Руль — у надзейных руках

Такая кароткая, але ёмістая характарыстыка адпавядае толькі сапраўднаму вадзіцелю — граматнаму, уважліваму, вопытнаму, які захоўвае культуру ваджэння, ведае сваю справу ад “а” да “я” — Валерыю Кісялёву з РУП “Жылічы”.
Свае навыкі Валерый Рыгоравіч шліфаваў у далёкім і “гарачым” Афганістане, калі служыў у інжынерна-сапёрнай роце. Вадзіў не проста машыну, а бронетранспарцёр. Таму справіцца з іншай машынай ды ў мірны час ужо аніякай праблемы не складала. Вярнуўся пасля службы на Кіраўшчыну і застаўся ў роднай гаспадарцы. Атрымаў тады хлопец, а было гэта яшчэ ў 1988 годзе, новенькі самазвал ГАЗ-53, і, што красамоўна, “бегае” аўтамашына па палях і дарогах гаспадаркі амаль як новая і дагэтуль. Няцяжка здагадацца, як ставіцца вадзіцель да тэхнікі і ведае яе.
Але не толькі разнастайныя грузы на самазвале перавозіць Валерый Рыгоравіч. Ён таксама забяспечвае запраўку тэхнікі палівам. Рабочы дзень вадзіцеля пачынаецца раней за іншых: на “бензавозе” ён робіць рэйс на Бабруйск, а потым з напоўненай цыстэрнай — назад, запраўляе машыны і перасаджваецца зноў на свой верны самазвал.
Сёлета Валерый Рыгоравіч, як, да слова, і ў мінулыя гады, выдатна працаваў на ўсіх даручаных яму відах работ. У тым ліку і на жніве. Ад камбайнаў ён перавёз 1636 тон збожжа, насення рапсу, зерня кукурузы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.