Складаемыя малочнай прыбаўкі

Упэўнена падыходзяць да фінішу бягучага года жывёлаводы АСП СВК “Бераснёўскі” ААТ “Бабруйскаграмаш”. Вытворчасць малака за 11 месяцаў склала 115,8% да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Гэта адзін з найлепшых паказчыкаў сярод сельгасарганізацый раёна.
Асноўны дойны статак гаспадаркі сканцэнтраваны на Віленскім малочнатаварным комплексе, дзе зараз утрымліваецца 460 галоў. Гурт паступова папаўняецца: летась тут было 418 рагуль, усяго ж мясцовыя памяшканні разлічаны на 500 галоў — бераснёўцы ставяць задачай у бліжэйшай перспектыве давесці пагалоўе да гэтага ўзроўню.
Трывалая кармавая база, якая створана ў гаспадарцы, дазваляе адчуваць сябе спакойна: у дастатковай колькасці, і нават з запасам, прычым усе віды корму з добрай спажыўной якасцю. Каровы на Віленскім комплексе атрымліваюць што-дзень вызначаныя порцыі сенажу, сіласу, сена, камбікорму. Дадаецца ў рацыён макуха і патака, якія таксама істотна ўплываюць на павышэнне надояў.
Чалавечы фактар, як заўсёды, адыгрывае вы-значальную ролю. Рост жывёлагадоўчай прадукцыі наўрад ці быў бы магчымым без адпаведнага стаўлення да справы жывёлаводаў. Добрых слоў заслугоўвае работа аператараў машыннага даення Людмілы Кірычук, якая працуе ў жывёлагадоўлі гаспадаркі 12 гадоў, і яе маладзейшай сяброўкі па малочным цэху Вольгі Душэўскай, стаж якой у галіне складае 5 гадоў. З пачатку года яны атрымалі ў разліку на адну карову па 4250 і 4288 кг малака адпаведна. Старанна працуе на абслугоў-ванні статка даглядчык Андрэй Печань. Шчыруюць і іншыя жывёлаводы.
Адказная работа радавых работнікаў, кантроль спецыялістаў, належнае кармленне і ўтрыманне пагалоўя, захаванне тэхналагічных прыёмаў — усё разам дазваляе мець высокія надоі. Зараз у сельгаспрадпрыемстве ад кожнай каровы атрымліваюць у сярэднім па 12 кг малака — амаль на 2 кг больш, чым у адпаведным перыядзе мінулага года. І ў той жа час у гаспадарцы ведаюць, што рэзервы для росту далёка не вычарпаны, бераснёўцы імкнуцца да больш высокіх рубяжоў.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.