Адрамантаваць печку альбо заплаціць штраф?..

Літаральна штодня жыхары розных куткоў краіны становяцца ахвярамі вогненнай стыхіі. Агонь, валодаючы вялікай разбуральнай сілай, не шкадуе ні дарослых, ні дзяцей. Абсалютна кожнага з нас, незалежна ад сацыяльнага статусу і ўмоў жыцця можа напаткаць такая бяда, як пажар, а ён, у адрозненні ад злодзеяў, не пакідае нават сцен. У катэгорыі найбольш безабароненых перад каварным і бязлітасным ворагам — дзеці, адзінока пражываючыя састарэлыя людзі, грамадзяне, злоўжываючыя спіртнымі напоямі. Як папярэдзіць, засцерагчы іх ад вогненнай бяды? Над гэтым пытаннем разважалі падчас чарговага пасяджэння члены раённай камісіі па каардынацыі работы па папярэджванні гібелі людзей ад пажараў, а таксама прадстаўнікі зацікаўленых структур, грамадскасці.
— Каб засцерагчы жыхароў нашага раёна ад пажараў, гібелі ў агні, мы павінны працаваць усе разам, зладжана, адказна, — звярнуўся да прысутных начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Д.А.Рошчын. — Жыццё людзей — пад нашай агульнай адказнасцю. Супрацоўнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях, на якіх акрамя ліквідацыі пажараў ускладзена і работа па іх прафілактыцы, не па сілах самастойна ахапіць увагай усіх жыхароў Кіраўшчыны. Неабходна больш дакладна скаардынаваць работу зацікаўленых структур, прычым у ёй не можа быць фармалізму, абыякавасці, бо што можа быць даражэй за жыццё і здароўе нашых дзяцей, бацькоў, родных і блізкіх?..
Найбольш востра пытанне пажарнай бяспекі стаіць падчас ацяпляльнага сезону: застацца ў лютыя маразы без даху над галавой — асабліва горка. Напярэдадні надыходу халадоў супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях была праведзена значная прафілактычная работа сярод насельніцтва з выкарыстаннем розных форм і метадаў. Па выніках абследавання жылога сектару 537 грамадзян прыцягнуты да ад-міністрацыйнай адказнасці.
У перыяд абследавання су-працоўнікі РАНС практыкавалі наведванні дамоў і кватэр жыхароў раёна ў нерабочы час, выхадныя дні; указвалі на наяўнасць парушэнняў, інструкціравалі, як іх ухіліць; дзецям адзінока пражываючых састарэлых грамадзян высылалі пісьмы з просьбай ухіліць парушэнні правілаў пажарнай бяспекі. Аднак, на думку Д.А.Рошчына, падобныя формы работы аказаліся малаэфектыўнымі:
— На жаль, звычайныя гутаркі, лекцыі на тэму бяспекі не прыносяць жадаемых вынікаў. Многім нашым грамадзянам не хапае штуршка, каб дакладна ўсвядоміць, што ўхіленне парушэнняў патрэбна, у першую чаргу, дзеля бяспекі іх сем’яў. Магчыма, такім штуршком стане грашовае пакаранне. У перыяд чарговых абследаванняў жылога сектара да злосных парушальнікаў правілаў пажарнай бяспекі будуць прымяняцца жорсткія меры пакарання, асаб-ліва сур’ёзна будзем ставіцца да гаспадароў дамоў, у якіх доўгі час не прымаюцца меры па ўхіленні парушэнняў, сем’яў, дзе выхоўваюцца непаўнагадовыя дзеці. Нагадаю, што штраф у выпадку неўхілення парушэнняў дасягае 30 базавых велічынь. Лічу, варта задумацца: магчыма, танней адрамантаваць печку, прывесці ў парадак электраправодку, дымаход, чым плаціць штраф… Жыхарам раёна важна мець на ўвазе: мы не ставім задачай пераштрафаваць усіх, а дабіцца таго, каб у малых было бяспечнае дзяцінства, у пенсіянераў — спакойная старасць, ды і наогул, каб як мага менш людзей сутыкнуліся са страшнай бядой — пажарам.
На пасяджэнні камісіі было вырашана на перыяд ацяпляльнага сезону кожны чацвер праводзіць адзіны день прафілактыкі гібелі людзей ад пажараў. Прадстаўнікі зацікаўленых структур: РАНС і РАУС, райінспекцыі дзяржэнерганагляду, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзела адукацыі райвыканкама, сельскіх Саветаў дэпутатаў — будуць абследваць домаўладанні і кватэры жыхароў раёна. За неўхіленне парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі гаспадары жылых памяшканняў будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці.
Да супрацьпажарнай прафілактычнай работы ў сельскіх населеных пунктах прапанавана прыцягваць актывістаў вёсак, старастаў; мяркуецца трансліраваць прафілактычныя відэаролікі падчас правядзення маладзёжных культурна-масавых мерапрыемстваў, наладжваць тэматычныя выступленні школьных агітбрыгад і інш. Усе формы работы тут дарэчы — галоўнае, каб яны прыносілі плён.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.