Не станеш багатым, калі не будзеш эканоміць

Гэты выраз можна смела лічыць аксіёмай. Нельга ўмацаваць як свой уласны дабрабыт, так і экано-міку дзяржавы без ашчаднасці і эканоміі паліўна-энергетычных, грашовых і іншых відаў рэсурсаў, што ў цяперашніх няпростых эканамічных умовах надзвычай актуальна. Аб тым, якая работа праводзіцца ў раёне сёлета па энергазберажэнні, мы папрасілі расказаць начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама І.М.Бяржаніна:
— У сваёй штодзённай рабоце кіруемся патрабаванні Дырэктывы Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі №3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. Згодна яе распрацаваны і рэалізуюцца мерапрыемствы па эканомным выкарыстанні матэрыяльных рэсурсаў ва ўсіх сферах вытворчасці і жыллёва-камунальнай гаспадарцы.
Гэта дазволіла ў суб’ектах гаспадарання раёна з’эканоміць за студзень — кастрычнік 2011 г у супараўнальных цэнах 2371 т умоўнага паліва. Павялічылася выкарыстанне мясцовых відаў паліва: з улікам насельніцтва выкарыстана 978 т умоўнага паліва, што склала 326% да даведзенага задання.
Раёну аблвыканкамам было даведзена заданне скараціць у бягучым годзе спажыванне энергіі на 6%. За 10 прайшоўшых месяцаў яно выконвалася, чакаецца, што так будзе і па завяршэнні года.
У раёне сёлета заменены цеплавыя сеткі з выкарыстаннем труб папярэдняга ізалявання агульнай працягласцю 2,35 км.
У кацельні цэнтральнай райбальніцы заменены былы кацёл ацяплення на больш эканамічны. Яшчэ адзін плануецца замяніць тут у наступным годзе. У АСП СВК “Бераснёўскі” ААТ “Бабруйскаграмаш” сушылку М-819 на збожжатаку перавялі з імпартуемага прыроднага газу на мясцовыя віды паліва.
У СВК “Калгас “Беларусь”, а, дакладней, на Барчыцкай малочнатаварнай ферме пасля рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў укаранёны энергазберагаючыя тэхналогіі: жывёла пераведзена на бяспрывязнае ўтрыманне, і зараз для выдалення гною не затрачваецца электраэнергія — для гэтага задзейнічаны трактар.
Капітальны рамонт гімназіі горада дазволіў вырашыць і пытанні энергазберажэння: уцеплены дах навучальнай установы, ва ўсіх класах на вокнах устаноўлены шклопакеты ПВХ. У іншых арганізацыях, установах і на прадпрыемствах праведзены іншыя, больш дробныя мерапрыемствы, якія, тым не менш, істотна паўплывалі на эканомію энергарэсурсаў і, адпаведна, грашовых сродкаў.
Шэраг мерапрыемстваў па істотным зберажэнні цеплавой і электрычнай энергіі запланаваны і на наступны год. Сярод асноўных — увод у эксплуатацыю біягазавай устаноўкі ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага магутнасцю 4,8 МВт. Гэта будзе самая буйная з Заходняй Еўропе ўстаноўка з прымяненнем самых перадавых тэхналогій у біяэнергетыцы. Чакаецца, што яна дазволіць скараціць спажыванне прыроднага газу на 3,2 тыс. м3 (19%) штогод. Паралельна доля спажывання кацельна-пячнога паліва павінна зменшыцца на 9,2%. За кошт біягазавай устаноўкі плануецца атрымаць 39,3 млн. кілават-гадзін электарэнергіі, что складзе 103% яе гадавога спажывання. У планах таксама — прадоўжыць замену цеплавых сетак, выканаць шэраг іншых мерапрыемстваў па энергазберажэнні практычна ва ўсіх арганізацыях, на прадпрыемствах і ўгаспадарках раёна.
Запісаў
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.