Мяняю горад на вёску!

Моладзь у большасці сваёй імкнецца замацавацца ў горадзе, дзе, больш лёгка можна ўладкавацца на работу і жыць, не абцяжарваючы сябе хатняй гаспадаркай ці агародніннымі клопатамі. Радзей сустракаецца іншы варыянт, калі маладыя людзі, якія раслі сярод гарадской мітусні, пераязджаюць жыць і працаваць у вёску. Адзін з такіх — галоўны заатэхнік СВК “Добасна-агра” Яраслаў Левін.
Калі Яраслаў паступаў ў Беларускую сельгасакадэмію на заатэхнічны факультэт, ён, карэнны Бабруйчанін, нават не думаў, што ўяўляе сабой яго будучая прафесія. Апетыт, як гаворыцца, прыходзіць падчас яды. Паступова юнак настолькі зацікавіўся і ўцягнуўся ў няпростую заатэхнічную навуку, што ўжо і не ўяўляў сябе без працы ў галіне. Праходзіць вытворчую практыку Яраслаў трапіў у СВК “Добасна-агра”. Працаваць падабалася ўсё больш. Ды і ў гаспадарцы будучы спецыяліст прыйшоўся да двара: тут хутка заўважылі здольнасці хлопца і прапанавалі застацца, на што той пасля атрымання дыплома даў згоду. Тым больш, што і да Бабруйска, дзе жывуць бацькі, не так далёка.
У Добасну Яраслаў прыехаў з маладой жонкай, з якой сустрэўся падчас вучобы — яна вучылася ў паралельнай групе. Таццяна (дарэчы, таксама гараджанка — з Ельска Гомельскай вобласці) стала працаваць заатэхнікам-селекцыянерам у СВК “Калгас “Беларусь”, Яраслава назначылі загадчыкам Харлапавіцкага комплексу, а праз некаторы час і галоўным заатэхнікам гаспадаркі. Зараз у маладой сям’і дыхтоўны дом, выдзелены сельгаспрадпрыемствам, яны абзавяліся гаспадаркай.
— Сёння, — з усмешкай заўважае 24-гадовы спецыяліст, — мне ўжо цяжка і ўявіць, што я абсалютна нічога не ўмеў з таго, што робяць вяскоўцы. Зараз жа сам агарод даглядаю, ёсць у нас свае і птушка, і яйкі, і бульба… Усе ўмовы, каб жыць і працаваць ёсць. Цяпер, пажыўшы ў сваім доме, я нават і не думаю пра гарадскую кватэру. І ў рабоце справы ладзяцца, хоць яна і нялёгкая. З ранку і да вечара даводзіцца па некалькі разоў бываць на трох аб’ектах гаспадаркі, за дзень, бывае, і па сотні кіламетраў аб’язджаю. Але працаваць у жывёлагадоўлі мне падабаецца. Галоўнае — ёсць кантакт з калектывам, а без яго не бывае поспеху.
А яшчэ мы даведаліся, што ў сям’і Яраслава і Таццяны Левіных тры месяцы таму адбылося папаўненне: з’явіўся на свет іх першынец Ваня. І гэта ўжо карэнны вясковец…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.