3 снежня — Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь

Справаздачная канферэнцыя раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” адбылася на мінулым тыдні. На ёй была заслухана справаздача Л.М.Лукановіч аб праводзімай рабоце, выбраны новы састаў праўлення таварыства, рэвізійнай камісіі.
На здымку: Шчырая размова: старшыні пярвічак П.В.Клепча і В.Р.Костка, актывісты таварыства М.Л.Бячкова і К.Ф.Свірко, старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Л.М.Лукановіч.

Праходзіла канферэнцыя ў актавай зале Цэнтра дадатковай адукацыі, і перад яе пачаткам прыбыўшыя дэлагаты мелі магчымасць азнаёміцца з экспазіцыяй выставы творчых работ членаў таварыства. Гэта і вышыўка, і вязанне, і пляценне бісерам, выкананыя ўмелымі рукамі З.І.Івановай, К.Д.Равуцкай, В.П.Трацэўскай, Л.М.Бяляўскай, Г.А. Салановіч, Л.М.Лукановіч, Н.Н.Катлінскай.
Сярод іншых грамадскіх фарміраванняў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі раёна, таварыству інвалідаў належыць адметнае месца Яно налічвае ў сваіх радах 670 чалавек, у тым ліку ў г.Кіраўску — 190, аб’яднаных у 16 пярвічных арганізацый. Асаблівасць таварыства інвалідаў у тым, што існуе яно выключна на добраахвотных пачатках і аб’ядноўвае людзей, якія маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці, нярэдка — сталы ўзрост, па тых ці іншых прычынах страцілі здароўе, адным словам, з катэгорыі сацыяльна неабароненых.
Усе фінансавыя аперацыі таварыства вядуцца зыходзячы з сумы членскіх узносаў, а таксама дапамогі, штогод аказваемай іншымі грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі: “Чырвонага Крыжа”, “Белая Русь”, Фонду міру, добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, у тым ліку і індывідуальных прадпрымальнікаў — такіх, як Т.І.Мелінчан, Т.А.Кавалеўская, В.П.Сівакоў. Сумы пералічэнняў невялікія, але робяцца яны ад душы, жадання аказаць рэальную дапамогу тым, хто мае ў гэтым вострую патрэбу.
Цесная сувязь існуе паміж пярвічнымі арганізацыямі таварыства і гаспадаркамі, прадпрыемствамі, установамі раёна. Так, вытворчы аддзел райспажыўтаварыства штогод выдзяляе прадуктовыя наборы для інвалідаў I і II груп, адзінокіх інвалідаў, райкам прафсаюзаў работнікаў АПК сёлета выдзеліў па 50 тыс.руб. інвалідам I групы П.У.Ціханаву і Р.Д.Шлапакову. Штогод выдзяляе сродкі да Новага года калектыў ПМК-255, а летась да ліку спонсараў таварыства дадаўся калектыў кансервавага завода.
Як адзначыў падчас работы канферэнцыі старшыня Паўлавіцкай пярвічкі П.В.Клепча, істотна дапамагае членам таварыства базавая гаспадарка СВК “Чырвоны баец”: да святаў выдзяляюцца грашовыя сродкі ветэранам і інвалідам, выпісваецца агародніна, бясплатна — мяса ў невялікіх памерах, часткова кампенсуюцца выдаткі па аплаце рытуальных паслуг.
Супрацоўніцтва паміж таварыствам і працоўнымі калектывамі немагчымае без адказнага стаўлення да даручанай справы старшынь пярвічак. Плённа працуюць В.А.Герасімовіч, А.Н.Падаляк, П.В.Клепча, В.Р.Костка, Я.Я.Фралоў, В.У.Паляшчук, В.Я.Баяршчонак. Гэта, як адзначыла старшыня раённага таварыства інвалідаў Л.М.Лукановіч, людзі з вялікай і шчодрай душой, іх турбуе лёс інвалідаў, састарэлых, хворых і адзінокіх людзей, ветэранаў вайны і працы.
Двойчы ў год на працягу апошніх 4 гадоў таварыства атрымлівае гуманітарную дапамогу.
Але не толькі матэрыяльная падтрымка патрэбна хворым і адзінокім людзям. Ім неабходны дабрыня, сардэчнасць, чалавечы ўдзел. Бывае, што і ў вялікай сям’і можна адчуваць сябе адзінокім, і наколькі лягчэй становіцца на душы, калі цябе выслухаюць, дадуць слушную параду! Таму і ідуць у таварыства, лічыць Л.М.Лукановіч, людзі са сваімі праблемамі, за дапамогай, за добрым словам.
У раённай арганізацыі інвалідаў існуе добрае правіла віншаваць сваіх членаў са святамі, юбілеямі, наведваць хворых, не пакідаць самнасам у час смутку.
Члены арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна, яны неаднаразова прымалі ўдзел у выставах дэкарытаўна-прыкладнога мастацтва, творчых фестывалях, станавіліся іх прызёрамі і дыпламантамі.
Свае музычныя і вакальныя здольнасці члены таварыства прадэманстравалі падчас невялікага канцэрта, наладжанага пры дапамозе супрацоўніка цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валянціны Русецкай. Пад яе акампанемент на акардэоне свае песні прысутным дарылі ўдзельнікі клуба “Сяброўка Восень” Л.Д.Дворкіна, Г.А.Салановіч, З.М.Жукава, Л.М.Лагойка, заўзятыя прыпеўкі праспявала старэйшы член таварыства М.Л.Бячкова. Жаданым госцем на сцэне была і выкладчык музыкі Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Камарова, музычныя варыяцыі на скрыпцы ў выкананні якой так палюбіліся членам раённай арганізацыі інвалідаў.
Старшынёй раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” зноў выбрана Л.М.Лукановіч.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.