Любы рамонт ім па сіле!

Сельгастэхніка патрабуе пастаяннага догляду і якаснага абслугоўвання. А сучасная тэхніка, абсталяваная электронікай, бартавымі камп’ютэрамі — тым больш! Асаблівы догляд і беражлівае стаўленне сельгасмашынам, трактарам і камбайнам патрабуецца падчас палявых работ. Пасяўная і ўборачная пара — “гарачая” не толькі для механізатараў, але і для спецыялістаў сервіснага цэнтра РАПТЗ, якія аказваюць паслугу па тэхнічным абслугоўванні машынна-трактарнага парка сельгаспрадпрыемстваў.
Спецыялізаваны сервісны цэнтр — дылер вядучых айчынных вытворцаў “Гомсельмаш” і “Мінскі трактарны завод” працуе ўжо трэці год. Яго спецыялісты першымі спяшаюцца на ліквідацыю паломак на прадпрыемствы і сельскагаспадарчыя палеткі нашага раёна, а таксама Бабруйскага, Асіповіцкага, Глускага і Клічаўскага. Для таго, каб рабіць якасны рамонт, у цэнтры маюцца і высокакваліфікаваныя спецыялісты — усяго 18 чалавек, і адпаведнае абсталяванне: сучасныя рамонтна-дыягнастычныя прыборы, агрэгаты для рамонту паліўнай апаратуры, электраабсталявання, аўтатрактарнага абсталявання і інш. На давядзенне тэхнікі да ладу ў сярэднім адво-дзяцца суткі. Калі на месцы, у гаспадарках, адсутнічаюць умовы для рамонту, тэхніка дастаўляецца на базу РАПТЗ.
Абслугоўваюць спецыялісты цэнтра як тэхніку, якая знаходзіцца на гарантыі, так і машыны, тэрмін эксплуатацыі якіх выйшаў за межы прадстаўляемай вытворцамі гарантыі.
Зараз на абслугоўванні ў сервісным цэнтры знаходзіцца каля 300 адзінак гарантыйнай тэхнікі і 353 адзінкі паслягарантыйнай.
Па словах кіраўніка сервіснага цэнтра Васіля Міхалапа, выпадковых людзей сярод спецыялістаў падраздзялення няма. Работнікі — у асноўным маладыя перспектыўныя юнакі: стараюцца выконваць свае абавязкі на належным узроўні. Асаблівай увагі кіраўніцтва заслугоўвае работа інжынерна-тэхнічных работнікаў Генадзя Шкрабава, Аляксея Зямцова, Паўла Іваніцкага, Віталя Мінькова, Аляксандра Гіраеўскага, Дзмітрыя Юрчанкі, Аляксандра Якаўлева, Аляксея Неруша, Уладзіміра Нарэзенкі, а таксама бухгалтараў — Вольгі Каранкевіч і Таццяны Гіраеўскай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.