Паклон вам нізкі, людзі сельскай працы!

А.В.ОСІПАЎ, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу:
— Галоўным вынікам нялёгкай і самаадданай працы аграрнікаў з’яўляецца забеспячэнне харчовай незалежнасці дзяржавы. Працаўнікі сельскай гаспадаркі раёна, нягледзячы на дастаткова складаныя пагодныя ўмовы, падышлі да свайго прафесійнага свята з добрымі вытворчымі паказчыкамі. Валавы збор збожжавых і зернебабовых разам з зернем кукурузы склаў 83439 т, што вышэй леташняга паказчыка на 30976 т. З кожнага гектара сабрана па 50,8 цэнтнера. Такі ўраджай збажыны ў раёне за ўсю гісторыю атрыманы ўпершыню! Гэты поспех быў па годнасці адзначаны на сёлетнім рэспубліканскім фестывалю-кірмашу “Дажынкі”. І мне, і старшыні райвыканкама У.У.Піскіжаву падчас яго правядзення ў Маладзечне было ганарова прымаць віншаванні з гэтай працоўнай перамогай ад Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі.
Сабраны таксама добры ўраджай і іншых сельгаскультур. Бульбы накапана 13538 т альбо на 4298 т болей, чым летась. С кожнага гектара атрымана па 311 ц клубняў. Накапана 43500 т цукровых буракоў пры ўраджайнасці 402 ц/га. Рапсу намалочана 5921 т, ураджайнасць склала 20,4 ц/га. Агародніны, вырошчваннем якой займаўся СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, атрымана 5651 т. Лён-даўгунец, які вырошчваўся сіламі работнікаў ААТ “Кіраўск-Лён”, размяшчаўся на плошчы 1400 га. З-за складаных пагодных умоў запланаваны ўраджай ільновалакна атрымаць не ўдалося, але, тым не менш, сабрана яго 1015 т пры сярэдняй ураджайнасці 8,7 ц/га.
На належным узроўні працуюць нашы жывёлаводы. За 10 месяцаў бягучага года ў сельгасарганізацыях раёна вытворчасць малака склала 37415 т ці 101,9 % да ўзроўню мінулага года. Сярэдні надой малака ад каровы — 4485 кг. Вытворчасць мяса склала 5012 т альбо 100,7 % да 2010 г. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ — 658 г, свіней — 608 г ці 110 % да мінулага года.
Планка па вытворчых паказчыках аграпрамысловага комплексу ўзнята высокая, і наша задача — яе не толькі трымаць, але і пераадольваць. Новая дзяржаўная сельскагаспадарчая праграма на 2011-2015 гады накіравана на ўмацаванне аграрнай эканомікі, павышэнне яе эфектыўнасці, узмацненне экспартнага патэнцыялу. З улікам гэтага будуюць сваю работу і аграрнікі раёна. У перспектыве расліннаводчай галіны — далейшае прымнажэнне дасягнутых рэзультатаў. Для выканання пастаўленых задач у жывёлагадоўлі ўпор будзем працягваць рабіць на мадэрнізацыю наяўных і будаўніцтва новых аб’ектаў галіны з улікам сучасных тэхналогій.
Напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў вёскі хочацца выказаць словы глыбокай удзячнасці усім, хто ўнёс свой дастойны ўклад у агульную скарбонку сёлетніх дасягненняў АПК раёна. У ліку лепшых работнікаў раёна механізатары Р.П.Канавалаў і А.М. Коцікаў з РУП “Жылічы”, Г.А.Волас з СВК “Калгас “Беларусь”, С.А.Фірагін з СВК “Калгас “Свярдлова”, Ю.Я.Аўтушкоў, М.І.Белакурскі, А.С.Міхалькоў, М.М.Дрозд, І.Л.Салановіч з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, А.С.Петранкоў, М.Макаронак з СВК “Калгас “Ніва”; вадзіцелі І.С.Барысёнак з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, А.Р. Ермалаеў з СВК “Чырвоны баец”, І.І.Скрыпуноў з СВК “Калгас “Ніва”. Выдатна папрацавалі машыністы зернесушыльных комплексаў С.С.Каранкевіч і П.Я.Нікалаенка з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, А.М.Малахаў з СВК “Чырвоны баец”.
Добрых слоў заслугоўвае работа жывёлаводаў. Сярод лепшых аператары машыннага даення — А.У.Мялешкіна з СВК “Калгас “Ніва”, Р.А. Шкрадзюк і Т.А.Костка з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага; аператары па вырошчванні буйной рагатай жывёлы А.А. і С.І.Шчэрбічы з СВК “Калгас “Беларусь”, У.У.Умец з СВК “Калгас “Свярдлова”, А.В. і А.А. Скрыпуновы з СВК “Бераснёўскі”, А.Н.Сарока і Л.А Дзмітрыева з СВК “Чырвоны баец”; свінаводы з “Чырвонага байца” Л.П.Макаранка, З.В.Лазарава, С.В.Масюковіч.
Асобныя словы ўдзячнасці — кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрад-прыемстваў. Менавіта пад іх кіраўніцтвам і з іх непасрэдным удзелам былі дасягнуты ўсе вышэй названыя вытворчыя паказчыкі.
У гэтым пераліку перадавікоў названа толькі невялічкая частка тых, хто ўдзельнічаў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Вялікі дзякуй усім вам за старанне і сумленне, за вашу нялёгкую, але пачэсную справу! Са святам вас, паважаныя працаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Шчасця вам, здароўя, дабрабыту і новых працоўных дасягненняў!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.