І заззяла свята дзіцячымі ўсмешкамі…

У аўторак раённы Дом культуры ператварыўся ў сапраўдную навагоднюю казку. Усё наўкол свяцілася ад прамяністага бляску дзіцячых вочак, было напоўнена заўзятым смехам: хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх куткоў раёна весяліліся на свяце галоўнай навагодняй ёлкі Кіраўшчыны.
Зайчаняты, лісяняты, цудоўныя юныя прынцэсы і дракончыкі разам з любімымі казачнымі персанажамі і, вядома ж, Дзедам Марозам і Снягуркай вадзілі карагоды ля прыгажуні-ёлкі. Якое ж навагодняе свята без гульняў і віктарын, сюрпрызаў і падарункаў! З ахвотай рабяты ўдзельнічалі ў розных атракцыёнах. Дракоша і Кот Катафей дарылі дарослым і дзецям сувеніры, зробленыя рукамі выхаванцаў аддзяленняў Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў і гурткоў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Пакуль дзятва весялілася, у глядзельнай зале тым часам іх чакалі героі навагодняга прадстаўлення “Казачны круіз”. Добрая Фея разам са сваімі памочніцамі — дзяўчынкамі-сняжынкамі дала старт прадстаўленню і запрасіла на сцэну для віншаванняў намесніка старшыні райвыканкама В.У.Гаршкову:
— Гэтае навагодняе свята наладжана для юных жыхароў нашага раёна ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Акунуцца ў атмасферу навагодняй урачыстасці сюды запрасілі дзяцей-інвалідаў, рабят, якія засталіся без бацькоўскай апекі, знаходзяцца ў сацяльна небяспечным становішчы, выхаванцаў Лёўкавіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку, а таксама актыўных школьнікаў, якія дасягнулі значных асабістых вышынь, — пераможцаў алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, конкурсаў, лепшых спевакоў, танцораў, мастакоў. Выказваю шчырыя словы ўдзячнасці арганізатарам свята — старшыні райвыканкама У.У.Піскіжаву, кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, педагогам і выхавальнікам, індывідуальным прадпрымальнікам, членам грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Фонд міра”, “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа” і ўсім неабыякавым людзям, якія адгукнуліся і падарылі рабятам свята.
Ад імя райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў В.У.Гаршкова пажадала рабятам, моцнага здароўя, каб іх энергія і энтузіязм ператвараліся ў высокія дасягненні і поспехі, а дарослым — каб у іх дамах заўсёды панавалі мір, душэўная цеплыня і ўтульнасць.
Пасля ўдзячных гучных апладысментаў у адрас арганізатараў свята рабяты, іх бацькі, педагогі і выхавальнікі пачалі падарожжа па любімых казках, арганізаванае культработнікамі. Ляталі на мётлах-самалётах разам з Бабамі Ёжкамі, дапамагалі сястрыцы Алёнцы шукаць яе браціка Іванку, спрабавалі разбудзіць Ямелю, удала спраўляліся з каверзнымі заданнямі Вадзянога і Чарадзейкі. А апошнім пунктам прыпынку падарожнікаў стаў навагодні баль ў палацы прынца.
У фінале свята кожнага юнага гледача чакаў прыемны сюрпрыз — навагодні падарунак ад Дзеда Мароза.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.