Пакуль сябравалі — весела гулялі…

Пасля абеду, нагасцяваўшыся, Таццяна з сужыцелем і яго сябрам вярнуліся дадому. Неўзабаве прачнулася і далучылася да застолля і Ганна. Гулянка прадоўжылася.
Крыху пазней гаспадыня па нейкіх прычынах зазірнула ў спальню і заўважыла, што на ложку адсутніче пасцельная бялізна. Агледзеўшы пакой, маладая жанчына знайшла рэчы пад ложкам, яны былі мокрыя: п’яная госця абмачылася і, каб схаваць сорам, піхнула прасціну пад ложак. Раззлаваная Таццяна вярнулася ў пакой, дзе мірна працягвалі гасцяваць іншыя і ўчыніла з госцяй сварку, якая вельмі хутка перарасла ў са-праўдную бойку.
Бачачы такі паварот справы, госця зазбіралася дадому, але, калі выйшла на кухню, сварка і бойка з раз’юшанай гаспадыняй прадоўжыліся. Важкім аргументам апошняй аказалася сякера, што стаяла ля печы, ёю Таццяна нанесла, як пазней падлічылі судмедэксперты, не менш чатырох удараў абухом па галаве сваёй ахвяры. Тая ўпала на падлогу, захрыпела. Твар і валасы былі ў крыві. Таццяна спужалася, паспрабавала выцерці кроў, вярнуць да прытомнасці сяброўку, але было позна, хутка тая перастала дыхаць…
Усю гэтаю жудасную сцэну сужыцель Таццяны прапусціў, бо разамлеў ад выпітага і заснуў, не ўнёс асаблівай яснасці і госць дома, бо таксама быў на моцным падпіцці. Тым не менш, ён аказаўся побач, дапамог вынесці цела ахвяры п’янай разборкі з дому, закапаць труп на агаро-дзе. Рабіў усё гэта, як паказаў на следстве і судзе, пад прымусам Таццяны, якая, маўляў, па-гражала яму. Так гэта было ці не, меркаваць складана, адно бясспрэчна: цела маладой дзяўчыны, забітай літаральна за два тыдні да свайго 20-годдзя, закапалі зімой, як была — у шортах і майцы, у неглыбокай яме на агародзе. Без жалю і без дакораў сумлення. А інакш як растлумачыць, што пасля ўчыненага абодва спакойна вярнуліся ў дом. Гаспадар на гэты момант ужо прачнуўся, і яму расказалі аб тым, што здарылася. Узамен выпацканых крывёй ахвяры джынсаў госцю выдалі гаспадарскія штаны, і ён пайшоў дадому, а Таццяна замыла джынсы ды і легла разам з сужыцелем спаць…
Раніцай жанчына пайшла на работу, а, вярнуўшыся, убачыла, як сужыцель з прыяцелем палілі ў печы рэчы ўчарашняй госці, замывалі кроў з падлогі і сценкі печы, і нічога на гэта не сказала…
Доўгі час аб здарэнні яго ўдзельнікі і сведкі маўчалі. Вось толькі гаспадару дома ўсё часцей сталі сніцца кашмары, мучыла сумленне. Ён і сужыцельку сваю, урэшце, выставіў з дому — бачыць яе не мог. А летам 2011 года не вытрымаў такога маральнага выпрабавання і ўсё расказаў свайму брату. Той спачатку не паверыў, бо падобнае проста не ўкладвалася ў галаве. Аднак, капануўшы ва ўказаным месцы, адразу знайшоў костку… Аб гэтым яны разам паведамілі ў РАУС.
Праведзеныя следчыя дзеянні і шматлікія экспертызы даказалі ідэнтычнасць знойдзенага трупа з прапаўшай Ганнай Р., паказанні сведак і прызнанне самой злачынцы дапамаглі следчым аднавіць усю сумную карціну здарэння.
Канфліктная сітуацыя паміж сяброўкамі ўзнікла спантанна, прычынай стала распіццё спіртных напояў, а вынікам — забойства, загубленае жыццё адной маладой дзяўчыны, паламаны лёс — другой. Злачынцы на момант учынення забойства не споўнілася і 19-ці…
Суд, даючы ацэнку доказам злычынства ў іх сукупнасці па-лічыў віну абвінавачваемай поўнасцю даказанай і кваліфікаваў яе дзеянні як наўмыснае проціпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека.
Пры назначэнні віду і меры пакарання суд таксама ўлічыў характар і ступень грамадскай небяспекі ўчыненага — злачынства адносіцца да катэгорыі асабліва цяжкіх, што ўяўляе сабой павышаную грамадскую небяспеку; матыў і мэты ўчыненага; асобу вінаватай, якая раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася, па месцы жыхарства характарызавалася здавальняюча, на яе ўтрыманні знаходзіцца непаўнагадовае дзіця. Былі ўлічаны і абцяжарваючыя акалічнасці: учыненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення. На падставе ўсяго суд прыгаварыў Таццяну К. да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Марына ГАШКО,
памочнік пракурора раёна.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.