Год мінулы — год наступны

Рыхтуючы святочны нумар газеты, мы, безумоўна, не маглі абысціся без традыцыйнай рубрыкі “Год мінулы — год наступны”, якая даўно “прыжылася” на старонках “Кіраўца” і дзе з дапамогай бліц-апытанняў мы падсумоўваем вынікі кожнага адыходзячага года, важныя для ўсяго раёна і знамянальныя для асобных яго грамадзян, а таксама вызначаем арыенціры на год надыходзячы.
Сённяшняе бліц-апытанне адкрывае старшыня райвыканкама Уладзімір ПІСКІЖАЎ:

— 2011 год адыходзіць у гісторыю. Сёння ўжо можна падвесці пэўныя вынікі. У склаўшыхся няпростых умовах адыходзячага года ярка праявіліся лепшыя рысы кіраўчан: працавітасць, вера ва ўласныя сілы, памяркоўнасць, уменне не пасаваць перад цяжкасцямі. Мы ў чарговы раз пацвердзілі, што згуртаванасць і мэтанакіраванасць — гэта галоўныя фактары развіцця. І невыпадкова ў 2011 годзе намі выбраны лозунг, з якім кожны павінен ісці па жыцці: “Не для сябе, не для іншых, а з усімі і для ўсіх!”
Адыходзячы год быў насычаным, неардынарным, але ў цэлым выніковым для раёна.
Кіраўскі раён стаў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод раёнаў Магілёўскай вобласці.
Выканана большасць прагнозных паказчыкаў.
Шмат зроблена для таго, каб жыццё на Кіраўшчыне станавілася яшчэ больш камфортным год ад года.
Праводзячы 2011 год, мне хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць усім, хто сумленна працаваў, верна служыў сваёй Айчыне, за ўсё, што мы зрабілі разам “…з усімі і для ўсіх!”.
Дзякуй за багаты ўраджай. За адрамантаваныя і пабудаваныя аб’екты, жыллё. За выратаванне хворых і ўмацаванне здароўя. За душэўны клопат аб нашых дзецях у садках і школах. За захаванне спакою ў нашым грамадстве. За новыя культурныя і спартыўныя дасягненні.
Нягледзячы ні на якія складанасці ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, мы не адступілі ад намечаных планаў.
Мы ўступаем у 2012 год — гэта вельмі складаны і адказны этап развіцця нашай дзяржавы. Шлях прадстаіць няпросты, але мы дакладна ведаем, што на гэтым шляху трэба зрабіць.
Як сказаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, ужо ў 2013 год мы павінны ўвайсці з абноўленай эканомікай.
Імпартазамяшчэнне павінна стаць важнейшым элементам эканамічнай палітыкі і інструментам дасягнення галоўнай мэты — выхаду на станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі.
Наша агульная задача — забяспечыць устойлівасць эканомікі і працягваць яе паступальнае развіццё.
Упэўнены, што нам па сілах выканаць намечанае. Для гэтага ў нас ёсць працавітыя і ініцыятыўныя людзі.
Паважаныя кіраўчане!
Няхай надыходзячы год стане годам новых дасягненняў і перамог, напоўніць ваш дом шчасцем і пачуццём упэўненасці ў будучым.
Моцнага вам здароўя і ўдачы ў рэалізацыі намечаных планаў на карысць роднай Кіраўшчыны!
З Новым годам!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.