Сяльчанам — слава і пашана!

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК — гэта свята тых, хто шчыра працуе на зямлі, вырошчвае хлеб, дзякуючы каму мы маем малако, мяса і іншыя прадукты харчавання. Менавіта такім людзям нашага раёна і было прысвечана ўрачыстае мерапрыемства, якое прайшло ў раённым Доме культуры.
На здымку: старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў уручае Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання кіраўніку СВК «Калгас «Ніва» І.У.Рыняку за асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў.

Яшчэ да яго пачатку прадстаўнікі дэлегацый працоўных калектываў мелі магчымасць пазнаёміцца на фотавыставе з жыццём аграгарадкоў раёна, турыстычнымі маршрутамі Кіраўшчыны, а таксама выставай прадукцыі прадпрыемстваў і арганізацый горада.
На пачатку свята дзяўчына ў вобразе Восені блаславіла дружалюбнасць і братэрства, якімі славіцца працаўнік-народ. Потым адбылася свайго роду справаздача “Вясны” і “Восені” аб рабоце на зямлі ад вясны да восені.
Цёплыя словы падзякі за добрасумленную працу і віншаванні з нагоды прафесійнага свята ў адрас прысутных, а ў іх асобе — усіх работнікаў і ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўчай прамысловасці раёна выказаў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў.
— Дзякуючы самаадданай працы калектываў на чале з іх кіраўнікамі, — адзначыў У.У.Піскіжаў, — у няпростых эканамічных умовах дынамічна развіваецца вытворчасць у сельгаспрадпрыемствах раёна, забяспечваецца рост эканамічных паказчыкаў.
Сёлета на Кіраўшчыне сабраны рэкордны ў гісторыі раёна ўраджай збожжавых і зернебабовых культур. Разам з зернем кукурузы ён склаў амаль 83,5 тыс. тон. Атрыманы нядрэнны ўраджай бульбы, амаль удвоены валавы збор цукровых буракоў. Добра папрацавалі вяскоўцы на нарыхтоўцы кармоў. На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 33,7 цэнтнераў кармавых адзінак — і такі паказчык у раёне дасягнуты таксама ўпершыню.
Значны ўклад у капілку дасягненняў раёна зрабілі жывёлаводы. У гэтым годзе ўведзены ў эксплуатацыю малочныя блокі, абсталяваныя даільнымі заламі ў СВК “Калгас “Беларусь” і “Чырвоны баец”. У СВК “Бераснёўскі” зроблены перавод топачнага агрэгата зернеачышчальнага сушыльнага комплексу на мясцовыя віды паліва, салому. Завершана будаўніцтва новага зерне-ачышчальнага сушыльнага комплексу ў “Ніве”.
Вядзецца будаўніцтва біягазавай устаноўкі ў “Рассвеце”.
Старшыня райвыканкама нагадаў, што ў юбілейны, 15-ы год правядзення “Дажынак” наш раён стаў пераможцам спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод раёнаў Магілёўшчыны, а з улікам таго, што вобласць заняла першае месца ў рэспубліцы, такая перамога дарагога вартая!
Сёння нашы сельгасарганізацыі ўжо выйшлі на самаакупнасць, — падкрэсліў кіраўнік раёна, — і цяпер мы павінны дабіцца выхаду на самафінансаванне. Для гэтага, як і раней, неабходна асвойваць новыя тэхналогіі.
Улічваючы, што ў наступным годзе эстафету па правядзенні рэспубліканскіх “Дажынак” прымае Магілёўшчына (яны пройдуць у Горках), У.У.Піскіжаў выказаў надзею, што кіраўчане прыкладуць максімум намаганняў для атрымання яшчэ больш важкага каравая ўраджаю-2012.
Добрыя словы ў адрас аграрыяў Кіраўшчыны прагучалі ад начальніка кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама А.М.Дземенкаўца і намесніка старшыні абласнога камітэта прафсаю-за работнікаў АПК П.П.Грыбаноўскага.
Самая ўрачыстая частка свята — узнагароджванне пераможцаў раённага працоўнага спаборніцтва па выніках сельскагаспадарчага года сярод прадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак і механізатараў. Усе яны атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама і грашовыя прэміі.
Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь атрымаў старшыня СВК “Калгас “Ніва” І.У.Рыняк, Падзяку Міністэрства — першы намеснік начальніка райсельгасхарчу М.Б.Пад’ялоўскі.
Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама ўзнагароджана аператар па штучным асемяненні жывёлы СВК “Добасна-агра” М.М.Ганчарова , грашовай прэміяй аблвыканкама адзначаны трактарыст-машыніст СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага В.У.Стэфанюк, Ганаровай граматай аблсельгасхарчу — начальнік філіяла РУСГВП па племянной справе Г.Л.Шкрабава. Шэраг працаўнікоў Кіраўшчыны атрымаў узнагароды па прафсаюзнай лініі.
Вочы герояў свята свяціліся радасцю ад усведамлення заслужанай адзнакі сваёй працы. Асабліва прыемна было назіраць за моладдзю. Гэта ім асвойваць новыя тэхналогіі, павялічваць вытворчасць сельгаспрадукцыі, прымнажаць працоўныя традыцыі Кіраўшчыны.
Кажуць, па працы і пашана. Яскравым пацвярджэннем таму стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны сіламі работнікаў культуры з удзелам садкоўцаў і дзіцячых мастацкіх калектываў.
Гэтае свята — ужо гісторыя, а перад аграрыямі Кіраўшчыны стаяць новыя задачы, ад ступені вырашэння якіх будзе залежаць як дабрабыт раёна ў цэлым, так і кожнай сям’і паасобку.
Галіна РУСЕЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.