Магія лічбаў — не панацэя…

Некалькі год таму сярод жаніхоў і нявест узнік ажыятаж на “магію лічбаў”, і многія сталі прымяркоўваць рэгістрацыю шлюбу на 07.07.07, 08.08.08, 09.09.09 і гэтак далей: маўляў, такое спалучэнне лічбаў дае гарантыю шчаслівага сямейнага жыцця на доўгія гады. І нягледзячы на тое, выхадны гэта дзень або будзённы, будучыя маладажоны імкнуліся трапіць у ЗАГС менавіта ў такую “шчаслівую дату”. Асабліва адчувальна гэта ў вялікіх гарадах.
Але, трэба заўважыць, такія лічбавыя забабоны практычна не ўласцівыя кіраўчанам. Так, сёння, 11 чысла 11 месяца 2011 года, шлюб у аддзеле ЗАГС райвыканкама рэгіструе толькі адна пара.
Такія спакойныя адносіны да моднага захаплення робяць гонар маладым людзям нашага раёна: па ўсяму бачна, яны разумеюць, што калі паміж мужам і жонкай пануюць каханне, згода, узаемаразуменне, то сумесны шлях па жыцці будзе шчаслівым і працяглым, а калі гэтага няма ці з часам знікае, то ніякія камбінацыі лічбаў не дапамогуць… Дарэчы, і статыстыка гэта пацвярджае: многія шлюбы, заключаныя падчас “шчаслівых дат”, ужо скасаваны.
Так што, кахайце, разумейце адзін аднаго, жывіце ў згодзе, і ўсё будзе добра!
Да ведама: наступны год 2012-ты часова паставіць кропку ў гэтым “модным прыгаворы” лічбавых забабонаў: месяцаў жа толькі 12! Так што, можна будзе “адпачыць” да 01.01.3001 года. А якія меркаванні будуць наконт гэтага ў нашых нашчадкаў, сказаць цяжка…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.