З выязной калегіі аблсельгасхарчу

У другі раз у бягучым годзе на базе СВК “Чырвоны баец” прайшла выязная калегія аблсельгасхарчу з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў аблсельгасхарчу, начальнікаў упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў, генеральных дырэктараў аб’яднанняў у сферы аграпрамысловага комплексу.
Тры месяцы таму ўдзельнікі выязной калегіі тут жа, у Паўлавіцкім СДК, падводзілі вынікі работы АПК вобласці за першае паўгоддзе бягучага года. Зараз жа адрэзак часу, які падвяргаўся аналізу, быў больш працяглы — 9 месяцаў. Аднак яшчэ адно вельмі сур’ёзнае пытанне для грунтоўнага разгляду агучыў, адкрываючы работу калегіі, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама А.І.Чыкіда — аб выкананні патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” і №3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспекі і захаванні маёмасці ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці.
А.І.Чыкіда акрэсліў актуальнасць ўзнімаемых тэм. На бягучы момант у аграпрамысловым комплексе вобласці працуе каля 57 тыс. чалавек. Чацвёртая частка ўсяго валавога рэгіянальнага прадукта вырабляецца ў сельскай гаспадарцы. Сур’ёзнае пытанне ў сувязі з гэтым — захаванасць матэрыяльных каштоўнасцей, без якіх немачыма эфектыўная работа. А іх шмат. Для прыкладу, толькі ў сельгас-арганізацыях маецца 29860 адзінак тэхнікі, 55886 галоў буйной рагатай жывёлы, 353400 свіней, 4,3 млн. курэй, больш за 5 тыс. вытворчых памяшканняў. Павінна весціся сістэмная работа, каб максімальна выкарыстаць тэхнічны і людскі патэнцыялы. А людзі — галоўная каштоўнасць. Забяспечыць захаванасць іх здароўя і жыцця, а таксама захаванасць маёмасці немагчымыя без строгага выканання патрабаванняў тэхнікі бяспекі, пажарнай бяспекі, аховы працы, вытворчай дысцыпліны.
Перш, чым перайсці да практычнай часткі калегіі, старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў пазнаёміў прысутных з паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, рэзультатамі работы яго працаўнікоў за прайшоўшы перыяд бягучага года, а таксама расказаў аб значных аб’ектах раёна.
Затым удзельнікі накіраваліся на машынны двор СВК “Чырвоны баец”, дзе старшыня гаспадаркі А.У.Серакоў, галоўны інжынер М.С. Ніканаў і інжынер па тэхніцы бяспецы А.В.Русецкі (на здымку) падрабязна пазнаёмілі іх з вопытам работы сельгаспрадпрыемства па ўзнімаемых пытаннях. Госці станоўча ацанілі праводзімыя ў “Чырвоным байцы” мерапрыемствы — гэта і ўзорнае навядзенне парадку на тэрыторыі мехдвара і ў памяшканнях, і арганізацыя аховы працы і пажарнай бяспекі, і бухгалтарскі ўлік, і кантроль за выкананнем пастаўленых задач. А галоўнае — строгая дысцыпліна і падыход да любой справы без фармалізму.
Тыя ж захады ў рабоце госці назіралі і на Дваранінавіцкай малочнатаварнай ферме гаспадаркі. Асаблівая ўвага тут надаецца захаванасці статка, кантролю за расходам кармоў. Вартавая ахова нясе матэрыяльную адказнасць за магчымы нанесены ўрон. Уся праводзімая работа накіравана на канкрэтны вынік. І ён красамоўна выражаецца ў высокіх вытворчых паказчыках.
Наогул тое, што ўбачылі і адчулі ўдзельнікі выязной калегіі падчас далёка ўжо не першага за апошнія гады наведвання СВК “Чырвоны баец”, можна ахарактарызаваць адным кароткім, але ёмістым словам — парадак! А па такім парадку можна меракаваць аб дбайнасці гаспадароў.
Далей работа прадоўжылася зноў у Паўлавіцкім СДК, дзе падчас плянарнага пасяджэння начальнік упраўлення эканомікі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама В.В.Петручэня агучыў інфармацыю аб выкананні патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 і №3 па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы і захаванасці маёмасці ў сельгасарганізацых вобласці. Для ўдзелу ў рабоце калегіі былі таксама запрошаны прадстаўнікі абласных структур: пракуратуры, Камітэта дзяржкантролю, упраўлення ўнутраных спраў, упраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Галоўнага ўпраўлення ведамаснага кантролю, упраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Па ўказаных заўвагах былі заслуханы тлумачэнні начальнікаў райсельгасхарчаў асобных раёнаў, генеральных дырэктараў аб’яднанняў.
Затым удзельнікік калегіі падвялі вынікі работы аграпрамысловага комплексу вобласці за 9 месяцаў бягучага года.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.