Без асаблівых клопатаў і затрат

Анамальна цёплае надвор’е, якім вызначаецца сёлетні снежань, не павінна нікога ўводзіць у зман: зіма ўсё роўна возьме сваё. А гэта азначае, што мець запас паліва — мера зусім не лішняя. Прыгадваецца і той час, калі работу службы райпаліўзбыту ліхарадзіла ад наплыву жадаючых набыць паліва, утвараліся цэлыя чэргі.
Як складваецца сітуацыя з забеспячэннем насельніцтва і арганізацый раёна палівам зараз — наша гутарка з дырэктарам філіяла “Кіраўскі райпаліўзбыт” МАУПП “Аблпаліва” Р.Н.ДАЙНЕКАМ:

— Рыгор Назаравіч, як філіял спрацаваў па забеспячэнні насель-ніцтва і арганізацый раёна палівам у бягучым сезоне?
— За 11 месяцаў года рэалізавана 2896 тон торфабрыкету і 3268 складскіх метраў дроў. Усе, хто звярнуліся у філіял, за набыццём паліва, былі ім забяспечаны.
— Давайце нагадаем жыхарам раёна, хто мае права на набыццё паліва праз філіял.
— Грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі райцэнтра і сельскіх населеных пунтаў і не маюць у сваіх домаўладаннях цэнтральнага і газавага ацяплення.
— Якая норма водпуску паліва?
— Рашэннем райвыканкама ўстаноўлены наступныя нормы водпуску паліва грамадзянам: 3 тоны торфабрыкету і 7 складскіх метраў дроў на адно домаўладанне адзін раз у каляндарны год: з 1 студзеня па 31 снежня.
— Што патрэбна для таго, каб выпісаць паліва па фіксіраванай цане?
— Паліўныя брыкеты або дровы рэалізуюцца ўласніку, наймальніку домаўладання пры наступных умовах: домаўладанне павінна выкарыстоўвацца для пражывання, а сам факт пражывання пацвярджацца наяўнасцю прапіскі або рэгістрацыі ў дадзеным домаўладанні. І, як я ўжо адзначаў, домаўладанне не павінна быць падключана да цэнтральнага ці газавага ацяплення. Адным словам, домаўладальнік для выпіскі паліва павінен мець пры сабе дакумент, які сведчыць яго асобу, з наяўнасцю прапіскі (рэгістрацыі) па дадзеным адрасе.
— Які кошт паліва на сённяшні дзень?
— На наш погляд, вельмі прымальны. З улікам паслуг па разгрузцы і дастаўцы 3 тоны торфабрыкету ў г.Кіраўску абыдуцца ў 384 тыс. рублёў, 7 складскіх метраў дроў цуркамі — 389,5 тыс.рублёў. Для грамадзян, пражываючых у сельскіх населеных пунктах, цана паліва ўзрастае з улікам кошту паслуг па дастаўцы ў залежнасці ад адлегласці.
Між іншым, 1 тона торфабрыкету абыходзіцца філіялу (без кошту дастаўкі з завода) у 240 тыс.рублёў, а рэалізуем мы яго сёння па 105 тыс.рублёў за 1 тону. Розніца ў цане даціруецца раённым бюджэтам.
Дровы рэалізуем цуркамі. Аднак, трэба адзначыць, аказваем паслугі па колцы дроў. Кошт аднаго прычэпа (7 складскіх метраў) колатых дроў для кіраўчан складае 464,7 тыс.руб. А цяпер палічыце: вы за-плаціце прыватніку за прычэп дроў 550 — 600 тыс.рублёў, а потым за тое, каб іх пасекчы — яшчэ не менш 100 тыс. рублёў. Дык дзе больш выгадна?!
— Рыгор Назаравіч, а наколькі складана на сённяшні дзень выпісаць паліва, ці ёсць чарга?
— На дадзены момант чарга на атрыманне паліва адсутнічае. Больш таго, мы гатовы да Новага года задаволіць усе заяўкі грамадзян. Дзякуючы дапамозе кіраўніцтва райвыканкама па своечасовым фінансаванні набыцця паліва, на склады філіяла штодзённа паступае торфабрыкет і дровы ў неабходнай колькасці.
Так што, у нашых грамадзян ёсць магчымасць без асаблівых клопатаў і пераплаты папоўніць запас паліва.
Падрыхтавала
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.