Каб было цёпла ў дамах, і панаваў парадак у дварах…

Чарговая прамая тэлефонная лінія, праведзеная на базе рэдакцыі сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама, тычылася актуальнай для насельніцтва тэматыкі — забеспячэння водацеплавымі рэсурсамі, палівам, газам, а таксама разлікаў за аказваемыя камунальныя паслугі. Звычайна рэдакцыйны тэлефон падчас “прамых ліній” па ацяпляльна-камунальных пытаннях літаральна распаляецца ад званкоў, паступаючых ад жыхароў раёна, прычым у пераважнай большасці ў адрас прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай службы. Да гэтага былі гатовы госці рэдакцыі: галоўны інжынер УКП “Жылкамгас” І.С.Маркін, дырэктар філіяла “Кіраўскі райпаліўзбыт” МАУВП “Аблпаліва” Р.Н.Дайнека, дырэктар раёна газазабеспячэння філіяла “Магілёўаблгаз” Г.Г.Пінчук. Але тэлефонных званкоў на гэты раз было няшмат: магчыма, таму, што палепшылася работа адпаведных службаў: кожны жыхар раёна можа напрамую звярнуцца туды, і многія праблемныя пытанні вырашаюцца ў рабочым парадку.
— Мы стварылі кааператыў па будаўніцтву сетак газазабеспячэння. Набліжаецца канец года, а работы не распачыналіся.
І.І.Караўскі,
п.Няптун.

— Праект прайшоў экспертызу, гатовы да рэалізацыі. На гэты год нашай арганізацыі выдзелена для фінансавання будаўніцтва 600 млн. рублёў, зрасходавана 350 млн. рублёў. Згодна рашэння райвыканкама ад 20.04.2011 г. існуе спіс чарговасці праектавання і будаўніцтва аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян на гэты год. На 6-7 пазіцыях у гэтым спісе — два буйных кааператывы: “Хаміцкі” і “Барановы Рог” (вуліцы Арлоўскага, Народная і Партызанская райцэнтра). Ваш кааператыў “Няптун” — на 11-й пазіцыі ў спісе чарговасці. Пытанне будаўніцтва будзе вырашацца па меры таго, як дойдзе чарга.
— У мяне некалькі пытанняў. У пад’ездзе нашага дома №34 па вул. К.Маркса камунальнікі рабілі касметычны рамонт, але тамбур і ганак не завяршылі. Калі справа будзе дароблена?
Мінулай вясной у нашым доме “забілася” каналізацыйная сістэма. Камунальнікі выправілі сітуацыю, але мы трывожымся, што зімой зноў можа такое паўтарыцца.
У нашым двары неабходна спілаваць два дрэвы, бо яны пагражаюць бяспецы людзей.
Ля нашага дома стаіць кантэйнер для смецця, і машына, якая забірае цвёрдыя камунальныя адходы, разбіла ўезд у двор, патрэбна падсыпка.
Ці будзе рамантавацца дах на нашым доме?
І.І.Ларчанка,
г.Кіраўск,
вул.К.Маркса, д.4.

— У бліжэйшы час рамонт тамбура і ганку будзе завершаны. Усе праблемы з каналізацыйнай сістэмай будзем ухіляць па меры іх узнікнення. Што датычыцца дрэў у двары, будзем высвятляць пытанне разам з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: калі дрэвы будуць прызнаны аварыйнымі, убяром іх. Пад’езд да вашага дома падсыплем гравіем. Рамонт даху вашага дома на гэты год не запланаваны.
— На слупе на скрыжаванні вуліц Кірава і Кастрычніцкай даўно не гарыць святло. Звярталіся ў дыспетчарскую службу “Жылкамгаса” — сказалі, што “вышка” знаходзіцца ў рамонце. Калі ж святло будзе наладжана?
Жыхары вул.Кірава.

— Новыя лямпы набываюцца УКП “Жылкамгас”. Як толькі “вышка” выйдзе з рамонту, будуць выкананы ўсе заяўкі па замене лямп у свяцільнях.
— Вясной прарвала трубу ацяпляльнай сеткі нашага дома. Мінула лета, вось-вось зіма надыдзе, а ў нас сем кватэр не поўнасцю ацяпляюцца: у трох халодныя батарэі ў кухні і спальні, у чатырох — у зале. Ці дачакаемся мы, каб нам адрамантавалі ацяпленне?
Т.А.Кавалеўская, г.Кіраўск,
вул.К.Маркса, д.2, кв.9.

— Ведаем вашу праблему. А для нас праблема ў тым, што ў вашым панельным доме трубы сістэмы ацяплення праходзяць у каналах і часткова згнілі. Парывы ўхілялі, але яны ўзнікалі далей. Зробім усё магчымае, каб вырашыць праблему.
Калі вярстаўся гэты нумар, І.С.Маркін паведаміў рэдакцыі, што ў чацвер мінулага тыдня ў доме №2 былі праведзены работы па замене адрэзка трубы сістэмы ацяплення, і ўсе кватэры абаграваюцца поўнасцю.
— Мы пражываем у інтэрнаце па вул.Гагарына, д.67. На ўваходных металічных дзвярах адвалілася верхняя завеса, і дзверы не зачыняюцца. У дзвярах на балкон у калідоры разбіта шкло.
Жыхары інтэрната.

— Разбяромся па сутнасці ўзнятых пытанняў разам з камендантам інтэрната.
Як учора паведаміў І.С. Маркін, металічныя дзверы ў інтэрнаце адрамантаваны. Шкло ў балконнае акно, запэўніла камендант, павінна быць устаўлена за кошт таго, хто яго разбіў.
На “прамой лініі “ дзяжурыла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.