У снежні — пуск першай чаргі біягазавай устаноўкі

Здача першай чаргі біягазавай устаноўкі, якая ўзводзіцца ў СВК “Рассвет” імя К.П. Арлоўскага, плануецца ў снежні.
Днямі мы пабывалі на аб’екце, дзе актыўна вяліся будаўніча-мантажныя работы, і былі ўражаны яго саліднымі маштабамі. Поле, прымыкаючае да тэрыторыі цяплічнага камбіната гаспадаркі, на якім размяшчаецца біягазавая ўстаноўка, усё больш нагадвае сапраўдны касмічны пейзаж з-за ўстаноўленых тут вялізных цыліндрычных ёмістасцей, якіх усяго будзе адзінаццаць. Як растлумачыў намеснік старшыні “Рассвета” па будаўніцтве Сяргей Семянюга, гэта ўстаноўкі для вытворчасці біягазу з арганічнай біямасы, далей газ будзе спальвацца ў генерыруючых устаноўках і на выхадзе рассветаўцы атрымаюць электра- і цеплаэнергію.

Вядома, што для нашай краіны ў цэлым і для асобных рэгіёнаў актуальнай з’яўляецца задача пераходу на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, выкарыстанне мясцовых відаў паліва дзеля эканоміі пакупной энергіі. У прынцыпе для вырашэння гэтай задачы ў маштабах “Рассвета” і раёна і ўзнікла ідэя ўзвядзення ў гэтай буйной разгалінаванай гаспадарцы, маючай вялізны цяплічны камбінат, які спажывае значную колькасць цеплавой энергіі, біягазавай устаноўкі, для работы якой выкарыстоўвалася б мясцовая сыравіна.
Пастаўкі абсталявання і яго мантаж вядзе нямецкая кампанія “LTV”. На будаўнічай пляцоўцы кіраўнік праекта ад кампаніі Аляксандр Піскун даў каментарыі:
— Калі было задумана ўзвядзенне біягазавай устаноўкі ў “Рассвеце”, планавалася, што яе магутнасць будзе 3 мегаваты. Але з улікам таго, што патрэбу ў электраэнергіі мае значная колькасць спажыўцоў, пасля ўдасканалення тэхналогіі прыйшлі да высновы аб плануемай магутнасці ў 4,8 МВт. На дадзены момант гэта адна з самых буйных установак ва Усходняй Еўропе. Больш магутная працуе толькі ў Германіі — на 20 МВт.
Асноўнымі субстратамі — “кормам” для рассветаўскай устаноўкі будзе з’яўляцца гнойная жыжка, якой дастаткова ў гаспадарцы, і кукурузны сілас. Для яго назапашвання побач спецыяльна ўладкаваны дзве сіласныя ямы, дзе будзе захоўвацца 30 тыс. кубаметраў сіласу. Для нармальнага функцыяніравання кагенерацыйных установак, у якіх спальваецца біягаз і ператвараецца ў электрычную і цеплавую энергію, у дзень патрэбна будзе 320 тон жыжкі і 85 тон кукурузнага сіласу. У такой камбінацыі пры якаснай сыравіне атрымаем максімальны выхад біягазу, у выніку чаго выхад электраэнергіі складзе 4,8 МВт кожную гадзіну пры рабоце ўстаноўкі на поўную магутнасць. Энергія паступіць у Бабруйскія электрасеткі і будзе выкарыстана для патрэб гаспадаркі і раёна. Цеплавую энергію па максімуму атрымае рассветаўскі цяплічны камбінат і далей — асобныя аб’екты аграгарадка Мышкавічы.
На здымку (справа налева): кіраўнік праекта Аляксандр Піскун, шэф-мантажнік Міхаэль Кунарт, намеснік старшыні «Рассвета» па будаўніцтве Сяргей Семянюга і перакладчык Яўген Сарэнаў на будаўнічай пляцоўцы.
(Заканчэнне.
Пачатак на 1-й стар.)
На дадзены момант працягваюцца будаўніча-мантажныя работы, рыхтуемся да біялагічнага пуску першай чаргі. Сама ўстаноўка складаецца з чатырох аўтаномных модуляў, якія змогуць працаваць незалежна адзін ад другога.
Поўны выхад на праектную магутнасць плануем зрабіць вясной 2012 года.
Лагічна ўзнікла пытанне да нашых субяседнікаў наконт таго, якія спецыялісты будуць абслугоўваць біягазавую ўстаноўку.
Аляксандр Піскун выказаў поўнае разуменне нашага інтарэсу: маўляў, так, пабудаваць аб’ект можна, але можна і лёгка справу загубіць, калі не будзе зладжанай, граматнай абслугоўваючай каманды. Таму з райвыканкамам, аблвыканкамам узгоднена, што да аб’екта на пастаяннай аснове будуць прымацаваны інжынер, слесар і электрык, яны пройдуць навучанне і ў Германіі, і ў працэсе біялагічнага пуску ўстаноўкі, які доўжыцца тры месяцы.
Як дадаў С.У.Семянюга, спецыялісты будуць рыхтавацца з ліку рассветаўцаў. Для правядзення тэхаглядаў тэхналагічнага абсталявання сельгасарганізацыя заключыць дагаворы з арганізацыямі, якія кампетэнтныя ў тым, каб выконваць дадзены від работ. Акрамя таго нямецкая кампанія дае два гады гарантыі на абсталяванне. Яе прадстаўнікі пацвердзілі, што пастаяннае назіранне за работай аб’екта будзе весціся праз інтэрнэт, і ўзнікаючыя праблемы можна будзе вырашаць па тэлефоне і ў інтэрнэт-рэжыме, а калі гэта не атрымаецца, то на працягу 24 гадзін у “Рассвет” выедуць спецыялісты сервіснай арганізацыі кампаніі і на месцы ўхіляць усе непаладкі.
Як далей пракаменціраваў С.У.Семянюга, паралельна з будаўнічымі работамі, якія падыходзяць да завяршэння, субпадрадная арганізацыя з Бабруйска кладзе як унутраныя, так і знешнія сеткі ацяплення, электразабеспячэння, газу. Калі ўсе гэтыя работы будуць выкананы, надыдзе чарга ўстаноўкі дахаў над ёмістасцямі, у якіх будзе адбывацца бражэнне біямасы і вытворчасць біягазу. Пры біялагічным пуску першай чаргі задзейнічаюць чатыры ёмістасці. Назапашвацца газ, растлумачыў субяседнік, будзе 2,5-3 месяцы, і ўжо вясной плануецца атрымліваць штогадзіну 1,2 МВт электраэнергіі.
Кошт біягазавай устаноўкі, згодна кантракта, складае 11 млн. еўра, нямецкая кампанія прадастаўляе замежную крэдытную лінію.
Шэф-мантажнік Міхаэль Кунэрт з дапамогай перакладчыка Яўгена Сарэнава выказаў шчырае пажаданне, каб праект быў рэалізаваны з высокай якасцю і прынёс карысць гаспадарцы і рэгіёну.
Безумоўна, нас не магло не цікавіць пытанне, як жывецца і працуецца нямецкім спецыялістам на рассветаўскай зямлі. Міхаэль Кунэрт падкрэсліў, што і ён, і мантажнікі з Германіі адчуваюць сябе камфортна, іх задавальняе мясцовы менталітэт, людзі добразычлівыя і дружалюбныя.
А нам застаецца пажадаць, каб біялагічны пуск першай чаргі біягазавай устаноўкі быў паспяховым і стаў асновай для далейшага выхаду на праектную магутнасць.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.