Страты маглі быць меншымі

23 лістапада ў 4.41 гадзіны раніцы ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення райаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб пажары ў адным з жылых дамоў па завулку Гагарына райцэнтра. Праз тры хвіліны на месца здарэння прыбылі першыя падраздзяленні МНС. Агонь захапіў усю плошчу першага паверху дома і цагельную прыбудову, стварылася шчыльнае задымленне. Праз 20 мінут адкрытае гарэнне было ліквідавана. Аднак для поўнай ліквідацыі скрытых ачагоў тлення спатрэбілася яшчэ некалькі гадзін. Складанасць пры тушэнні ўзнікла з-за гаручага матэрыялу ўцяплення дома (паміж драўлянымі сценамі і абліцоўкай з цэглы, у столевай прасторы была льнокастрыца).
У выніку пажару пашкоджана маёмасць у трох пакоях на першым паверсе дома, частка сцяны ў пакоі на другім паверсе, стольнае перакрыцце. Прычына агнявой трагедыі ўстанаўліваецца.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Д.А.РОШЧЫН адзначае:
— Выкарыстанне ў якасці ўцяпляльніка негаручых матэрыялаў дазволіла б паменшыць плошчу пажару, пазбегнуць дадатковых работ па разборцы канструкцый пры тушэнні і, адпаведна, паменшыла б матэрыяльныя страты. Рэкамендуем грамадзянам, якія вядуць будаўнічыя і рамонтныя работы ў сваіх дамах, улічыць гэтую акалічнасць.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.