І зноў рабяты сталі ў строй…

Урачыстыя праводзіны юнакоў Кіраўшыны ў рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь сталі добрай традыцыяй у нашым раёне. Падчас кожнага новага прызыву будучым воінам даюць наказы і выказваюць пажаданні дастойнай службы ветэраны вайны, прадстаўнікі мясцовай улады, бацькі, для іх гучаць музычныя падарункі.
Чарговае такое мерапрыемства адбылося ў мінулую пятніцу ў раённым Доме культуры. Прызыўнікі былі ўрачыстымі і сур’ёзнымі ў прадчуванні адметнага дня, калі яны ўступяць у армейскія рады, бо гэты дзень сімвалізуе пачатак новага жыццёвага этапу. І няхай ён прынясе расстанне з блізкімі сэрцу людзьмі, бацькоўскім домам, любімай работай, але рабяты запэўнілі, што з гонарам будуць несці свяшчэнную службу, якая стане для іх сапраўднай школай мужнасці, навучыць адказнасці і дысцыплінаванасці, дасць магчымасць спазнаць цану мужчынскай дружбе.
Ва ўрачыстым мера-прыемстве прымалі ўдзел намеснік раённага ваеннага камісара, маёр А.Л.Гайдукевіч, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Ю.С. Сафронаў.
Для будучых абаронцаў Айчыны была наладжана канцэртная праграма. Яе вядучыя праз інсцэніроўкі пастараліся паказаць, часам і гумарыстычнымі ноткамі, як, магчыма, будзе праходзіць армейская служба.
Усе шчыра жадалі будучым абаронцам Айчыны поспехаў у спасціжэнні неабходных для вайскоўца навыкаў і шчаслівага вяртання дадому.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.