што поўнасцю выкаранены бюракратызм і выкананы ўсе па-трабаванні Дырэктывы пакуль яшчэ рана, аб чым сведчаць праводзімыя на месцах маніторынгі, рашэнні па выніках якіх прымаюцца неадкладна.
Актуальнасць разглядаемага пытання і неабходнасць удасканальвання работы па ўказаным напрамку таксама ў тым, што 22 студзеня 2012 года ўступае ў дзеянне “Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, які прадугледжвае, у прыватнасці, і зносіны прадстаўнікоў дзяржапарата і насельніцтва праз Інтэрнэт. У грамадзян і юрыдычных асоб з’явіцца права на электронны зварот, што, як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, забяспечыць своечасовасць яго рэгістрацыі, паскорыць тэрміны прыняцця рашэнняў, паўнату іх выканання.
І калі ў Кіраўскім раёне работа па гэтым новаўвядзенні не ўяўляе ніякіх складанасцей, бо тут ужо зараз паспяхова выкарыстоўваюць IT-тэхналогіі, адзначыў П.М.Руднік, то не ва ўсіх іншых раёнах назіраецца такая зацікаўленасць работнікаў, якія займаюцца непасрэдна зваротамі грамадзян, і бывае, дата паступлення заявы не рэгіструецца своечасова па тых ці іншых прычынах, што дае чыноўнікам магчымасць расцягваць тэрміны адказаў. Гэта недапушчальна, канстатаваў губернатар, і гэта трэба выкараняць, і заклікаў у ходзе пасяджэння разабрацца ў праблемах, выпрацаваць адзіны механізм, каб усе працэдуры выконваліся на месцах дакладна і своечасова, у тым ліку выкарыстоўваючы вопыт Кіраўскага райвыканкама.
У ходзе практычнай часткі пасяджэння яго ўдзельнікі наведалі шэраг служб і арганізацый, працуючых са зваротамі грамадзян, у першую чаргу, інфармацыйную службу “адно акно” райвыканкама, дзе тлумачэнні па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур з дапамогай новых інфармацыйных тэхналогій даваў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, а таксама спецыялісты службы. Аб узаемадзеянні служб раёна, працуючых з грамадзянамі па выкананні адміністрацыйных працэдур, госці даведаліся, наведваючы Цэнтр абслугоўвання насельніцтва. Наступныя аб’екты: аддзел адукацыі райвыканкама, цэнтральная аптэка №82, аддзел ЗАГСа райвыканкама, Мышкавіцкі сельвыканкам і іншыя. Наведваючы арганізацыі, удзельнікі выязнога пасяджэння пераканаліся ў эфектыўнасці праводзімай у раёне работы з насельніцтвам, у тым ліку з прымяненнем IT-тэхналогій. Аб гэтым расказаў і відэафільм “Дырэктыва №2 — у дзеянні”, а таксама старшыня райвыканкама У.У. Піскіжаў у сваім дакладзе. Ён падкрэсліў, што дзейнасць па рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы №2 у раёне дазволіла ў значнай меры ўдасканаліць работу дзяржорганаў і арганізацый з насельніцтвам, аптымізаваць унутраную дзейнасць дзяржапарата, скараціць перапіску і справаздачнасць і паслядоўна ісці па шляху ўдасканальвання форм, метадаў і стылю работы дзяржслужачых.
На пытаннях рэалізацыі Дырэктывы №2 у цэлым па вобласці, задачах на бліжэйшую перспектыву спыніўся ў садакладзе кіраўнік спраў аблвыканкама Р.А.Варонін.
Адзначалася, што Дырэктыва №2 — гэта запатрабаваны і збалансаваны дакумент, ён накіроўвае на актыўную, плённую работу з грамадзянамі, прычым работа гэтая павінна ўвесь час удасканальвацца.
У рабоце выязнога пасяджэння прымалі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.А.Папоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў А.Ц.Глаз, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Г.М.Лаўранкоў, намеснік начальніка Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь С.М.Ганчарык, прадстаўнік Нацыянальнай Акадэміі навук В.Я.Самсонаў, а таксама кіраўнікі ўпраўленняў і камітэтаў аблвыканкама, старшыні гаррайвыканкамаў.
Перад пачаткам выязнога пасяджэння яго ўдзельнікі агледзелі выставу-продаж прадукцыі прадпрыемстваў, арганізацый раёна і народных промыслаў, якая была аформлена ў фае раённага Дома культуры. П.М.Руднік у працэсе агляду выставы цікавіўся інвестыцыйнай, інавацыйнай, імпартазамяшчальнай дзейнасцю прадпрыемстваў, арганізацый. Прыцягнула ўвагу губернатара і сувенірная прадукцыя, якую кіраўчане распрацавалі і прапануюць для рэалізацыі ўдзельнікам і гасцям “Дажынак-2012” у Горках.
Па прапанове старшыні аблвыканкама П.М.Рудніка ў праграму наведвання быў уключаны дадатковы аб’ект — жывёлагадоўчы, гэта Валосавіцкі комплекс СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Як вядома, згодна даручэння Кіраўніка дзяржавы А.Р.Лукашэнкі, у 2012 годзе кожная сельгасарганізацыя павінна сваімі сіламі мадэрнізаваць мінімум па адной малочнатаварнай ферме. Мадэрнізацыя мае на ўвазе ўдасканальванне тэхналогій, дзякуючы чаму можна будзе атрымаць прырост вытворчасці малочнай прадукцыі. А гэта дадатковыя грашовыя сродкі.
На прыкладзе рассветаўскага жывёлагадоўчага комплексу, у свой час першага ў раёне, абсталяванага даільнымі заламі, абмяркоўваліся ўсе нюансы правядзення работы па мадэрнізацыі.
П.М.Руднік даручыў правесці інвентарызацыю такіх ферм па вобласці, вызначыць, якія з іх маюць састарэлае абсталяванне, з мэтай яго замены, і эфектыўна працаваць на павелічэнне вытворчасці малочнай прадукцыі, каб у поўным аб’ёме забяспечыць сыравінай перапрацоўшчыкаў, а таксама экспартныя паставаўкі.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.